Хто яны, жыхары выміраючай вёскі?

Апошнім часам ад моладзі ўсё часцей можна пачуць, што яны б хацелі кінуць гарадское жыццё, набыць у якой-небудзь «забытай богам» вёсцы панскі маёнтак, старую школу ці проста драўляную хатку, зрабіўшыся гэткім хіппі-адшчапенцам. Гэта стала нейкай, так бы мовіць, «беларускай марай».

2018_05_20_01.15.26_1_logo.jpg


Аднак пры гэтым колькасць выміраючых вёсак у Беларусі з кожным годам расце. Напрыклад, у Навадарожскім сельсавеце, што на Старадарожчыне, вёсак, якія паміраюць з апошнім яе жыхаром, налічваецца каля дзясятка: Дуброўскія хутары, Боркі, Іванаўка, Лукошкі, Старыя і Новыя Ісаевічы, Дубное, Равань, Раз’езд Фалічы, Буда. Ужо некалькі гадоў як знікла вёска Арыжня, што размяшчалася акурат на аднайменнай рэчцы. На адзін раён у Беларусі прыходзіцца прыкладна каля 7 сельсаветаў, а значыць — каля 70 выміраючых вёсак. У Беларусі квітнеюць аграгарадкі, а знікаючых вёсак ужо налічваецца дзесьці пад тысячу…
Ад таго, што некаторыя хаты скупляюць пад лецішча, вёска жывей не робіцца. Бо для мясцовых недапушчальна прайсці па вуліцы, і не тое, што не спытаць пра сённяшні ўраджай, а нават не павітацца. Бо ў вёсцы пра такіх кажуць: «О, прасуналася, і «здрасьце» не сказала! Свінння і то рухкне!»

2018_05_20_01.35.45_1_logo.jpg


Прыкладам такой вёскі з’яўляюцца невялічкія Боркі. Яны ўяўляюць сабой адну вуліцу даўжынёй каля 2 кіламетраў, уздоўж якой раскінуліся маляўнічыя хаткі да самага лесу. Назва ў вуліцы — Зялёная, бо адзін з мясцовых жыхароў, пераехаўшы сюды з Асіповічаў, па звычцы называў яе па былому месцу жыхарства. Так і прыжылося. Але, насамрэч, патрэбы ў ёй няма, бо калі прыходзяць сюды лісты, то можна пабачыць, што многія проста не пазначаюць вуліцу: «в. Боркі, д. 7».
Калісьці ў Борках дзейнічала школа з бібліятэкай і кіназалай, была канюшня, але цяпер уся цывілізацыя зводзіцца да прыязджаючай тры разы на тыдзень аўталаўкі. Але яна нават не дае гарантыі, што мясцовыя будуць з хлебам ды свежымі прадуктамі. І здаецца, што гэта амаль што адзіная нагода сабрацца жыхарам разам.

2018_05_20_01.11.40_1_logo.jpg


Жылых двароў, як раней казалі, тут засталося каля дзясятка. Цяпер падзеяй лічыцца нават тое, што чужы сабака прабяжыць па гародзе. А раней ўсё было інакш. Напрыклад, з-за таго, што тут знаходзілася адно з нямногіх прадпрыемстваў, быў вялікі ўзровень злачыннасці. Мясцовы ўчастковы жартаваў калісьці: «Калі б не Боркі, то ў сельсавеце і працы не было б». Адна з самых гучных спраў адбылася тут у 2011 годзе. Мясцовы жыхар з суседняй вёскі ўначы падпаліў цэха дрэваапрацоўчага прадпрыемства, пакінуўшы запіску для гаспадара: «У нас трацілу для ўсіх хопіць. Таму прывязі 3000 долараў на сметнік каля лесу і пакінь іх у халадзільніку». Прадпрымальнік спрабаваў самастойна затрымаць злачынцу, адправіўшыся на сметніцу, але той прадугледзеў усё да дробязяў. Апрануў доўгі зялёны плашч, каб выцягнуць рост і здавацца больш высокім, а на красоўкі апрануў шкарпэткі, каб не пакідаць сляды на полі, калі будзе ўцякаць. З-за таго, што ў справе фігуравала выбухоўка, то да расследавання далучылася КДБ. Злачынцу знайшлі, прыцягнулі да адказнасці, але матэрыяльную шкоду за спалены матэрыял прадпрымальнік так і не спагнаў. Выканаўчыя органы Беларусі ў гэтай сітуацыі апынуліся чарговай дэкларатыўнай інстанцыяй.
Таксама быў перыяд у 2000-х, калі напрацягу пяці гадоў тут гарэлі хаты. Хтосьці называе гэта супадзеннем, а нехта заканамернасцю.

2018_05_20_01.07.42_1_logo.jpg


Сустрэўшыся з мясцовымі жыхарамі, я прапанавала ўспомніць якую-небудзь яркую падзею ці гісторыю, якая адбылася з імі ў Борках. Але, як высвятлілася, задача для іх апынулася не з самых лёгкіх, як падавалася на першы погляд.

fota_1_3_logo.jpg

Баба Наста:«Абаждзі! Я памятаю, як я ў школьным саду танчыла. Было нейкае свята, мы разаслалі покрыва, нехта прынёс магнітафон і мы скакалі пад музыку прама сярод яблынь. Гэта быў першы раз, калі я танчыла. Другі раз быў, калі мы ў армію хлопца праваджалі. Вось гулянне ўжо было! Але яго тады так і не забралі ў армію. А памятаю яшчэ, як пешшу ў суседнюю вёску ў Кавалічы на 8 сакавіка ў клуб хадзіла. Быў конкурс на лепшы танец, і я атрымала тады аж 2 прызы: мачалку і грабянец! Вось колькі я танчыла! А цяпер што? Вось гектар зерня ўручную пасадзіла, а 20 чэрвеня мне спаўняецца 80 гадоў».

