Валерыя Чарнаморцава: Гісторыя ГУЛАГа дапамагала за кратамі
Былая палітзняволеная Валерыя Чарнаморцава — даследчыца сталінскіх рэпрэсій. Яна як ніхто іншы ведае, на што здольны рэжым, які запусціў канвеер пераследу.
Валерыя Чарнаморцава — былая палітзняволеная. Увосень 2022 года да яе ў кватэру прыйшлі з ператрусам па крымінальнай справе за ўдзел у акцыях пратэсту. Спачатку Валерыю арыштавалі на 10 сутак, а затым да суду адправілі ў СІЗА-1 у Мінску. Пазней яе прысудзілі да двух з паловай гадоў абмежавання волі («хатняй хіміі») паводле артыкула «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Неўзабаве пасля вызвалення з-пад варты яна пакінула Беларусь.
Да арышту Чарнаморцава займалася даследаваннямі сталінскіх рэпрэсій і жыцця беларускіх вязняў ГУЛАГа. Таму, калі яна сама апынулася ў турме, яна не магла не праводзіць паралеляў паміж падзеямі 30-х гадоў XX стагоддзя і тым, што адбываецца на радзіме сёння, у XXI стагоддзі. Яна расказала тэлеканалу «Настоящее время» пра тое, што ёй дапамагала не страціць сілу духу за кратамі і як у турмах спрабуюць зламаць волю палітвязняў і прымусіць іх адмовіцца ад барацьбы з рэжымам.
Гістарычныя паралелі
У СІЗА-1 у Мінску на вуліцы Валадарскага Валерыю трымалі ў камеры 8-3. Тэкст, які даводзілася прамаўляць кожную раніцу, назаўжды адбіўся ў яе памяці:
«Грамадзянін начальнік, у камеры 8-3 знаходзяцца восем чалавек, дзяжурная па камеры — Чарнаморцава Валерыя Віктараўна, абвінавачаная па артыкуле 342.1, пастаўленая на прафілактычны ўлік як схільная да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці», — прамаўляе яна.
Чарнаморцава расказвае, што яе затрымалі па «справе экскурсаводаў» (некалькіх супрацоўнікаў турыстычнай галіны ў Беларусі абвінавацілі ў тым, што яны праводзілі экскурсіі па-беларуску і не прытрымліваліся афіцыйнай ідэалогіі).
«На той час мяне ў Беларусі не было, але калі вярнулася — трапіла пад раздачу і я, — сказала яна. — Затрыманне і ператрус праводзілі супрацоўнікі КДБ».
«Яны шукалі ў маім фэйсбуку канкрэтную фотку, і яны выпампавалі ўвесь фэйсбук, пры мне яго выпампавалі нейкай праграмай да сябе, а пасля выдалілі, — расказвае Чарнаморцава. — Я пра гэта вельмі шкадавала».
У СІЗА-1 на Валадарскага Чарнаморцаву прывезлі ў гадавіну «ночы расстраляных паэтаў». Гэта ёй таксама падалося невыпадковым.
(«Ноч расстраляных паэтаў» — масавае забойства прадстаўнікоў беларускай і яўрэйскай інтэлігенцыі, а таксама дзеячаў беларускай культуры, навукі і мастацтва ў ноч з 29 па 30 кастрычніка 1937 года ва ўнутранай турме НКУС і ў Пішчалаўскім замку ў Мінску. Гэта адзін з самых значных момантаў сталінскіх рэпрэсій у БССР).
У СІЗА-1 на Валадарскага ў Мінску было шмат палітвязняў, якія выступалі супраць рэжыму Лукашэнкі: рэпрэсіі тады якраз набіралі абароты.
«Мяне адразу ўразіла, што пры паступленні супрацоўнікі СІЗА самі гаварылі, што вось гэты і гэты арыштаваныя праходзяць па "народным" артыкуле аб пратэстах», – падкрэслівае Чарнаморцава.
У камеры на васьмярых у СІЗА яна правяла тры месяцы да суду, камера амаль увесь гэты час была поўная.
Нечаканыя складанасці
«Большасць сядзелі па палітычных артыкулах. Бяда — вечны недахоп свежага паветра з-за слабога праветрывання, і яшчэ тытунёвы дым. Вядома, многія хварэлі. І я ў тым ліку, таму што ў мяне свой букет хвароб: і тахікардыя, і дыябет... Але ў добрай кампаніі хвароба пераносіцца лягчэй, — расказвае Чарнаморцава. — У камеры ў нас быў танометр, і гэта шмат каму дапамагала, бо сярод нас былі жанчыны, якім за шэсцьдзясят, і меліся праблемы з ціскам».
У яе самой у СІЗА таксама адразу ўзніклі праблемы са здароўем.
«Прыступы ў мяне пачаліся адразу, як я заехала ў спецпрыёмнік на Акрэсціна, там у мяне адбыўся першы прыступ. Я не ведаю, што гэта было: кажуць, што гэта панічная атака, але я не адчувала ніякай панікі, я проста вырубалася, — расказвае Валерыя. — Рукі, ногі вырубаюцца, свядомасць сыходзіць у тунэль, пачынае моцна біцца сэрца, і ты проста вырубаешся. Паступова, ужо на Валадарцы, я навучылася з гэтымі прыступамі трохі спраўляцца».
«Са мной заехала на Акрэсціна 60-гадовая жанчына, былая лекарка. Яна адразу казала, што ў яе шмат хвароб, і калі ў яе пачалося літаральна праз дзень абвастрэнне адной хваробы, мы, напэўна, палову сутак не маглі дамагчыся, каб яе забралі ў шпіталь. Таму што як? Гэта ж трэба з ёй ехаць, ахоўваць, а ніхто (з супрацоўнікаў) не хоча гэтага рабіць, — расказвае Чарнаморцава пра жыццё ў СІЗА-1. — Мне было, калі шчыра, вельмі цяжка. Я думала, што я была да гэтага падрыхтаваная, але аказалася, што не. Былі нечаканыя складанасці».
