Лябедзька: «Мы бачым, што месца Лукашэнку ў еўрапейскай палітыцы проста няма»

З канстытуцыйнай рэформы ў Беларусі бонусы атрымае найперш Крэмль, лічыць Анатоль Лябедзька.

_mileks_2021___armija__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__7__logo_1.jpg

Анатоль Лябедзька, каментуючы нядаўнія перамовы Пуціна з Макронам, нагадаў, што падчас іх падымалася тэма беларускай Канстытуцыі, і звярнуў увагу на тое, што гэтае пытанне абмяркоўвалася без беларускага кіраўніка, паведамляе «Салідарнасць».

— Ва ўсім гэтым няма месца для Аляксандра Лукашэнкі. Ён сапраўды губляе суб'ектнасць і выглядае ў апошні час не тое як ад'ютант па асаблівых даручэннях, не тое як прэс-сакратар расійскага прэзідэнта. Мы бачым, што месца Лукашэнку ў еўрапейскай палітыцы проста няма, —падкрэсліў Лябедзька.

Палітык ацаніў магчымыя наступствы маючай адбыцца канстытуцыйнай рэформы ў Беларусі.

— Бонусаатрымальнікам гэтай рэформы, у першую чаргу, з'яўляецца Крэмль, Расія, Уладзімір Пуцін. Яны сапраўды атрымліваюць магчымасць для пэўнага шантажу ў дачыненні да ЕС і еўраатлантычнай прасторы.

Здымаюцца, хай і фармальныя, прававыя бар'еры для таго, каб размяшчаць ядзерную зброю або казаць пра пагрозу такога размяшчэння. Таксама ствараецца перспектыва для таго, каб ваенныя цэнтры, якія цяпер ужо ёсць у Беларусі, ператварыліся ў ваенныя базы. Розніца ў тым, што ў цэнтрах адбываецца навучанне беларускіх вайскоўцаў, а вайсковая база — гэта прысутнасць вайскоўцаў іншай дзяржавы на тэрыторыі вашай краіны. Наступствы гэтага мы добра ведаем на прыкладзе Украіны, — нагадаў палітык.

Аналізуючы рызыкі і пагрозы змены Канстытуцыі, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе параўноўвае параўнаць праекты дзвюх Канстытуцый — беларускага рэжыму і дэмакратычных сілаў.

— Аляксандр Лукашэнка прапануе зрабіць Беларусь тэрыторыяй, на якой можа размяшчацца ядзерная зброя. Гэта азначае, што ў тыя пункты, дзе будзе размяшчацца ядзерная зброя, будуць накіраваныя ракеты іншых ваенных блокаў. І гэта нясе новыя рызыкі і пагрозы для грамадзян Беларусі.

Па-другое, Аляксандр Лукашэнка прапануе адмовіцца ад імкнення Беларусі да нейтральнага статусу. Наступствы гэтага таксама відавочныя: размяшчэнне чужых вайсковых баз на тэрыторыі Беларусі і высокая верагоднасць беларускім хлопцам служыць у гарачых кропках, дзе няма нацыянальных інтарэсаў Беларусі. Вось за што прапануюць галасаваць на рэферэндуме 27 лютага.

А вось што прапануе Канстытуцыя дэмакратычных сіл. Артыкулам 6 праекта гэтай Канстытуцыі мы замацоўваем імкненне Беларусі да статусу пастаяннага нейтралітэту. Па-другое, мы выразна і ясна заяўляем, што Беларусь — гэта тэрыторыя, свабодная ад любых відаў зброі масавага паражэння. Гэта не толькі ядзерная зброя, але і бактэрыялагічная, і іншая. Такой зброі не можа быць на тэрыторыі Беларусі, — падкрэсліў Лябедзька.