Хронікі рэпрэсій за 7 кастрычніка: як мінімум 66 чалавек асуджаныя па вяртанні з-за мяжы

З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі апошнія навіны пра палітычны пераслед у Беларусі за сённяшні дзень.

hroniki_represij2_8_2_1.png

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1425 дзён, Дзяніс — 1305

***

Палітзняволенаму Юрасю Зянковічу дадалі яшчэ два гады пазбаўлення волі. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ, паведамляе «Вясна».

Фігурант «справы змоўшчыкаў» Юрась Зянковіч амаль тры з паловай гады ўтрымліваецца ў зняволенні. За гэты час яго ўжо тройчы судзілі па крымінальных артыкулах і перавялі на турэмны рэжым. У жніўні 2024 года яго абвінавацілі ў «злосным непадпарадкаванні адміністрацыі турмы» і дадалі яшчэ два гады пазбаўлення волі.

Паводле даных праваабаронцаў, у зняволенні на палітвязня ўвесь час аказваецца ціск: яго шмат разоў змяшчалі ў ШІЗА, пазбаўлялі перадач і не дазвалялі атаварвацца. На знак пратэсту Юрась некалькі разоў трымаў галадоўку. Акрамя таго, у палітвязня моцна пагоршылася здароўе.

Некалькі месяцаў таму з невядомых прычын яго перавялі ў СІЗА КДБ. У верасні па БТ выйшаў фільм, у якім моцна схуднелы Зянковіч расказваў пра тое, як у 2021 годзе нібыта хацеў «захапіць уладу».

***

Айцішніцу з кампаніі «Exadel» Анастасію Жыльскую абвінавачваюць у «паклёпе» ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі (ч.2 арт.367 Крымінальнага кодэкса), «закліках да прычынення шкоды нацбяспецы» (ч.3 арт.361 КК) і «распальванні варожасці» (ч.1 арт.130 КК), піша «Наша Ніва».

Судзіць дзяўчыну пачнуць 31 кастрычніка ў Мінскім гарадскім судзе.

Анастасіі Жыльскай 33 гады. Яна скончыла Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт і працавала праграмістам у мінскім офісе амерыканскай кампаніі «Exadel». Паводле інфармацыі выдання, яе затрымалі не менш за паўгода таму за каментары ў «Тэлеграме».

***

Палітзняволенаму ксяндзу Анджэю Юхневічу пагражаюць ілжывымі абвінавачаннямі ў «злачынствах супраць сэксуальнай недатыкальнасці». Як стала вядома «Хрысціянскай візіі», на ксяндза працягваюць ціснуць у СІЗА-2, дзе ён знаходзіцца пасля свайго затрымання 8 траўня 2024 года. Першы раз ксяндзу дазволілі схадізць у душ толькі пасля двух месяцаў зняволення.

Цяпер яму пагражаюць абвінавачаннямі, звязанымі са злачынствамі супраць сэксуальнай недатыкальнасці непаўнагадовых.

***

29 кастрычніка Мінскі гарадскі суд пачне разглядаць крымінальную справу супраць актывіста «Руху "За свабоду"» Аляксея Клюшнічэнкі. Яго абвінавачваюць па шасці артыкулах КК, піша «Вясна».

Актывіста будуць судзіць паводле артыкулаў аб «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання» (ч.1 арт.361-1 КК), «распальванні варожасці» (ч.1 арт.130 КК), «дыскрэдытацыі Беларусі» (арт.369-1 КК), «закліках да санкцый» (ч.3 арт.361 КК), «абразе Лукашэнкі» (ч.1 арт.368 КК), «паклёпе ў дачыненні да Лукашэнкі» (ч.1 арт.367 КК).

Пра затрыманне Клюшнічэнкі стала вядома месяц таму. Яго затрымалі 22 лютага. Актывіст знаходзіцца ў СІЗА-1 у Калядзічах пад Мінскам.

***

Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў відэа з затрыманым мінчуком, піша «Медыязона».

На відэа беларус кажа, што ў 2020 годзе ў «экстрэмісцкія» тэлеграм-чаты перадаваў інфармацыю пра перамяшчэнне сілавікоў, браў удзел у дваровых чаяваннях і шукаў начальніка Акрэсціна ў «дэструктыўных» чатах.

У якім статусе знаходзіцца затрыманы і па якім артыкуле яго абвінавачваюць — невядома. У роліку мужчына паведаміў, што яго арыштавалі на 15 сутак.

***

У Докшыцах 8 кастрычніка будуць судзіць намесніцу дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Порплішчанскай сярэдняй школы, пераможцу раённага конкурсу «Настаўнік года-2014» Наталлю Крук, піша ТГ-канал «Віцебск, я гуляю!».

Яе абвінавачваюць у «распаўсюдзе экстрэмізму» (ч.2 арт.19.11 КаАП).

Педагогу пагражае штраф або адміністрацыйны арышт. А вынікам суда можа стаць звальненне, як гэта адбываецца з многімі людзьмі, якіх судзяць за «распаўсюд экстрэмізму».

***

Суд Ленінскага раёна Брэста пачаў разглядаць крымінальную справу супраць Сяргея НічыпарукаАляксандра Клімашэвіча і Яўгена Бычко. Іх абвінавачваюць паводле «народнага» артыкула аб «грубым парушэнні парадку» (ч.1 арт.342 КК), піша «Вясна».

