Праваабаронцы: Патрабуем правесці аб’ектыўнае расследаванне смерці Алеся Пушкіна
Праваабарончыя арганізацыі выступілі з супольнай заявай з нагоды смерці ў зняволенні мастака Алеся Пушкіна.
Праваабаронцы патрабуюць “ад супрацоўнікаў пенітэнцыярных устаноў, іншых дзяржаўных устаноў, якія ажыццяўляюць вымушаную ізаляцыю (ІЧУ, ЦІП, СІЗА і інш.), і ад іх кіраўніцтва выканання Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і яе міжнародных абавязацельстваў у забеспячэнні аховы жыцця і здароўя асобаў, якія пазбаўлены волі і знаходзяцца ў ізаляцыі”.
11 чэрвеня 2023 года стала вядома, што палітзняволены беларускі мастак Алесь Пушкін памёр у рэанімацыі шпіталя.
Паведамляецца, што ў яго развіўся перытаніт, быў септычны стан і паліорганная недастатковасць. На цяперашні момант не вядомая афіцыйная прычына смерці і іншыя абставіны гэтай трагедыі. Але папярэдняя інфармацыя сведчыць, што смерць Алеся Пушкіна магла быць выклікана нясвоечасовым аказаннем належнай медыцынскай дапамогі, адзначаюць праваабаронцы.
Алесь Пушкін быў асуджаны да 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. У жніўні 2022 года адміністрацыя папраўчай установы змясціла палітзняволенага мастака на 5 месяцаў у памяшканне камернага тыпу. Падставай для крымінальнай справы, у прыватнасці, сталі мастацкія працы, размешчаныя на выставе, што праходзіла 19 сакавіка 2021 года ў незалежнай культурніцкай прасторы «Цэнтр гарадскога жыцця». У партрэтах антысавецкіх партызан пракуратура пабачыла «рэабілітацыю нацызму».
Алесь Пушкін – вядомы беларускі мастак, лаўрэат прэміі імя Францішка Аляхновіча 2019 года за «Турэмны альбом». Ён больш чым 30 гадоў выступаў за абарону беларускай мовы і здзяйсняў акцыі за свабоду выказвання ў Беларусі.
У сувязі з чарговай смерцю палітычнага зняволенага ў Беларусі праваабаронцыя арганізацыі заявілі наступнае:
“Пазбаўленне волі як пакаранне за законнае ажыццяўленне правоў, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, разам з правам на свабоду думак і іх свабоднае выказванне (артыкул 19) з’яўляецца неправамерным.
Артыкулам 6 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах замацавана, што права на жыццё з’яўляецца неад’емным правам кожнага чалавека… Яно само па сабе з’яўляецца самым каштоўным правам, уласцівым кожнай асобе, а таксама ўяўляе сабой адно з асноўных правоў, эфектыўная абарона якога з’яўляецца неабходнай умовай для ажыццяўлення ўсіх іншых правоў чалавека і склад якога можа напаўняцца з дапамогай іншых правоў чалавека.
Права на жыццё – гэта права, якое не падлягае вузкаму тлумачэнню. Размова ідзе пра права фізічных асобаў не зазнаваць дзеянні ці бяздзейнасць, якія маюць мэтай або меркавана могуць выклікаць ненатуральную ці заўчасную смерць асобы, а таксама пра права на належнае жыццё. Артыкул 6 Пакта гарантуе гэтае права ўсім людзям без выключэння, у тым ліку асобам, якія падазраюцца або асуджаны ў сувязі з нават найцяжэйшымі злачынствамі.”
Праваабаронцы адзначаюць, што гэта ўжо не першы выпадак смерці ў месцах пазбаўлення волі ў Беларусі.
“Кожны дзень тысячы зняволеных у турмах Беларусі пакутуюць ад неналежных умоваў утрымання, у тым ліку ад парушэння канстытуцыйнага права на ахову здароўя. Больш за тое, у месцах пазбаўлення волі праз неаказанне належнай медыцынскай дапамогі штогод паміраюць вязні. Праваабаронцы рэгулярна паведамляюць пра адсутнасць належнага медыцынскага агляду, кваліфікаванага медыцынскага персаналу і пра неаказанне медыцынскай дапамогі. Утрыманне некаторых палітвязняў ва ўмовах incommunicado (без сувязі са сваякамі і адвакатамі) ставіць пад сумнеў здавальняльныстан іх здароўя і з’яўляецца недапушчальнай практыкай, што парушае правы чалавека.
Важна падкрэсліць, што адбыццё пакарання ва ўмовах ізаляцыі не павінна пазбаўляць зняволеных доступу да спецыялізаванай высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі. Апроч гэтага, мы адзначаем наяўнасць паведамленняў пра ўвядзенне ўказаннем Дэпартамента выканання пакаранняў ад 29 красавіка 2023 года абмежавання (а фактычна забароны) на перадачу медыцынскіх прэпаратаў асобам, змешчаным пад варту, за выключэннем вітамінаў і інсулінаў замежнай вытворчасці”.