Валерыя расказвае, што яе веданне гісторыі ГУЛАГа дапамагала ёй за кратамі — у прыватнасці, у зносінах са следчымі.
«Напрыклад, быў добры досвед былых зняволеных ГУЛАГа — як "саскокваць" з вярбоўкі. І я лічу, што я вельмі добра "саскочыла", — смяецца яна. — Напрыклад, яны мне сказалі: "Ты можаш не ехаць у турму, ты можаш адразу што-небудзь падпісаць і паехаць у Вільню". Яны ведалі, што я збіраюся ў Вільню. Я ім у адказ расказала гісторыю, не гаворачы ні "так", ні "не" адразу: гэтую гісторыю мне расказваў былы зняволены ГУЛАГа Эрнст Канстанцінавіч Сабіла — яна пра тое, як як вербавалі ў савецкі час адну маладую баптыстку.
Калі яе папрасілі "стучаць" на сваіх, расказваць, што адбываецца на іх сходах, яна сказала: "Я падумаю, я не ведаю". А праз тыдзень яна прыйшла да іх і кажа: "Слухайце, з кім ні раілася, ніхто не раіць з вамі супрацоўнічаць". І больш пытанняў у следчых да яе не было».
Валерыя шмат кажа пра катавальныя ўмовы, якія ствараюцца для арыштаваных, калі іх перавозяць з месца на месца, у тым ліку ў суды.
«Кажуць, што самая цёмная частка ночы — перад світаннем. Дык вось для мяне самы складаны дзень быў (акрамя дня затрымання) — дзень суду, — расказвае Чарнаморцава. — Мне кайданкі моцна ціснулі рукі: нейкія былі ў іх праблемы, што, калі рукой рухаеш, яны проста заціскаюцца. І я проста ледзь дачакалася прысуду. Я пачула, што будзе "хімія", гэта азначала, што мяне павінны былі выпусціць. Але я не пачула, калі абвесцяць прысуд — сёння ці заўтра. І я сядзела ў гэтым "стакане" ў судзе (памяшканне, у якім зняволеныя чакаюць перавозкі) і не ведала, куды мяне павязуць назад: у турму або выпусцяць».
«Увогуле суды — гэта страшна, насамрэч. Я проста ў жаху, як людзі вытрымліваюць гэтыя суды, якія ідуць па некалькі месяцаў, — падкрэслівае Чарнаморцава. — Таму што табе робяць усё, каб кожны дзень ты прыязджаў у залу суда ў напаўпрытомным стане. А шостай гадзіне раніцы цябе забіраюць з камеры, фактычна не паспеўшы нічога, толькі паесці прыносяць на паўгадзіны раней, але ў 5:30 раніцы ты не асабліва хочаш есці і наогул не пра гэта думаеш. Чакаеш у "адстойніку" (адзінкавая камера ў падвале), потым гэтыя "голыя шмоны" (ператрусы з поўным распрананнем) страшныя... Я рэальна пачынала там губляць прытомнасць».
Але самае страшнае, паводле яе слоў, — «канвеер», — калі чалавека спачатку трымаюць 15 сутак на Акрэсціна, потым вязуць у іншую турму і трымаюць там, потым судзяць онлайн, не даючы выйсці на волю, і потым зноў адпраўляюць за краты.
«Людзей 15 дзён трымаюць на Акрэсціна, потым закідваюць да нас у камеру на ІЧУ, пасля зноў судзяць онлайн і назад закідваюць на ЦІП. Вось такі канвеер, — расказвае яна. — Напрыклад, я ведаю, што так было з Настай Лойка (праваабаронца, асуджаная на 7 гадоў за «распальванне варожасці»), якая фактычна ў той жа час, што і я, сядзела, але мы практычна не перасякаліся. Ужо калі мяне прывезлі на "Валадарку", я чула, што ў суседняй камеры Наста Лойка 60 дзён праседзела — гэта жудасна».
«Самае страшнае, што можа быць у турме, — гэта так званы "агульны шмон" на Каляды, перад Новым годам. Шукаюць "бражку" (алкагольны напой), якую людзі на Новы год, можа быць, ставяць. Але ведаючы, што будзе гэты шмон, ясна, што людзі яе загадзя выпіваюць, — расказвае Валерыя пра турэмнае жыццё. — Падчас "шмону" ты павінен вынесці ў прынцыпе ўсё з камеры. Ты ўсё павінен вынесці ў калідор, раскладваеш свой матрац, на гэты матрац табе вывальваюць усе твае рэчы, усё там [перагортваюць], потым асабісты яшчэ дагляд. Карацей, вось гэта самае такое страшнае».
«Выхадныя і святы ў СІЗА — гэта самыя складаныя дні, вядома. Таму што нічога не адбываецца, не прыносяць ніякіх лістоў. Чым больш выхадных, тым цяжэй», — асобна заўважае Чарнаморцава.
Яна шчыра радуецца таму, што яе прысудзілі толькі да «хатняй хіміі», а не да рэальнага тэрміну ў калоніі.
«Насамрэч я ўдзячная Богу, што не даехала да "Антошкіна" (жаночая папраўчая калонія №4 у Гомелі на вуліцы Антошкіна), — прызнаецца Валерыя. — Насамрэч я не ведаю, наколькі магчыма гэта перажыць. Можа быць, я і перажыла б. Але я вельмі ўдзячная Богу, што я не даехала».
Цалкам прачытаць інтэрв'ю з Валерыяй Чарнаморцавайможна тут.