Хронікі рэпрэсій за 23 лютага
Аблавы ў Жыткавічах і Петрыкаве, затрыманне пастара евангельскай царквы і «экстрэміст» Чалы — такія навіны сённяшняга дня знутры Беларусі.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1198 дзён, Дзяніс — 1078 дзён.
***
Гомельскі праўладны тэлеграм-канал апублікаваў відэа аб затрыманні спецпадраздзяленнем «Буран» шасцярых чалавек у Петрыкаве і Жыткавічах.
Паводле інфармацыі «Медыязоны», аднаго з затрыманых завуць Дзмітрый Ярашэня. Як сцвярджаюць аўтары канала, затрыманні звязаны з падпіскамі на «экстрэмісцкія каналы».
Адзін з затрыманых на камеру кажа, што «дапусціў крытычнае выказванне ў адрас Лукашэнкі».
***
Аляксандр Зарэцкі, пастар евангельскай царквы Новалукомля, быў учора затрыманы за тое, што падчас набажэнстваў у яго абшчыне гучала малітва за спыненне вайны ва Украіне, піша «Хрысціянская візія».
Раней мясцовыя ідэолагі неаднаразова выказвалі прэтэнзіі пастару з гэтай нагоды і пагражалі пераследам. Незадаволенасць улад выклікала і тое, што пастар таксама адмаўляўся ўдзельнічаць у палітычных мерапрыемствах, якія яны ладзяць.
Зарэцкі і яго абшчына падвяргаліся пераследу з боку сілавікоў ужо не раз. У ліпені 2021 года ў пастара адбываўся ператрус, 20 красавіка 2023 года пастар быў затрыманы па арт.19.11 КаАП РБ за лайкі і каментары да матэрыялаў з інтэрнэт-рэсурсаў, прызнаных «экстрэмісцкімі». Пастар двойчы запар атрымаў арышт на 15 сутак, правёўшы за кратамі месяц.
***
Сілавікі затрымалі жыхара Брэстчыны за «абразы прадстаўнікоў улады падчас выбараў».
На відэа, запісаным пад прымусам, мужчына кажа, што нібыта пакідаў абразлівыя каментары, таму што не валодаў дастатковай інфармацыяй пра падзеі ў краіне і быў пад уплывам «экстрэмісцкіх сайтаў», піша «Салідарнасць».
У дачыненні да затрыманага адкрылі крымінальныя справы паводле арт.368 КК («Абраза Лукашэнкі») і арт.369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»), паведамляюць праваабаронцы.
***
Следчы камітэт пачаў «спецыяльную вытворчасць» супраць дзевяцярых чалавек. Інфармацыя пра гэта апублікавана ў тэлеграм-канале камітэта.
Сярод тых, хто трапіў у спіс — Віталь Пахомчык, Віктар Пузан, Генадзь Гутар, Ірына Сталока, Аляксандр Церлюк, Анатоль Астроўскі, Людміла Арастовіч, Вольга і Яўген Пруднікавы.
Іх усіх абвінавачваюць у «грубым парушэнні парадку» (ч.1 арт.342 КК). Віталя Пахомчыка — яшчэ і ў «абразе прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК), паведамляе «Медыязона».
Пахомчык — жыхар Паставаў і ўладальнік трэніровачнай залы «РэЖым». Генадзь Гутар працаваў мытным інспектарам.
***
Сацсеткі праектаў Сяргея Чалага прызнаны «экстрэмісцкімі».
Гаворка пра старонкі ў Tik-Tok Faсebook, Youtube. Адпаведнае рашэнне прынята судом Цэнтральнага раёна Мінска 19 лютага, піша «Вясна».
Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі:
- Telegram-канал «Беларусы и Ко в Эстонии 97%»;
- Старонка ў «Аднакласніках» «Беларусь За перемены»;
- TikTok-старонкі «EIZ 2.0», «шлях да перамогi», «witzmag».
***
У «спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 30 чалавек. Цяпер у ім 3819 прозвішчаў.
23 лютага МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці», паведамляе «Салідарнасць».
Сярод іншых, у спіс дадалі палітвязняў: Анастасію Пакаташкіну, Івана Вярбіцкага, Дзмітрыя Нешту.
***
Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 386 дзён, Максіма Знака — 379 дзён, Мікалая Статкевіча — 377 дзён, Ігара Лосіка — 369 дзён, Віктара Бабарыкі — 304 дні, Сяргея Ціханоўскага — 234 дні, Уладзіміра Гундара — 203 дні.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1419 палітвязняў.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзіцца 1615 чалавек. Сярод іх — 188 жанчын і 6 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.