Хронікі рэпрэсій за 30 траўня: Прысуд Яўгену Меркісу і пазбаўленне ліцэнзій 4 адвакатаў

Асноўныя навіны пра палітычны пераслед у Беларусі за 30 траўня. Стала вядома, калі пачнуць судзіць праваабаронцу Насту Лойку.

_kaljuczka___kraty___njavolja__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo_1.jpg


  • Праваабаронцу Насту Лойку пачнуць судзіць 13 чэрвеня

Справу палітзняволенай будуць разглядаць у Мінскім гарадскім судзе. Працэс будзе весці суддзя Алена Шылько.

Праваабаронцу затрымалі 28 кастрычніка 2022 года. Насту абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці). Падставай для гэтага зрабіўся нібыта ўдзел праваабаронцы ў напісанні справаздачы аб пераследзе анархісцкай супольнасці ў Беларусі за 2018 год: у дакладзе даецца крытычная ацэнка дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі.

Вядома, што Наста за кратамі пакутуе ад праблемаў са страўнікам. Яна веганка і таму не можа есці тое, чым кормяць на «Валадарцы». Даводзіцца харчавацца толькі тым, што атрымлівае з волі праз перадачы і што можна набыць у турэмнай краме. 

  • Журналіста і краязнаўцу Яўгена Меркіса асудзілі на чатыры гады калоніі

Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме, таму дагэтуль падрабязнасці справы былі невядомыя. Аднак праўладная газета агучыла дэталі яго судовай справы. Паводле прапагандыстаў, Яўген адпраўляў тэлеграм-каналам звесткі аб перасоўванні вайсковай тэхнікі. Таксама яны паведамляюць, што Меркіс працаваў для тэлеканала, які ўлады прызналі экстрэмісцкім. 

 

  • Мінюст пазбавіў ліцэнзіі чацвярых адвакатаў

Ліцэнзіі пазбавілі адвакатаў Аляксандра Уласевіча і Святлану Якушаву з Віцебскай абласной калегіі адвакатаў. Дзеянне іх ліцэнзіі спыняецца «ў сувязі са здзяйсненнем імі правін, не сумяшчальных са званнем адваката».

Ліцэнзіі таксама пазбавіліся адвакаты Юрый Козікаў і Арцём Сям'янаў, якіх раней выключылі з Мінскай абласной калегіі адвакатаў «за ўчыненне правін, не сумяшчальных са званнем адваката».

Юрый Козікаў — муж Ірыны Козікавай, сястры Максіма Знака. Ён абараняў Максіма і былога следчага Яўгена Юшкевіча. Арцём Сям'янаў абараняў праваабаронцу Валянціна Стэфановіча, Таццяну Кузіну, Ігара Лосіка, Паўла Белавуса. 

  • Сілавікі затрымалі дырэктара маркетынгавага агенцтва Gusarov Андрэя Гусарава

На «пакаяльным» відэа мужчына сказаў, што сузаснавальнік T*Т.ВY Кірыл Валошын апублікаваў у сацсетках фотаздымак з ім, чым нібыта выклікаў павышаную цікавасць з боку сілавікоў. 

  • Трэнера па водным пола асудзілі за ўдзел у Маршы

Стала вядома, што 11 траўня ў судзе Ленінскага раёну Мінска вынесены прысуд трэнеру па водным пола Радзівону Баравому. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і асудзілі да 2,5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — «хатняй хіміі». Пасля абвяшчэння прысуду яго вызвалілі ў зале суда.

Радзівона судзілі за ўдзел у адным з мірных Маршаў у Мінску. Ён прызнаў віну і распавёў, што рушыў з натоўпам у тым ліку па праезнай частцы.

Прысуд вынесла суддзя Юлія Шут.

Вядома, што Радзівона затрымалі 24 лютага і спачатку арыштавалі на 15 сутак паводле арт. 19.11 КаАП (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), пасля чаго перазатрымалі паводле крымінальнага артыкулу. 