Вядома, што Бычко затрымалі ў сярэдзіне ліпеня. На відэа, апублікаваным сілавікамі, мужчына гаварыў, што яго затрымалі за ўдзел у пратэстах у жніўні 2020 года. Таксама ён расказаў, што выходзіў на праезную частку разам з пратэстоўцамі, якія «агрэсіўна рэагавалі на міліцыянтаў».

https://t.me/viasna96/28019

***

Сілавікі затрымалі мужчыну, які ў «Аднакласніках» пракаментаваў навіну пра напад на супрацоўнікаў ГУБАЗіКа ў Магілёве. Відэа з затрыманым апублікаваў блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал, паведамляе «Медыязона».

На камеру мужчын кажа, што яго затрымалі за каментары пад навіной пра напад на супрацоўнікаў ГУБАЗіКа ў Магілёве. Аўтары канала пішуць, што затрыманы ўхваліў «дзеянні "экстрэміста", які напаў на супрацоўнікаў міліцыі ў Магілёве».

Па якім артыкуле затрыманы мужчына і дзе цяпер знаходзіцца, невядома.

23 верасня каля 11-й гадзіны раніцы ў Магілёве на Пушкінскім праспекце супрацоўнікі ГУБАЗіКа нібыта апазналі беларуса, датычнага да «экстрэмісцкай» дзейнасці.

Яны падышлі да мужчыны для размовы, на што той дастаў нож і пачаў наносіць удары міліцыянтам. Пры ператрусе ў магілёўца выявілі патроны, халодную зброю, дапаможнік па вырабе выбуховых рэчываў, «экстрэмісцкую» літаратуру і кнігі па псіхалогіі. Таксама ў беларуса пры затрыманні знайшлі самаробны пісталет.

26 верасня сілавікі затрымалі сябра і былога калегу гэтага магілёўца. 2 кастрычніка стала вядома пра затрыманне яшчэ аднаго сябра нападніка.

***

Як мінімум 66 чалавек асудзілі па палітычных крымінальных справах пасля вяртання з-за мяжы, паведамляе «Салідарнасць».

Такіх кейсаў можа быць больш, таму што праваабаронцам вядома не пра ўсе выпадкі затрымання і палітычнага пераследу.

З гэтых людзей цяпер за кратамі знаходзіцца як мінімум 36 чалавек. Самы вялікі тэрмін — 11 гадоў калоніі — прызначылі Яраславу Саковічу, які вярнуўся ў Беларусь у 2021 годзе праз хворых бацькоў.

Вядома, што некаторых затрыманых у выніку накіроўваюць на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары. Так зрабілі ў выпадку Нэлі Алфёравай, якую асудзілі за «абразу прадстаўніка ўлады».

***

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкай» ТГ-старонку расійскага праваабарончага цэнтра «Мемарыял», піша «Вясна». Адпаведнае рашэнне прынятае судом Баранавічаў і Баранавіцкага раёна 2 кастрычніка.

Таксама «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» папоўнілі:

  • Telegram-каналы і чаты: «Вяснянка 98% чат», «МАМА BLUNT»,
  • Instagram-старонкі: «belarusiancentre_lt», «tasia_valoszka_art», «hub.belastok».

Акрамя таго, паведамляюць праваабаронцы, абнавілі таксама «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці» (так званы «спіс экстрэмістаў») — у яго дадалі яшчэ 13 чалавек. Цяпер у ім 4489 прозвішчаў.

Сярод іншых, у спіс дадалі грамадзяніна Арменіі Ярванда Марцірасяна, дарадцу Ціханоўскай Франака Вячорку, асуджаную за салідарнасць з палітвязнямі Надзею Лескавец.

Таксама ў Беларусі з'явіліся новыя «экстрэмісцкія фарміраванні». Гэта адукацыйная ініцыятыва «Школа лідарства» і праект для жанчын «Girl Power Bel». Рашэнне прыняў КДБ 26 верасня.

Да таго ж, ведамства пералічыла людзей, якія нібыта маюць дачыненне да «экстрэмісцкага фарміравання». Гэта Ганна ДапшэвічуцеВераніка НікалайчыкВера ЕсіпчукАнжаліка ВайцеховічАліна Шаўцова.

«Медыязона» паведамляе, што МУС прызнала «экстрэмісцкім фарміраваннем» «Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі». «Экстрэмісцкімі» прызнаныя інтэрнэт-партал камітэта torturesbelarus2020.org; Тэлеграм-канал @torturesbelarus2020, Тэлеграм-бот @ICITB2020_contact, старонка камітэта ў Instagram і нават адрас электроннай пошты contact@torturesbelarus2020.org.

МУС лічыць, што адносіны да «фарміравання» маюць Сяргей Усцінаў і Вікторыя Фёдарава.

***

На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 614 дзён, Максіма Знака — 608 дзён, Мікалая Статкевіча — 605 дзён, Ігара Лосіка — 596 дзён, Віктара Бабарыкі — 534 дні, Сяргея Ціханоўскага — 464 дні, Уладзіміра Гундара — 427 дзён.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1281 чалавек.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1399 чалавек. Сярод іх — 177 жанчын і 3 непаўнагадовых. 22 палітвязні адпраўлены на прымусовае лячэнне.