Станіслаў Шушкевіч: «Тупая прапагандысцкая машына працуе бесперапынна»
«Нам няма чаго адстойваць ваенным шляхам ні ва Украіне, ні на Курылах, ні ў Кітаі». Экс-старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі выказаў «Народнай Волі» сваё стаўленне да рэферэндуму, змен у Канстытуцыю і сітуацыі ў краіне.
— Я здагадваюся, як узнікла ідэя правядзення рэферэндуму і ўнясення змен у Асноўны закон, — кажа Станіслаў Шушкевіч. — Падзеі 2020 года падштурхнулі да гэтага, бо яны паказалі, што старая схема падману людзей не працуе — і сотні тысяч чалавек выйшлі з пратэстамі супраць несправядлівых выбараў. Але для мяне відавочна, што ніякіх змен у бок дэмакратыі ў краіне не будзе. Гэта адназначна.
— Што, рэферэндум не зменіць жыццё простага беларуса?
— А як змянілася жыццё беларусаў пасля рэферэндуму 1996 года, калі было ўзаконена, што прэзідэнт можа абірацца колькі заўгодна разоў? Але не можа адзін чалавек кіраваць краінай каля 30 гадоў. Мы ж не ў Афрыцы жывём, а ў цэнтры Еўропы.
Дарэчы, я лічу, што была нармальная Канстытуцыя 1994 года, але яе сапсаваў былы кіраўнік Вярхоўнага Савета Мечыслаў Грыб, які дазволіў 38 артыкулаў прыняць адным галасаваннем. З пазіцыі канстытуцыйнага права гэта было злачынствам, але Грыб на такое пайшоў, бо, відаць, чакаў для сябе добрую пасаду.
Калі будзе прынята новая Канстытуцыя, то гэта будзе азначаць вяртанне ў савецкія часы. Што гэта за Усебеларускі народны сход? Хто будзе абіраць дэлегатаў на гэты сход? Народам будуць прыкрывацца, а насамрэч кандыдатуры будуць зацвярджацца ў іншых кабінетах. У савецкія часы ўсё вырашала партыя і яе лідары, і зараз фактычна будзе тое самае.
— Беларусы, якія знаходзяцца за мяжой, не змогуць узяць удзел у рэферэндуме. Маўляў, там нязначная частка беларусаў, якая стаіць на консульскім уліку, а таксама з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі. Канстытуцыя хіба не гарантуе кожнаму грамадзяніну, што яго голас будзе ўлічаны?
— Калі ў краіне «часам не да законаў», то што можна казаць пра такія рэчы, як пазбаўленне права голасу беларусаў за мяжой?..
— На ваш погляд, ці зацікаўлена Масква, каб была прынята новая Канстытуцыя?
— Адно магу сказаць: кандыдатура Аляксандра Лукашэнкі, яго паводзіны цалкам задавальняюць Крэмль.
— Калі раней галоўнай тэзай беларускай прапаганды было тое, што ў нас няма вайны, то апошнім часам рыторыка змянілася, ваенная тэматыка ўсё часцей гучыць з вуснаў высокіх чыноўнікаў, ідуць пагрозы ў бок Украіны. На ваш погляд, наколькі рэальна, што Беларусь можа быць уцягнутая ў ваенны канфлікт?
— Найперш хачу сказаць, што нам няма чаго адстойваць ваенным шляхам ні ва Украіне, ні на Курылах, ні ў Кітаі. Лепш бы займаліся сваімі праблемамі, праблемамі беларусаў, а іх нямала. Якія інтарэсы былі ў Савецкага Саюза ў Афганістане? Толькі палітычныя. А колькі маладых хлопцаў праз гэта палягло ў зямлю! І за што?! Што мы выйгралі ў выніку? Нічога, а маці страцілі сыноў, якіх прывезлі дадому ў цынкавых трунах.
Але я і насамрэч бачу, як у тых, хто пры ўладзе, і заангажаваных прапагандыстаў змянілася апошнім часам рыторыка, загучала ваенная тэма. І гэта замест таго, каб казаць, што краіне неабходна пазбаўляцца залежнасці ад Крамля…
— Прамываюць людзям мазгі…
— Так, тупая прапагандысцкая машына працуе бесперапынна. Да таго ж я бачу, што і расійская прапаганда працуе ў гэтым жа кірунку. Амерыканцы ўжо даўно прынялі закон, што Кангрэс не ўмешваецца ў справы тэлебачання і друку, а ў Беларусі незалежныя сродкі масавай інфармацыі наогул практычна зачысцілі. Натуральна, моладзь беларускае тэлебачанне не глядзіць, але ж сталыя людзі ў рэгіёнах у асноўным чэрпаюць інфармацыю менавіта адтуль. І ў іх складваецца ўяўленне, далёкае ад рэальнасці.
— Калі вярнуцца да рэферэндуму… Ці ёсць асабіста ў вас нейкія прапановы па зменах у Канстытуцыю?
— Я бачу адзін варыянт. Без фальсіфікацый вынікаў галасавання абіраецца прэзідэнт, а далей парламент прымае Асноўны закон. І калі парламент яго прыме ў некалькіх чытаннях, то тады ўжо дакумент можна будзе выносіць на рэферэндум. Але ў нас усё перавярнулі з ног на галаву. Такі і вынік будзе…