Хронікі рэпрэсій. За татуіроўку схапілі непаўналетняга, за шпіянаж судзяць былога вайскоўца

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 11 верасня.

_drot_minsk_kraty_njavolja_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo_1_logo.jpg_logo.webp

У Мінскім абласным судзе асудзілі палітзняволенага Андрэя Рамановіча паводле ч. 1 арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Суддзя Анжаліка Данілава прызначыла Андрэю 2,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Палітвязня абвінавацілі ў тым, што ён 18 сакавіка 2022 года ў Івацэвіцкім раёне зняў на тэлефон перамяшчэнне беларускай вайсковай тэхнікі і даслаў відэа ў адну з тэлеграм-групаў, прызнаных «экстрэмісцкімі» матэрыяламі.

У судзе Кастрычніцкага раёна Мінска асудзілі Яўгенію Савасцееву паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Суддзя Вольга Няборская прызначыла Яўгеніі тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).

Яўгенію абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту ў Мінску і ў выхадзе на праезную частку на праспектах Незалежнасці і Пушкіна — мінчанка паказвала рукой знак «Вікторыя» і выкарыстоўвала бел-чырвона-белы сцяг «у якасці пратэснай сімволікі».


Глядзіце таксама

Сёння ў Мінскім гарадскім судзе пачалі судзіць Дзмітрыя Гуліна — вайскоўца ў адстаўцы, якога абвінавачваюць у дзейнасці на карысць украінскіх спецслужбаў. Пасяджэнне вядзе суддзя Святлана Бандарэнка.

Вядома, што Дзмітрый да 2012 года служыў ва Узброеных сілах Беларусі, пасля 2020 года ён з'ехаў ва Узбекістан. Праўладныя крыніцы паведамляюць, што пасля гэтага ён паехаў у Кіеў, дзе яго нібыта завербавала СБУ. Пазней Дзмітрый вярнуўся ў Мінск, дзе яго затрымалі.

Паведамляецца, што мужчына з’яўляецца тапографам высокага класа, раней меў доступ да дзяржаўных сакрэтаў. Таксама праўладныя крыніцы пішуць, што падчас поўнамасшатбнага ўварвання РФ ва Украіну Дзмітрый перадаваў украінскім спецслужбам інфармацыю аб перамяшчэнні і дыслакацыі войскаў, складзе сіл спецаперацый і іншае.

Баранавіцкага актывіста з інваліднасцю трэцяй групы Ігара Шумілава перавялі ў шклоўскую калонію.

Нагадаем, 30 траўня Ігару прызначылі 4,5 года зняволення паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса за чатыры малюнкі ў «Аднакласніках». Суддзя Мікалай Кміта разглядзеў ягоную справу за адну гадзіну.

Ігар мае інваліднасць трэцяй групы — 10 гадоў таму ён трапіў у ДТЗ і згубіў нагу, а таксама праз гэта мае сур'ёзную праблему з правай рукой. У мужчыны ёсць 11-гадовы сын.

За тэлеграм-каментары затрымалі слесара з Мінска — супраць мужчыны заведзеныя некалькі крымінальных справаў.

Затрыманы — 36-гадовы мінчук Павел Ліпневіч. Вядома, што мужчына працаваў слесарам у кампаніі ААТ «Запавет», якая займаецца мантажом электратэхнічных сетак. Раней мужчына меў ІП, якое займалася рамонтам аўто.

Мужчына выдаліў акаўнт у 2022-м, але яго здолелі адшукаць. Ён нібыта паспеў пакінуць больш за 600 каментароў у розных чатах.


Глядзіце таксама

У Ваўкавыску 10 сутак арышту прысудзілі Віталю Крысюкевічу. Паведамляецца, што мужчына нібыта распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы, дома ў яго знайшлі БЧБ-сімволіку. Яму інкрымінавалі арт. 19.11 КаАП.

Затрыманы 17-гадовы хлопец за татуіроўку пра «рускі ваенны карабель». Яго далейшы лёс невядомы, прозвішча не называецца.

У Беларусі новае «экстрэмісцкае фармаванне» — тэлеграм-чат «Атоліна». Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 31 жніўня.

У мінулым студзені па 4 гады калоніі прызначылі дырэктару прыватнай друкарні Арцёму Федасенку і адміністратару тэлеграм-канала «Атоліна» Паўлу Юхневічу.

Тэлеграм-канал «Хрысціянская візія» прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Адпаведнае рашэнне прынятае судом Лідскага раёна 7 верасня. «Экстрэмісцкімі матэрыяламі» таксама прызнаны лагатып праекта.

Таксама ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» трапілі тэлеграм-каналы і чаты «Dapamoga», «ОШС», «Mienski Reagan», «Уручье 4».


Глядзіце таксама

Палітвязень Аляксандр Юніцкі адбыў тэрмін і выйшаў на волю.

Жыхара Светлагорска абвінавацілі паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») у тым, што ў жніўні мінулага года ў «Аднакласніках» напісаў каментар з аднаго слова «мразь» пад пастом пра тое, што інспектар ДПС маёр міліцыі Андрэй Баграёнак удзельнічаў у разгоне мірных сходаў і штрафаваў за падачу гукавых сігналаў салідарнасці.

З 21 жніўня 2021 палітвязень адбываў тэрмін у папраўчай установе адкрытага тыпу.