Як турэмшчыкі ціснуць на Сцяпана Латыпава

За кратамі знаходзяцца многія вядомыя палітвязні, пра якіх амаль нічога не вядома. Але час ад часу праз тых, хто выходзіць на волю, далятаюць звесткі і пра «палітычных». Так, напрыклад, стала вядома, што за кратамі працягваецца ціск на Сцяпана Латыпава, для якога адзіным сродкам супрацьстаяння па-ранейшаму застаецца магчымасць нанесці сабе шкоду.

Сцяпан Латыпаў

Сцяпан Латыпаў

Палітзняволены Сцяпан Латыпаў у івацэвіцкай калоніі № 22, вядомай як «Воўчыя норы», падвяргаўся моцнаму ціску адміністрацыі і на знак пратэсту і барацьбы з рэпрэсіямі рабіў парэзы на целе. Пра гэта «Зеркалу» расказаў былы палітвязень Арцём Мядзведскі, які частку пакарання адбываў у гэтай жа калоніі і перасякаўся з ім.

Арцём Мядзведскі сядзеў у «Воўчых норах» з чэрвеня 2022-га па сакавік 2023-га. У гэты перыяд хлопец пазнаёміўся са Сцяпанам Латыпавым. Палітвязні абмяркоўвалі ў тым ліку ціск з боку адміністрацыі калоніі.

— У яго, груба кажучы, усё цела ў парэзах. Ён мне расказваў, за што яго пасадзілі, і гаварыў, што яму пагражалі пасадзіць суседзяў і родных, калі ён не падпіша прызнанне віны, — расказвае суразмоўца «Зеркала». — Таму ён так паступіў — што называецца, ні сабе, ні ім (гаворка пра ўчынак Латыпава, калі ён на пасяджэнні суду ўваткнуў ручку сабе ў горла. Паводле слоў Мядзведскага, гэта была «мыйка» — так называлі лязо ад станка для галення. Заўв. рэд.). І ён працягваў там так рабіць, таму што яго пачалі душыць, саджалі ў ШІЗА, ПКТ.


latypau_1309_logo.jpg_1.png

Мядзведскі кажа, што Латыпаў доўгі час знаходзіўся ў ПКТ, яму не даходзілі лісты і перадачы ад блізкіх. Таму «даводзілася ўвесь час правакаваць адміністрацыю, каб дзесьці дамаўляцца», кажа былы палітвязень.

 Ён тады сказаў, што і далей будзе, напрыклад, вены рэзаць, каб на яго ўвагу звярнулі. Таму што, калі хтосьці парэжацца, у любым выпадку павінна прыехаць праверка, даведацца, чаму, як чалавек гэта зрабіў. Начальніку будзе «мінусік». А начальнік на пенсію крыху раней хоча — і з добрай сумай. Навошта яму гэта?  тлумачыць былы палітвязень.  Таму давядзецца дамаўляцца, нейкія лісты прапускаць, сустрэчы дазваляць. Тут адвакат нічога не зробіць, а калі родныя напішуць заяву, табе «зваротка» прыляціць. Добра, да цябе прыедуць, пагавораць і з'едуць. А ты застанешся там. Табе вернецца гэта [скарга на дзеянні адміністрацыі], гэта значыць далёка на гэтым не з'едзеш. Таму маральна там вельмі цяжка.

Публічна пра тое, што Латыпаў праглынуў лязо і парэзаў вены на знак пратэсту супраць ціску адміністрацыі, стала вядома ў верасні 2022 года. Пры гэтым, паводле слоў Мядзведскага, Латыпаў, нягледзячы на рэпрэсіі і стан здароўя, тады «трымаўся на пазітыве»

Хто такі Сцяпан Латыпаў?

Сцяпан Латыпаў — уладальнік фірмы «БелАрбо», жыхар мінскага «двара перамен». Яго затрымалі 15 верасня 2020 года, калі ён спрабаваў абараніць ад сілавікоў мурал з «дыджэямі перамен» у двары. З тых часоў ён знаходзіцца за кратамі.

