Хронікі рэпрэсій за 15 мая: Васюковіч вынес з «Валадаркі» насценны малюнак мастака Алеся Пушкіна

Фатограф Аляксандр Васюковіч распавёў, як пабачыў у адной з камер на сцяне малюнак – рысачкі, якія маляваў Алесь Пушкін: «Я папрасіў сваіх, каб мне пераслалі ў перадачы кальку, каб можна было яго скапіяваць. І я зрабіў гэта. І ў выніку вынес на свабоду». Абнавілася расійская база вышуку — туды дадалі 400 беларусаў за тры месяцы, паведамляюць праваабаронцы.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1.webp
  • 400 беларусаў дадалі ў расійскую базу вышуку за тры месяцы

Больш за 30 імёнаў з 400 — былыя палітвязні. Шукаюць і Міхаіла Жамчужнага, які выйшаў на волю ў 2021 годзе, а таксама завочна асуджаных да двух гадоў калоніі Аляксандра Цярлюка, Анатоля Астроўскага і Віктара Пузана.

У спісе апынуўся таксама доктар-рэаніматолаг Уладзімір Мартаў, якога затрымалі ў Расіі. У вышук абвешчаныя пазбаўленая ліцэнзіі адвакатка Алена Шынкарэвіч і суддзя Аляксей Пацко, праваабаронца Алена Маслюкова.

Глядзіце таксама

Шукаюць актывістаў Ігара Случака і Аліну Нагорную, рэдактара інтэрнэт-выдання «Витебский курьер news» Аляксандра Корнышава, давераную асобу кандыдаткі ў прэзідэнты Канапацкай Ежы Грыгенчы, актывістку АГП Надзею Гацак, святара з Гродна Георгія Роя. Сілавікі шукаюць і жонку журналіста Змітра Лупача Кацярыну і жонку палітвязня Паўла Мажэйкі Ірыну Чарняўку.

  • Пад Санкт-Пецярбургам затрымалі вядомага беларускага доктара Уладзіміра Мартава

Мартаў быў загадчыкам аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Віцебскай бальніцы хуткай дапамогі, але потым яго сталі абвінавачваць у «стварэнні экстрэмісцкага фармавання» — за інтэрв'ю і падкаст.

Доктар ад пераследу з’ехаў у Расію.

Паведамляецца, што ў Беларусі Мартаву завочна абраная мера стрымання ў выглядзе арышту. Пакуль што ён дастаўлены ў 87 аддзел паліцыі па Усевалажскаму раёну Ленінградскай вобласці.

Глядзіце таксама

  • Фатограф Аляксандр Васюковіч вынес з «Валадаркі» насценны малюнак мастака Алеся Пушкіна

Пра гэта Аляксандр Васюковіч распавёў у інтэрв'ю «Белсату».

«Гэта была першая камера, у якую я трапіў на Валадарцы, у так званым шанхаі. У ёй утрымліваліся 24 чалавекі. Да мяне там нехта і з «Litesound» сядзеў, і Алесь Пушкін таксама. Дык вось, мне паказалі малюнак – рысачкі, якія маляваў на сцяне Алесь Пушкін. Я папрасіў сваіх, каб мне пераслалі ў перадачы кальку, каб можна было яго скапіяваць. І я зрабіў гэта. І ў выніку вынес на свабоду.

Вельмі балюча было гэта ўсё бачыць, таму што я быў да гэтага на пахаванні Алеся… І, блін, не ведаю, мне падалося, што ўсё, што я мог зрабіць, – гэта вынесці адтуль тую штуку. Для гісторыі».

maljunak_puszkina_valadarka.jpg
  • Палітзняволеная Алеся Буневіч цалкам адбыла тэрмін і выйшла на волю

Алесю затрымалі ў красавіку 2022-га году, калі яна вярнулся з Літвы ў Беларусь. Буневіч абвінавацілі ў тым, што яна мусіла дапамагчы «рэйкавым партызанам» выехаць з Беларусі.

Спачатку яе вінавацілі ў «здзяйсненні тэрарыстычнага акта групай асоб па папярэдняй змове», але пасля справу перакваліфікавалі на «наўмыснае незаконнае перасячэнне мяжы арганізаванай групай» (ч. 3 арт. 371 КК РБ). Вядома, што сваёй віны яна не прызнала.

17 лістапада 2022 года ёй прысудзілі 3,5 года калоніі. Але на апеляцыі, якая прайшла 31 студзеня 2023-га, прысуд зменшылі на год.

Глядзіце таксама

  • Павел Сапелка распавёў пра турэмную ахову здароўя: «Пра ўзаемаадносіны з турэмнай медыцынай атрыманыя дзясяткі сведчанняў былых палітвязняў і былых асуджаных, яны часам гнятуць. Здаецца, гэтая сістэма шмат у чым расчалавечаная, і праблема тут не толькі і не столькі ў аб'ектыўных абставінах, яна ў беспакаранасці».
  • Адзінокую маці судзяць у Мінску па трох пратэсных артыкулах
szablinskaja_ivanova.jpg

Мінскі гарадскі суд пачынае разгляд крымінальнай справы Кацярыны Шаблінскай-Івановай. Яе судзяць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1 арт. 130 КК («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы»), ч. 3 арт. 361 КК («Заклікі да мер абмежавальнага характару, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі»), ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

Справу прызначаная разглядаць суддзя Алена Шылько.

Кацярына — мінчанка, ёй 33 гады. Да затрымання, якое, меркавана, адбылося напачатку верасня 2023 года, адна выхоўвала 6-гадовага сына.

  • Прызначана дата апеляцыі па справе палітзняволенага Аляксандра Зіязэтдзінава 
aljaksandra_zijazetdzinava.jpg

Палітзняволенага айцішніка восенню 2022 года ўжо асудзілі паводле ч. 1 арт. 361-2 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) да трох гадоў калоніі за перавод крыптавалюты ў BYPOL. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў шклоўскую калонію № 17.

Але 29 лютага ў Мінскім гарадскім судзе яго зноўку пачалі судзіць. Айцішніка абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 361-2 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 2 арт. 290-1 (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці). Мужчыне пагражала да 15 гадоў калоніі. Справу разглядала суддзя Алена Шылько, але вынік пакуль невядомы. Некалькі месяцаў таму выйшаў прапагандысцкі фільм з ім, дзе ён распавёў пра водкуп і прашэнне аб памілаванні.

У Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме 17 траўня адбудзецца разгляд апеляцыйнай скаргі палітвязня. Рашэнне будзе прымаць суддзя Эдгар Марцірасян.

  • Сілавікі затрымалі майстра па рамонце ноўтбукаў
majstar_zatrymanne.jpg

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі, што «мужчына пабудаваў кватэру з дзяржпадтрымкай», але быў падпісаны на «экстрэмісцкія» рэсурсы і пакідаў у іх каментары.

  • У Гродне за каментары ў тэлеграме судзяць жыхара Ліды

У Гродзенскім абласным судзе на 15 траўня прызначаны разгляд крымінальнай справы жыхара Ліды Паўла Лукашэвіча. Яго абвінавачаваюць у «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК), «абразе суддзі альбо народнага заседацеля» (арт. 391 КК) і «стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім» (ч. 3 арт. 361-1 КК).

Справу будзе разглядаць суддзя Юрый Казакевіч.

Павел працаваў у філіяле кампаніі «Белтэкс оптык». Яго затрымалі 22 верасня 2023 года і першапачаткова пакаралі адміністрацыйным арыштам на 15 сутак.