«Свядома ідуць па жывых людзях». На сына Анатоля Лябедзькі завялі крымінальную справу

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Арцёму Лябедзьку інкрымінуюць арт. 361-2 КК (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці). Ён пераведзены з Акрэсціна ў СІЗА-1 на Валадарскага.

Фота з фэйсбука Анатоля Лябедзькі

Фота з фэйсбука Анатоля Лябедзькі

Супраць сына палітыка Анатоля Лябедзькі завялі крымінальную справу. Які артыкул прад’яўлены Арцёму Лябедзьку, пакуль невядома.

«Патрэбны быў нейкі час каб выдыхнуць…, — напісаў у фэйсбуку Анатоль Лябедзька. — Арцёма не выпусцілі з засценкаў. Акрэсціна змяняе Валадарка. Хлуслівыя, ад першай літары да апошняга слова пратаколы адміністрацыйнай справы і 30 содняў здзеку і катаванняў у самай мярзотнай турме Еўропы.

Зараз фабрыкацыя крымінальнай справы. Вышэйшы пілатаж бесчалавечнасці і мярзотнасці. Свядома, мэтанакіравана ідуць па жывых людзях, па сям’і, па дзіцяці. Пад падэшвай беззаконня хлюпаюць слёзы, хрусцяць косці, крываточыць боль».

«За сваё жыццё я перажываў самыя розныя эмоцыі і пачуцці, але нянавісць толькі зараз. І нічога з гэтым зрабіць немагчыма. Яна зараз мой спадарожнік па жыцці», — дадаў Анатоль Лябедзька.

Пра затрыманне Арцёма Лябедзькі стала вядома 28 сакавіка. Пасля гэтага яго двойчы арыштоўвалі на 15 сутак паводле абсурдных абвінавачанняў.

Анатоль Лябедзька ўпэўнены, што Арцёма затрымалі выключна за тое, што ён сын апазіцыйнага палітыка.

«Майму сыну 37 гадоў, ён дарослы самастойны мужчына, у яго есць жонка і 4-гадовая дачка. Ён выдатны чалавек, беларус, еўрапеец.

Арцём працуе ў прыватнай фірме і палітыкай ніколі не займаўся. У нашай сям’і наогул ніколі не было такіх мэтаў, выбудоўваць нейкую дынастыю палітыкаў.

Такога імкнення не было ні ў тыя часы, калі я быў дэпутатам парламента ці лідарам партыі, ні цяпер», — адзначаў Лябедзька.

Напрыканцы сакавіка па Арцёма дадому, меркавана, прыязджалі супрацоўнікі КДБ. Але пратакол на хлопца склалі за тое, што ён нібыта прыйшоў да будынка РУУСа, лаяўся там і чапляўся да людзей.

«Адзін так званы сведка казаў, што ён нічога такога не заўважыў, але іншы засведчыў як трэба. І гэтага ўжо было дастаткова, каб «выпісаць» яму 15 сутак. Мы дакладна не ведаем, хто да яго прыходзіў з вобшукам. Але наколькі я разумею, то, меркавана, яго затрымлівалі супрацоўнікі КДБ, бо яны звычайна паводзяць сябе больш культурна, чым губазаўцы. Жонка і маці былі сведкамі яго затрымання, але тыя сілавікі казалі ім, што забіраюць Арцёма на гутарку і што вечарам ён ужо будзе дома.

У РУУС Кастрычніцкага раёна яго даставілі ўжо а 20-й гадзіне. Выглядае, што быццам бы толькі з гэтага часу пачаліся яго правапарушэнні. Таму нам дакладна не вядома, у якім ён быў статусе, пакуль ішоў вобшук, дзе ён быў потым і што з ім рабілі да 20-й гадзіны, пакуль на яго не завялі пратакол у пастарунку», — казаў Анатоль Лябедзька.

Другі раз 15 сутак сыну Лябедзькі далі нібыта за тое, што ён ужо ў пастарунку не падпарадкоўваўся законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі і аказваў ім супраціў.

«Пра тое, што ім няма чаго яму прад'явіць, кажуць артыкулы, па якіх судзяць Арцёма. «Непадпарадкаванне» — гэта менавіта тое, у чым вінавацяць людзей, калі яны нічога не парушалі нават з улікам бягучай сітуацыі, але пакараць чалавека ўсё адно трэба», — упэўнены палітык.

Лябедзька кажа, што абмяркоўваў з сынам пытанні, датычныя яго ад’езду з Беларусі, але той адмаўляўся, бо для яго было важна заставацца жыць у Беларусі.