Грошы з паветра. На мяжы цяпер трэба плаціць за абавязковую дэзінфекцыю транспарта
Пра тое, што беларускія ўлады ўмеюць абкладаць жыхароў краіне падаткамі, ведае кожны, хто жыве на «моцным і квітнеючым» «кавалачку зямлі». Два тыдні таму запрацаваў чарговы механізм, які будзе генераваць грошы літаральна з паветра. Нягледзячы на тое, што пандэмія каронавірусу ўжо даўно скончылася, рэжым Лукашэнкі вырашыў дэзінфікаваць транспартныя сродкі беларусаў і грошы гэтых жа беларусаў.
З 1 верасня ва ўсіх пунктах пропуску на мяжы з Літвой,
Латвіяй і Польшчай запрацавалі станцыі дэзінфекцыі. З 16 верасня паслуга стала
платнай. Дэзінфекцыю абавязкова павінны прайсці ўсе транспартныя сродкі, якія
ўязджаюць у краіну: ад легкавікоў да фур. Office.Life сабраў
самае важнае, што трэба ведаць аб гэтай працэдуры.
Як гэта адбываецца
Кіроўца заязджае ў пункт пропуску, у касе банка або ў страхавой аплачвае новую паслугу. Атрымлівае электронны білет з QR-кодам, пры праверцы паказвае яго памежніку. Далей выязджае з пункта пропуску і едзе на станцыю дэзінфекцыі.
Колькі каштуе
2 рублі за апрацоўку легкавушкі, 30 рублёў — аўтобуса, 95 рублёў — грузавіка.
Абяцаюць, што хутка будзе магчымасць аплаціць праз АРІП і картай праз тэрмінал самаабслугоўвання.
Чым дэзінфікуюць
У якасці дэзінфікуючага рэчыва на станцыях выкарыстоўваюць 0,5%-ны раствор сертыфікаванага «Юнідэза». У кампаніі «БелГлобалГарант», якая рэалізуе праект, запэўніваюць, што ён не псуе металічны кузаў і не аказвае негатыўнага ўздзеяння на чалавека.
А гэта доўга?
Прыкладна 10 секунд на легкавую машыну.
Навошта наогул гэта трэба?
Нібыта каб выключыць завоз з-за мяжы бактэрый і вірусаў, якія небяспечныя для сельскай гаспадаркі: напрыклад, афрыканскай чумы свіней.
Нагадаем, што ўказ «Аб абавязковай дэзінфекцыі
транспартных сродкаў» быў падпісаны ў красавіку 2022 года. Займацца гэтым
даручана кампаніі кампаніі
«БелГлобалГарант», якая належыць набліжанаму да Лукашэнкі бізнесмену Сяргею Цяцерыну.