  • У палітвязня Дзмітрыя Сончыка ў турме здарыўся інфаркт і інсульт. Яго адправілі ў калонію

Як стала вядома праваабаронцам, у лістападзе 2021 года ў магілёўскай турме ў 47-гадовага палітвязня Дзмітрыя Сончыка здарыўся інфаркт, а пасля — інсульт. Каля месяца ён прабыў у гарадской бальніцы, прышпілены кайданкамі да ложка, пад назіраннямі канваіраў і відэакамеры, а потым яго вярнулі ў турму, дзе догляд за ім ажыццяўлялі сукамернікі.

Мінскі гарадскі суд пакінуў апеляцыйную скаргу без задавальнення, нягледзячы на набытую інваліднасць падчас зняволення, і Дзмітрыя адправілі ў калонію. Былы сукамернік палітвязня з магілёўскай турмы і зняволены з калоніі, дзе адбывае тэрмін Дзмітрый, распавялі «Вясне» яго гісторыю.

«Мяне і яшчэ некалькі чалавек перавялі ў невялікую камеру, дзе быў Дзмітрый. Там мы яго даглядалі, бо ён быў у вельмі цяжкім стане. Мы нават памперсы яму мянялі, бо ён амаль што хадзіць не мог».



  • Зваршчыка з Мінска Аляксея Сахара асудзілі па «народным» артыкуле на 2,5 гады «хатняй хіміі»

У судзе Партызанскага раёна Мінска асудзілі Аляксея Сахара паводле ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Суддзя Наталля Дзядкова прызначыла Аляксею два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»). Аляксея Сахара абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе і выхадзе на праезную частку. Ён цалкам прызнаў віну і раскаяўся ў здзейсненым. Аляксея апазналі па фотаздымках з пратэстаў.

Таксама ў якасці пацверджання яго ўдзелу ў пратэстах былі выкарыстаныя дадзеныя тэлефонных злучэнняў, якія былі прадастаўленыя мабільным аператарам. 

  • Пяць гадоў «хатняй хіміі» прысудзілі гомельскаму бармену Глебу Вятошкіну

У Гомельскім абласным судзе вынесены прысуд бармену бара «Кватэрнік» Глебу Вятошкіну. Яго абвінавацілі ў распальванні “іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы” (ч.1 арт. 130 КК) і арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак альбо ўдзеле ў іх (ч. 1 арт 342 КК). Справу разглядаў суддзя Аляксандр Піскуноў.

Пра затрыманне Глеба супрацоўнікамі ГУБАЗіКа праваабаронцы даведаліся з праўладных тэлеграм-каналаў 28 лістапада мінулага года. 

  • У Круглым за ўдзел у акцыях пратэсту асудзілі трох чалавек

Суд Круглянскага раёна асудзіў адразу трох чалавек за ўдзел у акцыях пратэсту паводле ч. 1 арт. 342 КК (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Суддзя Дзмітрый Сасноўскі прызначыў палітзняволенай Аліне Горавай адзін год «хатняй хіміі», Уладзіславу Лагуценку і Аляксею Цыганаву — 2,5 і 2 гады «хатняй хіміі» адпаведна.

Аліну, у якой у турме абвастрыліся праблемы са здароўем, вызвалілі ў зале суда пасля двух месяцаў зняволення.

Нагадаем, што пасля затрымання праз жорсткія умовы ў ІЧУ ў Аліны абвастрыліся хранічныя захворванні нырак і жаночых органаў. Увечары 30 сакавіка Аліне стала дрэнна, таму ёй выклікалі хуткую дапамагу. Сілавікі не дазволілі шпіталізаваць затрыманую, а ў магілёўскай турме ў медыцынскай дапамозе ёй адмовілі, нягледзячы нават на дрэнныя аналізы. Турэмны лекар адмовіўся лячыць яе антыбіётыкамі і шпіталізаваць.

  • Студэнта, якога асудзілі за жаданне дапамагаць Украіне, будуць судзіць за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоні»

Андрэй Маслаў — студэнт 1-га курса, якога ў жніўні 2022 года асудзілі да 2,5 года калоніі за «падрыхтоўку да ўдзелу ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншай краіны» (ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 361-3 КК). На судзе хлопец распавёў, што «хацеў дапамагаць Украіне», прыярытэт — валанцёрская і гуманітарная дапамога.

