Хронікі рэпрэсій за 6 сакавіка
У Беларусі яшчэ 4 новыя палітвязні. Гэта Раман Забела, Ілля Палонскі, Максім Назарчук і Дар’я Мандзік. Паводле праваабаронцаў «Вясны», цяпер палітзняволенымі прызнаныя 1417 чалавек, хоць насамрэч асуджаных паводле палітычных артыкулаў у Беларусі ў разы больш, паведамляюць праваабаронцы.
- Былы палітвязень Андрэй Кудзік не выйшаў на волю пасля «сутак» — ён затрыманы па крымінальнай справе
Стала вядома, што актывісту з Вілейкі інкрымінавана ч. 1 арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). Улічваючы гэта, мужчына зноў дададзены ў спіс палітычных зняволеных Беларусі.
Кудзіка неаднаразова пераследавалі за пікетаванне і выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі на працягу 2020 і 2021 года: затрымлівалі, штрафавалі, арыштоўвалі. У лютым 2022-га года Андрэю прысудзілі 2 гады калоніі паводле »народнага» арт. 342 КК. На судзе актывіст не прызнаў віну і адмовіўся ад дачы паказанняў. 18 ліпеня 2023 года палітвязень выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.
У мінулым кастрычніку яму прызначылі 15 сутак арышту за віншаванне Украіны з Днём Незалежнасці ў TikTok.
- Жыхара Лунінца асудзілі да сямі гадоў калоніі паводле шэрагу пратэсных артыкулаў
Брэсцкі абласны суд вынес прысуд 36-гадоваму жыхару Лунінца Аляксандру Паліўка. Яго абвінавацілі паводле пяці крымінальных артыкулаў: заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый) (ч. 3 арт. 361 КК), стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім (ч. 3 арт. 361-1 КК), абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), абраза Лукашэнкі (ч. 1 арт 368 КК) і паклёп на яго (ч. 2 арт. 367 КК).
Справу разглядала суддзя Святлана Крамянеўская.
Аляксандр быў затрыманы за каментары ў сацсетках. Вядома, што невялікі каментар на адрас Лукашэнкі раздзялілі на два артыкулы: абраза і паклёп.
- Аблава ў Бярозе: вядома пра не менш за 9 затрыманых
ГУБАЗіК адсправаздачыўся аб затрыманні 5 жыхароў Бярозы. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту.
У панядзелак, 4 сакавіка, сілавікі ўжо паведамлялі аб затрыманні чатырох жыхароў гэтага горада. На відэа затрыманыя вымушаныя былі сказаць, што затрыманыя за ўдзел у пратэстах 2020 года.
- У Баранавічах па «народным» артыкуле судзяць адразу восем чалавек
Сёння, 6 сакавіка, у судзе горада Баранавічы Анастасія Паўлечка пачала разглядаць справу паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Па справе — адразу восем абвінавачаных: Аляксандр Лявончык, Яўген Цыбулька, Юрый Хаванскі, Міхаіл Петраш, Філіп Сцёпін, Вячаслаў Баравік, Крысціна Дыдышка-Чаркашына і Іван Дыдышка.
Вядома, што Вячаслаў Баравік быў на адным з «палонных» відэа, апублікаваных у праўладных каналах. У ім ён распавядае пра свой удзел у адным з Маршаў у 2020 годзе. Імаверна, астатнія абвінавачаныя затрыманыя з той жа нагоды.
- У Мінску працягваецца суд над каталіцкім вернікам Уладзіславам Беладзедам
У Мінскім гарадскім судзе з 21 лютага ідзе суд над каталіцкім вернікам Уладзіславам Беладзедам. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Справу разглядае суддзя Алена Ананіч. Суд праходзіць у закрытым рэжыме.
Затрымалі Уладзіслава 31 траўня 2023 года. Некалькі разоў запар вернік быў арыштаваны на 15 сутак. Пасля 30 сутак, праведзеных на Акрэсціна, Беладзед выглядаў як чалавек, які зведаў катаванні і бесчалавечнае абыходжанне.
- Шматдзетная ўдава мусіць выплаціць амаль 2200 рублёў за сторыз, што «магло праглядзець» 60 чалавек
Стала вядома, што 15 лістапада 2023 года ў судзе Глуска да 10 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ («хатняй хіміі») асудзілі менеджарку Вольгу Глускую.
Суддзя Вольга Галаўнёва прызнала яе вінаватай у тым, што Вольга Глуская запосціла ў інстаграм сторыз, якія нібыта зневажалі мясцовага інспектара ДПС. Вольга прызнала віну і распавяла, што размясціла ў сваім інстаграм ролік з ім, бо была пакрыўджаная тым, што супрацоўнік склаў на яе пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні. Калі яе спынілі, у яе машыны не было пасведчання пра тэхнічнае абслугоўванне.
Супрацоўнік ДПС запрасіў пазоў у памеры 5000 рублёў, аднак Вольга адзначыла, што гэта сума занадта высокая для яе.
- «Хатняя хімія» за ўдзел у мірным сходзе
Стала вядома пра яшчэ адзін прысуд паводле «народнага» арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Гэтым разам 15 лютага да двух з паловай гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ («хатняй хіміі») асудзілі Алу Кузняцову. Вядома, што жанчына мае праблемы са здароўем.
Да прысуду яна знаходзілася пад закладам у памеры 18 500 рублёў. Суддзя Юлія Шчоткіна прызнала яе вінаватай ва ўдзеле ў адным з мірных сходаў у 2020 годзе. Ала нібыта парушала грамадскі парадак, рухалася па праезнай частцы і дэманстравала пальцамі сімвал «вікторыі». Жанчына прызнала віну і пазнала сябе на фотаздымку, які быў сярод доказаў.
- Лідчаніна арыштавалі за «Жыве Беларусь» у Twitter
У Лідзе 25 лютага адбыўся суд над інжынерам і бацькам двух непаўнагадовых дзяцей. Яго абвінавацілі ў «несанкцыянаваным пікетаванні» паводле 24.23 КаАП.
Паводле пратакола, мужчына ў сацсетцы X (Twitter) размясціў надпіс «Жыве Беларусь». На судзе ён прызнаў сваю віну.
У выніку яму прызначылі 15 сутак арышту.
- За ўдзел у акцыі пратэсту затрыманы жыхар Гродна
Сцвярджаецца, што ён таксама нібыта пакідаў абразлівыя
каментары пра міліцыянтаў і Лукашэнку.