Дракахруст: Адзін з магчымых планаў улады — стварэнне таталітарнай сістэмы

Хутчэй за ўсё, ніякай «адлігі» бліжэйчым часам чакаць не давядзецца, хаця частка сістэмы настроеная на гэта, гаворыць палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст у інтэрв'ю «Салідарнасці». Але ці паўплываюць настроі эліт на іх правадыра?

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

– Як вы думаеце, які ў Лукашэнкі план на будучыню?

– Адзін з верагодных планаў — узмацненне ўсіх сённяшніх тэндэнцый, гэта значыць стварэнне чагосьці кшталту сталінскага СССР. Курс на стварэнне — з дапамогай Расіі — таталітарнай сістэмы.

Аднак некаторыя апошнія яго рухі цела сведчаць пра тое, што частка людзей (у сістэме. — Заўв. рэд.) бачаць будучыню па-іншаму, жадаюць вяртання ў больш мяккі і памяркоўны аўтарытарызм узору 2010-х гадоў. Гэта не абавязкова вяртанне ў 2019-ты, але паўтарэнне сцэнара, які рэалізоўваўся пасля Плошчаў 2006-га і 2010-га гадоў. То-бок прысутнасць рэпрэсій, але без надрыву.

Думаю, у галаве Лукашэнкі абодва гэтыя варыянты прысутнічаюць.

І, канешне, вельмі важны момант — транзіт улады. Пры Лукашэнку ці пасля яго. Плаўны транзіт — гэта вельмі складаная задача для яго.

– Каго ж правіцель можа бачыць у ролі пераемніка, калі, напрыклад, праблемы са здароўем больш не дазволяць яму аператыўна кіраваць краінай?

– Наша вялікае апытанне 43 экспертаў паказала некалькі варыянтаў. Адзін з іх — Лукашэнка пакідае запавет, у якім будзе імя яго старэйшага сына Віктара. Але такі запавет павінен суправаджацца пэўнымі крокамі.

На досведзе Азербайджана, Туркменістана, Паўночнай Карэі мы бачым, што такі транзіт павінен рыхтавацца, грамадства прывучаюць да яго загадзя. Але сёння Віктар Лукашэнка — ніхто.

(Нагадаем, што МАК не прызнае Віктара Лукашэнку кіраўніком Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Заўв. рэд.).

Іншы варыянт (пры Лукашэнку ці без яго) — прызначэнне не сына, а кагосьці з тройкі «Качанава, Галоўчанка, Круты». Некаторыя эксперты лічаць, што прызначаны можа быць хутчэй нават цяперашні кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі: Круты малады, толькі заняў высокую пасаду. Праўда, з часам яго могуць з’есці.  

Відавочнага фаварыта на сёння няма, і Лукашэнка як мага далей будзе адцягваць сваё рашэнне. Пакуль ён адчувае сябе даволі нармальна і разумее, што абвесціць цяпер імя пераемніка — гэта зрабіць сябе кульгавай качкай, ініцыяваць дэстабілізацыю ў сістэме, калі людзі пачнуць арыентавацца на пераемніка, а не на сённяшняга фактычнага кіраўніка.

І, канешне, нельга выключаць варыянт, пры якім Лукашэнка так зацягне свой выбар, што здарацца падзеі, у выніку якіх ён перастане быць кіраўніком, і тады можа адбыцца бойка за ўладу. Ясна, што і Расія ўбаку не будзе стаяць.

– Як, на вашу думку, змяняецца і будзе змяняцца беларускае грамадства — з улікам рэпрэсій, ад'езду з краіны соцень тысяч актыўных людзей, падпарадкавання Расіі? Ці магчымае ў такіх умовах развіццё нацыянальнай ідэнтычнасці?

– Як ні дзіўна, нават у цяперашніх умовах ідэнтычнасць фармуецца. Пра вайну на поўдні кажуць, што гэта «не наша вайна». Сярод беларусаў ёсць абсалютны кансэнсус пра тое, што наша армія не павінна ўдзельнічаць у баявых дзеяннях. Хаця здавалася б: а чаму не? Калі беларусы — тыя ж рускія, толькі «са знакам якасці»? Чаму б тады не паваяваць?

Але не, аказваецца, беларусы — не рускія, «гэта не наша вайна». І так гаворыць у тым ліку частка тых, хто падтрымлівае Лукашэнку.

Сацыёлаг Філіп Біканаў у даследванні пра ідэнтычнасць беларусаў паказаў: ёсць празаходняя беларуская ідэнтычнасць, але ёсць і лукашэнкаўская квазісавецкая, але таксама беларуская ідэнтычнасць.

Ідэнтычнасць «Белоруссия», «мы — те же русские» распаўсюджана вельмі мала. Нашмат больш распаўсюджаны думкі: так, мы сябруем з Расіяй, гэта наш брат, але ж брат — гэта не я.

Як будзе развівацца такая ідэнтычнасць, да чаго яна прывядзе — гэта складанае пытанне.

Але ў тым ліку з гэтай прычыны я не бачу моцнага падмурка для паглынання Беларусі Расіяй. Зрабіць гэта могуць: войскі ўвойдуць — і ўсё. Могуць паставіць сваю марыянетку. Але каб гэта ўвайшло арганічна, каб беларусы адчувалі сябе гэтак жа, як жыхары Разані ці Тамбова — такога не будзе.

Цікава, што на пачатку 1990-х выглядала па-іншаму. Я глядзеў апытанне НІСЭПД за лістапад 1993-га: больш за 50% хацела аднаўлення СССР. Здавалася б: бярыце тады Беларусь голымі рукамі. На мяжы 2000-х прапорцыя змянілася: большасць была ўжо супраць аднаўлення СССР.  

Але выключаць, што Расія можа паспрабаваць забраць Беларусь у будучыні, нельга. Прычым пры розным развіцці падзей. Калі раптам рускія выйграюць вайну супраць Украіны: «Ну, каб два разы не ўставаць».

І пры адваротным сцэнары. Пры поўным разгроме і маршы УСУ па Краснай плошчы, канешне, планаў на Беларусь у Масквы ўжо не будзе. Канешне, калі Расія пасыпецца, то будзе не да нас. А што калі не пасыпецца?

Прачытаць цалкам інтэрв'ю з Юрыем Дракахрустамможна тут.