Праваабаонцы нагадваюць, што, як гэта пазначана Камітэтам па правах чалавека, дзяржавы-ўдзельніцы нясуць падвышанае абавязацельства клапаціцца пра прыняцце любых неабходных мераў для аховы жыцця асобаў, пазбаўленых волі дзяржавай, паколькі, арыштоўваючы асобаў, затрымліваючы, знявольваючы або іншым чынам пазбаўляючы іх волі, дзяржавы-ўдзельніцы бяруць на сябе адказнасць за клопат пра іх жыццё і фізічную недатыкальнасць, пры гэтым дзеля змяншэння такой адказнасці яны не могуць спасылацца на адсутнасць фінансавых сродкаў або на іншыя матэрыяльна-тэхнічныя праблемы.
“Мы канстатуем, што Рэспубліка Беларусь не выконвае сваіх абавязацельстваў, каб права на жыццё ў належнай ступені абаранялася законам і забяспечвалася на практыцы, што прыводзіць да такіх трагедый”.
Праваабаронцы нагадваюць, што у беларускіх турмах знаходзіцца вялікая колькасць людзей з уразлівых сацыяльных груп, для якіх зняволенне з’яўляецца яшчэ большым выпрабаваннем, чым для іншых:
Станам на канец 2022 года сярод палітвязняў было не менш за 25 пенсіянераў, а таксама не менш чым 74 асобы з інваліднасцю і цяжкімі захворваннямі.
Самую сталую з палітвязняў – 75-гадовую Наталлю Таран – асудзілі на 3,5 года калоніі. Яна дагэтуль не выйшла на волю.
“Неаказанне медыцынскай дапамогі выкарыстоўваецца ўладамі як форма ціску на палітычных вязняў, што з’яўляецца недапушчальным і можа разглядацца як катаванне або іншыя віды жорсткага, бесчалавечнага або зняважлівага для годнасці абыходжання і пакарання”, — гаворыцца ў заяве.
Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці заклікаюць Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь і Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь:
- распачаць крымінальную справу на падставе факта смерці Алеся Пушкіна
- правесці аб’ектыўнае і ўсебаковае расследаванне для вызначэння прычын гэтай трагедыі,
- праінфармаваць грамадскасць пра яго вынікі.
Праваабаронцы таксама патрабуюць “правесці праверку з нагоды іншых выпадкаў парушэння ўмоваў утрымання і права на ахову здароўя ў месцах пазбаўлення волі, у тым ліку праверыць наяўнасць кваліфікаванага медыцынскага персаналу і адпаведнага абсталявання”.
Адзначаецца, што патрабаванні выконваць Канстытуцыю і забяспечыць вязняў неабходнай медыцынскай дапамогай ніякім чынам не адмяняюць заявы беларускай праваабарончай супольнасці наконт недапушчальнасці пераследу грамадзянаў за ажыццяўленне сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў, неадкладнага вызвалення і перагляду крымінальных справаў усіх палітзняволеных у Беларусі.
Беларуская праваабарончая супольнасць таксама выказвае спачуванні сям’і, сябрам і беларускай творчай супольнасці ў сувязі са смерцю Алеся Пушкіна.
Алесь Пушкін неаднаразова трапляў пад адміністрацыйны арышт за мастацкія акцыі, некалькі разоў падчас затрымання яго збівалі супрацоўнікі міліцыі.
Упершыню Алеся Пушкіна затрымалі ў 1988 годзе за ўдзел у мітынгу на Дзяды. З таго часу мастак неаднаразова затрымліваўся за свае акцыі і перформансы, у тым ліку за перформанс у падтрымку беларускай мовы.
25 сакавіка 1989 года Алесь Пушкін зладзіў першы перформанс у абарону беларускай мовы разам з іншымі студэнтамі Тэатральна-мастацкага інстытута. Тады яго асудзілі на 2 гады зняволення ўмоўна.
У 1999 годзе Алесь Пушкін быў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна за акцыю-перформанс «Падзяка прэзідэнту». 21 ліпеня 1999 года, калі скончыўся тэрмін прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі, мастак прыкаціў да будынка прэзідэнцкай рэзідэнцыі тачку гною, пафарбаваную ў чырвоны колер, у якой ляжалі беларускія рублі, партрэт Лукашэнкі, кайданкі і варыянт Канстытуцыі з папраўкамі 1996 года.
10 снежня 2000 года на Міжнародны дзень правоў чалавека Алесь Пушкін разам з праваабарончым цэнтрам «Вясна» зладзіў выставу непадцэнзурнага мастацтва «Не дазволена цэнзурай».
У 2012 годзе падчас 10-суткавага арышту ў Смаргоні Алесь Пушкін стварыў шэраг малюнкаў «Мастак за кратамі».