Праз некалькі дзён пасля затрымання на дзяржТБ выйшлі сюжэты пра тое, што Латыпаў нібыта збіраўся распыляць яды, каб цкаваць міліцыянтаў. Але ў справе гэтых абвінавачанняў не аказалася. Мужчыну абвінавацілі ў «махлярстве ў асабліва буйным памеры» (гэта звязана з апрацоўкай тэрыторый ад баршчэўніка), «арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» і «супраціве міліцыі падчас затрымання». Латыпаў не прызнаў сваю віну ні па адным з артыкулаў.


Глядзіце таксама

Суд над ім пачаўся 1 чэрвеня 2021 года. На першым пасяджэнні абвінавачаны ўваткнуў ручку сабе ў горла. Перад гэтым ён заявіў, што ГУБАЗіК пагражаў завесці крымінальныя справы ў дачыненні да яго сваякоў і суседзяў, калі ён не прызнае віну. З залы суда мужчыну забралі ў бальніцу і прааперавалі. Пашкоджанняў жыццёва важных органаў выяўлена не было. У ноч пасля аперацыі палітвязня забралі з лякарні і змясцілі ў СІЗА-1 на Валадарскага.

10 чэрвеня суд накіраваў Сцяпана на судова-псіхіятрычную экспертызу. 27 ліпеня суд аднавіў разгляд крымінальнай справы. 16 жніўня 2021-га абвясціў прысуд: 8,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і 300 базавых велічынь штрафу.

У верасні 2022 года пачаўся новы судовы працэс па ўзмацненні жорсткасці пакарання для Латыпава. Напрыканцы таго ж месяца яго на два гады перавялі на турэмны рэжым і этапавалі ў магілёўскую турму № 4.

Увесну 2024-га стала вядома, што палітвязень захварэў на цынгу — гэта хвароба, звязаная з недахопам вітаміна С, на фоне зніжэння імунітэту можа выяўляцца ломкасцю сасудаў, крывацечнасцю дзяснаў, выпадзеннем зубоў, болем у канечнасцях. Тады Сцяпан Латыпаў скардзіўся, што яму не аказваюць медыцынскую дапамогу і не перадаюць лекі.

Ці магчыма ў зняволенні захварэць на цынгу?

Лекары кажуць, што гэты дыягназ — з ліку амаль немагчымых сёння. Найбольш часта сустракаецца звычайны авітаміноз, бо вітамін С ёсць паўсюль, нават у бульбе. Але, паводле слоў былых зняволеных, турэмнае харчаванне настолькі кепскае, што вітамінаў там сапраўды можна не дачакацца.

«Адчуваўся недахоп і бялковай ежы, і гародніны, і садавіны. За тры месяцы лета я з'еў адзін яблык. І тое гэта быў зялёны, недаспелы яблык, які мне прынёс сябар, — сказаў адзін з былых вязняў магілёўскай калоніі ў каментары «Свабодзе». — Ён на яблычны Спас хадзіў да турэмнай царквы. Побач з царквой падалі яблыкі, ім дазволілі нешта сабраць, і ён прынёс мне ў якасці падарунка першы яблык за лета.


Глядзіце таксама

У калоніі ёсць магчымасць у "атаварцы" нешта набываць, але звычайна і там ёсць праблемы — ці ўжо скончыліся дэфіцытныя прадукты, ці іх увогуле не завезлі. Мой прыклад — чалавек летам не атрымліваў аніякіх вітамінаў, а наперадзе восень і зіма... Калі я трапіў у калонію, то ў першы дзень атрымаў салёны агурок і салёны памідор. Такія памідоры нам давалі цягам вясны... І больш нічога з вітамінаў».

Другі вязень, які адседзеў больш за два гады ў наваполацкай калоніі № 1 і значную частку тэрміну прабыў у ПКТ і ШІЗА, кажа, што «атаваркай» рэдка мог скарыстацца:

«Акрамя цыбулі і соку "Сочный", у турэмнай краме нічога з вітамінаў не было. Зрэдку на гарнір давалі кіслую капусту. І ўсё. Што да вітамінаў, раней іх сваякі маглі перадаваць у калонію, а цяпер — толькі па прызначэнні турэмнага лекара, тое, што ў яго ёсць беларускай вытворчасці».