Алеся Пушкіна пахаваюць 13 ліпеня на радзіме ў вёсцы Бобр
Папярэдне, пахавальная служба ў царкве пачнецца ў 12:30 13 ліпеня. Перад гэтым труна з целам Алеся будзе стаяць у яго дома, усе ахвотныя могуць прыехаць і з ім развітацца.
Цела Алеся Пушкіна плануюць прывезці ў вёску Бобр Крупскага раёна сёння, 12 ліпеня, каля 21-й гадзіны.
Нагадаем, 11 ліпеня стала вядома, што палітвязень Алесь Пушкін, якому было 57 гадоў, памёр у Гродна ў рэанімацыі пры нявысветленых абставінах.
Алесь Пушкін нарадзіўся 6 жніўня 1965 года ў вёсцы Бобр Крупскага раёна Мінскай вобласці, дзе і жыў да арышту ў 2021 годзе.
У 1978 годзе Алесь паступіў у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Івана Ахрэмчыка. Вучыўся ў мастака Пятра Шарыпы да 1983 года, затым паступіў на курс манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў).
У 1984 годзе Пушкін трапіў у Савецкую Армію, служыў у Афганістане. У войску вёў дзённік на беларускай мове. Дзённік Пушкіна прызналі антысавецкім. У 1986 годзе Алесь дэмабілізаваўся і працягнуў вучобу.
Пушкін — рэдкі ў Беларусі сертыфікаваны спецыяліст па рэстаўрацыі. Ён аднаўляў і распісваў шмат гістарычных аб’ектаў, касцёлаў і цэркваў.
Алесь Пушкін быў жанаты. У яго засталася жонка Яніна, сын і дачка. Яніна працуе настаўніцай у школе, сын паступіў ва ўніверсітэт, дачка вучыцца ў школе.
Алеся затрымалі 30 сакавіка 2021 года ў вёсцы Жылічы супрацоўнікі МУС. Ноччу з 26 на 27 сакавіка ў доме Пушкіна адбыўся ператрус. Яго абвінавацілі ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 Крымінальнага кодэкса) і ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (ч.3 арт. 130 КК).
Падчас адного з судовых пасяджэнняў, 25 сакавіка 2022 года, Алесь Пушкін парэзаў сабе жывот у знак пратэсту. За гэта яго на 13 сутак змясцілі ў карцар.
30 сакавіка 2022 года Пушкіна асудзілі да 5 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму. Адміністрацыя калоніі №22, што ў Івацэвічах, у жніўні таго ж года пакарала Пушкіна пяццю месяцамі ў ПКТ.
11 лістапада суд Івацэвіцкага раёна прыняў рашэнне ўзмацніць пакаранне Пушкіну і перавесці яго ў турму. Рашэнне прыняў суддзя Аляксандр Кірыловіч, які ўзмацніў пакаранне і палітвязню Сцяпану Латыпаву.