Улады патлумачылі праваабаронцу Левінаву, чаму беларусы замежжа не змогуць прагаласаваць
Але нават калі Павел Левінаў прачытаў пісьмовыя тлумачэнні ЦВК і МЗС прычын, чаму галасы беларусаў замежжа не маюць вагі, сітуацыя не праяснілася. Праваабаронца робіць выснову, што вынікі рэферэндуму бясспрэчна адлюструюць волю ўладаў, а таму абсалютна не залежаць ад меркаванняў грамадскасці.
Віцебскі праваабаронца, які знаходзіцца цяпер за
межамі Беларусі, звярнуўся ў Міністэрства замежных спраў і Цэнтрвыбаркам наконт
парушэння правоў беларусаў, якія жывуць за мяжой і таму не змогуць удзельнічаць
у так званым «рэферэндуме». Нядаўна Павел Левінаў атрымаў адказы з ведамстваў,
паведамляюць праваабаронцы.
Падставай для звароту стала выказванне прэс-сакратара МЗС Рэспублікі Беларусь Анатоля Глаза пра тое, што міністэрствам прынята «абсалютна лагічнае і абгрунтаванае рашэнне не ўтвараць участкі для ўдзелу ў рэферэндуме за мяжой у сувязі з няўпэўненасцю ў захаванні іх бяспекі з боку ўладаў краін знаходжання».
У звароце праваабаронца спасылаўся на арт.37 Канстытуцыі, паводле якога грамадзяне краіны маюць права на ўдзел у рашэнні дзяржаўных справаў як непасрэдна, гэтак і праз свабодна абраных прадстаўнікоў. А таксама — на арт. 33, які гарантуе кожнаму свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне. Павел Левінаў нагадаў і пра міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, і пра заўвагі агульнага парадку №25, дзе гаворыцца, што права галасаваць на рэферэндумах падлягае толькі разумным абмежаванням, прыкладам, як вызначэнне мінімальнага ўзросту для атрымання права голасу.
Атрыманымі адказамі з МЗС і ЦВК праваабаронца застаўся незадаволены, бо гэтыя структуры не ўзяліся вырашаць праблему.
«ЦВК даслаў адказ пра тое, што ўтварэнне ўчасткаў для галасавання ёсць прэрагатывай дыпламатычных прадстаўніцтваў у замежных краінах, і МЗС палічыў немэтазгодным іх утвараць у сілу аб’ектыўных прычынаў. А намеснік міністра замежных справаў Мікалай Барысевіч напісаў у сваім адказе, што дыпламатычныя прадстаўніцтвы Рэспублікі Беларусь не бяруцца гарантаваць бяспеку жыцця і здароўя беларускіх грамадзянаў, таму ўчасткаў для галасавання на рэферэндуме за мяжой не будзе. А тым, хто ўсё ж-такі хоча ўзяць удзел у рэферэндуме, спадар Барысевіч раіць прыехаць у Беларусь і пайсці на ўчастак па месцы жыхарства. З улікам гэтай магчымасці правы беларусаў не парушаныя, лічыць намеснік міністра», — кажа Павел Левінаў.
Праваабаронца нагадвае, што скарыстацца падобнай магчымасцю вельмі праблематычна: праз наземныя пункты пропуску ў Рэспубліку Беларусь заехаць можна, але выехаць назад раней як праз тры месяцы не атрымаецца. Што да паветранага транспарту, то самалёты з большасці дзяржаваў не толькі не садзяцца, а наогул аблятаюць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Да ўсяго, каб узяць удзел у рэферэндуме, МЗС прапануе грамадзянам сваёй краіны прыехаць у Беларусь за ўласны кошт, а гэта немалыя выдаткі.
Адказаў на пытанні, чаму сёлета нельга ўтварыць участкі на тэрыторыі амбасадаў Рэспублікі Беларусь, як раней бывала на выбарах, і чаму паўстала праблема захавання бяспекі людзей, Павел Левінаў так і не атрымаў.
На ягоную думку, тлумачэнне сітуацыі вельмі простае: галасы беларусаў замежжа не маюць вагі не таму, што іх мала (менш за 1% ад колькасці патэнцыйных удзельнікаў, паводле прэс-сакратара МЗС Анатоля Глаза), а з той прычыны, што вынікі рэферэндуму бясспрэчна адлюструюць волю ўладаў, а таму абсалютна не залежаць ад меркаванняў грамадскасці.