Адбываць пакаранне Андрэя накіравалі ў бабруйскую калонію № 2. Напрыканцы лютага 19-гадовага палітвязня змясцілі на месяц у ПКТ.

У Бабруйску 6 чэрвеня над хлопцам распачнецца суд паводле ч. 1 арт. 411 КК за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы". Справу будзе разглядаць суддзя Іна Круголь. Пры гэтым у сакавіку анархіст Яўген Рубашка пісаў на волю, што Андрэю адразу па прыбыцці ў калонію сказалі, што "будуць круціць па арт. 411 КК".

 

  • Алесю Жалязоўскую асудзілі на тры гады «хатняй хіміі» за абразу Лукашэнкі

У судзе Ленінскага раёна Мінска асудзілі Алесю Жалязоўскую паводле ч. 1 арт. 368 КК (Абраза Лукашэнкі). Суддзя Юлія Шчоткіна прызначыла Алесі тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).

Алесю Жалязоўскую абвінавацілі ў тым, што яна ў адным з тэлеграм-чатаў пакінула абразлівы каментар у бок Лукашэнкі пад яго партрэтам. Да суда яна знаходзілася пад вартай.

Алеся мае сярэдне-тэхнічную адукацыю, працуе галоўнай спецыялісткай па тэндарнай працы ў таварыстве з абмежаванай адказнасцю.

 

  • «Рэалізуе тэматычную забарону»: два гады «хатняй хіміі» — за два каментары

Праваабаронцам стала вядома, што 5 траўня ў судзе Ляхавічаў і Ляхавіцкага раёна агучаны прысуд Сяргею Лебядзінскаму. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады) і прысудзілі да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — «хатняй хіміі».

Сяргея судзілі за два каментары ў бок двух прадстаўнікоў улады, якія ён пакінуў у 2020 годзе. Кожнаму Лебядзінскі мусіць выплаціць па 1 500 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды — хаця пацярпелыя прасілі па 2 000 рублёў. Акрамя гэтага, ён вінен дзяржаве 3 700 рублёў штрафу і 222 рубля дзяржпошліны.

Прысуд агучыла Таццяна Жарко. Лебядзінскі прызнаў віну. Лінгвістычная экспертыза пацвердзіла негатыўную ацэнку аднаго з каментароў тым, што слова, якое ўжыў Лебядзінскі, «обладает отрицательной коннотацией, реализует тематический запрет, связанный с аллюзией на табуированную сферу — образ телесного низа».  

  • На волю выйшлі палітвязні Віктар Сядоў, Андрэй Шаўчук і Аляксандр Шаўцоў

Віктар Сядоў быў затрыманы 16 кастрычніка 2020 года ў Мінску. Палітвязня абвінавацілі ва «ўзвядзенні барыкад і кіданні двух прадметаў на праезную частку». Сядоў віну прызнаў часткова: сказаў, што паклаў адзін камень на праезную частку і іншы — кінуў на дарогу. 30 сакавіка 2021 года палітвязню прысудзілі 3 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. На судзе ён сказаў, што не змог у такой палітычнай сітуацыі стрымаць свае эмоцыі. Папрасіў прабачэння ў сваёй сям’і. Тэрмін Віктар адбываў у бабруйскай калоніі № 2.

Андрэй — удзельнік акцыі пратэсту ў Жлобіне 9 жніўня 2020 года. Яго абвінавацілі паводле артыкулаў 342 КК (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і 364 КК (Гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі). 22 сакавіка 2021 года суд Жлобіна вынес прысуд Андрэю — 2,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Аляксандр — жыхар Жлобіна, якога затрымалі 4 лютага 2021 года за падзеі жніўня 2020-га. Яго абвінавацілі паводле арт. 364 КК (Гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі). 2 красавіка 2021 года яго асудзілі да 2,5 гадоў калоніі.

Тэрміны палітвязні адбывалі ў віцебскай калоніі № 3, адкуль выйшлі на волю 27 траўня. У зняволенні Шаўчук адбыў 2 гады, 4 месяцы і 1 дзень, а Шаўцоў — 2 гады, 3 месяцы і 23 дні.

.