fota2_2_logo.jpg


Андрэй:
«Не трэба са мной размаўляць. Я асоба пры пасадзе, таму мне нельга лішні раз маячыць. Ну не ведаю, што цікавага ў маім вясковым жыцці было — штодзённае ўсё: дом і праца. О, памятаю, як мяне ў армію праважалі. Тады ледзь дзеўку не згвалцілі. Але гэта ж нецікава нікому. Дарэчы, у нас тут Оля-суседка жыла. Уяўляеш, кажуць, што цяпер яна ў Бараўлянах більярднай кіруе. О паднялася!»
Андрэй халасцяк, які жыве з матуляй, час ад часу п’яным выганяючы яе з хаты. Ужо 15 гадоў працуе лесніком у суседняй вёсцы. Але ён з’яўляецца адзіным працоўным на цэлую вёску.

fota_3_1_logo.jpg

Юзік:
«Я тут і нарадзіўся. Тут у школу хадзіў. Адсюль у армію пайшоў. Вось тут і жыву цяпер. Так і напішы, што проста працаваў усё жыццё».
Суразмоўца толькі пару дзён таму выпісаўся з раённай бальніцы. Там яму сказалі, што яго хвароба галавы не лечыцца. Але ён ні на хвіліну не пакінуў сваю ўсмешку, нават калі распавядаў пра гэта. Хобі ў вясковага жыхара — збіраць пустыя бутэлькі, метал, паперу. Таму яго часта можна сустрэць на ровары, раз’язджаючым па іншых вёсках. Хаця ён атрымлівае вялікую пенсію. Мясцовыя кажуць: «Ну такі чалавек!»

fota_4_1_logo.jpg

Віця «Заяц»:
«У мяне ў жыцці ўсё нармальна. Памятаю, калі быў маленькім, то за вёскай ля лесу была вялікая горка вышынёй пад 2 метры. Мы яе «залатым калодзежам» называлі. Кажуць, там калісьці быў панскі маёнтак. І мы з сябрамі хадзілі туды гуляць. Дык аднойчы я там лыжы зламаў! Вось гэта адзіная мая прыгода ў Борках».
У вёсцы ён мае мянушку «Заяц». Пражыў у Борках з матуляй амаль усё сваё жыццё. З’яўляецца абсалютным рэкардсменам па спусканні на гарэлку пенсіі. Напрыклад, атрымаўшы 180 рублёў 18-га, 20-га ў кішэні мае толькі капейкі. Заўсёды перасоўваецца на ровары, нават у галалёд. Але пры гэтым у хаце ў яго заўсёды чыста, пасаджаны гарод і ўлетку амаль штодзень бегае ў лес па грыбы і маліну.

fota5_1_logo.jpg

Віцька:
«А мой здымак дойдзе да Лукашэнкі? Ведаеш, у мяне ў жыцці цікавага нічога не было. Вось у мяне цяпер Жучка — самы хітры сабака на свеце. Што за наколкі? Сваё значэнне ў іх. Помню, у мяне была машынка, і я тут у Борках сам сабе рабіў. Мне трэба было звесці адну нядобрую наколку. Так яны засталіся».
Жыве ў Борках з бацькам на яго пенсію. Не працуе ўжо каля 10 гадоў. Нават сельсавет спрабуе паўплываць на яго, час ад часу выклікаючы на прафілактычную гутарку.

fota6__1__logo.jpg

Сяргей:
«Я нарадзіўся не тут, у Асіповічах, але пражыў тут палову свайго жыцця, выгадаваў дзвюх дачок, таму можна сказаць, што гэта мая другая Радзіма. Самая яркая падзея? Пажар, які цалкам знішчыў маё жыллё і маю працу. Мы, калі пераехалі, купілі вялікую старую драўляную школу, дзе жылі з сям’ёй, і дзе я працаваў з драўнінай. Пасля пажару застаўся толькі клунок адзення, тэлевізар і дзве скрынкі з фотаздымкамі. Але мы ўсё роўна засталіся ў Борках. Спачатку жылі ў чужой хаце, а потым пабудавалі свой дом. З працай было цяжка — не толькі таму што ўсё згарэла, і прыйшлося будаваць бізнес з нуля, замінала нармальна працаваць і, як яе называюць, «праграма развіцця малога бізнесу». Таму Боркі для мяне, у першую чаргу, гэта пераадоленне нялёгкіх жыццёвых сітуацый».

fota7_1_logo.jpg


Шчыра кажучы, я спадзявалася пры размовах з мясцовымі пачуць больш вясёлыя і цёплыя гісторыі. Здавалася б, яны павінны былі разрываць падобнымі аповедамі пра сваё вясковае жыццё, але ўскрыць сябе — гэта амаль невыканальная задача для іх. У такіх вёсках быццам іншае вымярэнне часу, дзе людзі не распыляюцца на нейкія там успаміны. Думаюць яны хвілінай, якая цячэ тут і цяпер. Ні гадзіны наперад або назад.

2018_05_20_01.38.19_1_logo.jpg


Але, насамрэч, усмешкі і пацешныя гісторыі ўсё ж былі. Яны выляталі з вуснаў вяскоўцаў, калі бачылі майго павадыра — сабаку Міцю. Кожны называў яго сваім сябрам, і ў кожнага была добрая гісторыя пра яго. Гэткі стары таварыш з агульнымі гісторыямі. Нават дачнікі спынялі мяне і расказавалі, як прывозяць яму косткі з гораду. Міця — увасабленне дабра і недаказанасці вёскі Боркі.