Хто тут жыве, той у цырку не смяецца

1 красавіка ва ўсім свеце прынята жартаваць, па-добраму кпіць адно з аднаго, прыкалвацца, проста смяяцца. Бо гэта — так званы «Дзень дурня», дзень гумару, дзень смеху. Гэта ў нармальным свеце. У Беларусі ж ужо даўно, некалькі дзесяцігоддзяў нават у гэты дзень не да смеху і жартаў.

691046939img_3068.jpg


Тое, што адбываецца ў нашай краіне ў апошнія гады, асабліва пасля 9 жніўня 2020, не можа даваць падстаў для жартаў і смеху. Цяжка сабе ўявіць, але Беларусь, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, у ХХІ стагоддзі адкочваецца ў феадалізм, у сярэднявечча з яго інквізітарамі і правіцелямі-абсалюцістамі. Як вынік — адпаведнае сярэднявечнае стаўленне ўлады да людзей, да іншадумцаў, да чалавечых каштоўнасцей, да свабоды, увогуле да цывілізацыі.

Ці да смеху тады і там, дзе двух братоў судзяць за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці «ў складзе групы з двух чалавек»? Ці за шкарпэткі або сукенку непажаданых колераў, якія яшчэ нядаўна былі колерамі дзяржаўнага сцяга, пад якім прымаў прысягу першы і нязменны галоўны феадал? За тое, што доктар кажа пра адсутнасць алкаголю ў крыві забітага грамадзяніна з актыўнай пазіцыяй, журналістка піша пра гэта, а іх судзяць і знявольваюць за нібыта раскрыццё медыцынскай таямніцы і дэстабілізацыю праз гэта грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне? Абрагочашся.

Не да весялосці тым, хто прайшоў праз збіццё, здзекі, знявагу і катаванні пасля акцый пратэсту, хто праз дзеянні нелюдзяў у чорным з дубінкамі і ў забралах ці проста ў цывільным, але «пры выкананні», стаўся інвалідам фізічна або трымаў псіхалагічныя і маральныя траўмы калі не на ўсё жыццё, то на доўгі час гарантавана. Хто трапляў пад вадамёты і гумовыя кулі, пад слезацечны газ і духацілаўку аўтазакаў і перапоўненых камер у СІЗА і ЦІПе на Акрэсціна ды турмах у іншых гарадах.

Не да смеху і жартаў сёння тым, хто губляе працу або працуе, але заробкі падаюць пры росце цэн на тавары, паслугі, камуналку, лекі — на ўсё! Тым, каго за грамадзянскую пазіцыю вышпурнулі з навучальных устаноў, звольнілі, не працягнулі кантракт, адабралі ліцэнзію, як гэта зараз павальна робяць з адвакатамі толькі за выкананне імі сваіх працоўных абавязкаў. Журналістам, якіх хапаюць, судзяць, садзяць ці штрафуюць выключна за іх працу. Калі недзяржаўныя газеты не даюць прадаваць у кіёсках, выносяць ім надуманыя папярэджанні. Музыкам, якім забараняюць канцэрты і якіх таксама хапаюць і судзяць. Акцёрам, якіх звальняюць цэлымі калектывамі.

Не да смеху і жартаў сёння актывістам недзяржаўных прафсаюзаў і праваабаронцам, родзічам і сябрам соцень палітзняволеных і тых, хто цяпер знаходзіцца пад крымінальным пераследам толькі за тое, што выказваў сваю нязгоду з палітыкай пануючага ў Беларусі рэжыму. Не да жартаў і весялосці блізкім тых, хто пакутуе ад каронавіруса, самое існаванне якога асабіста правадыр абвяргаў працяглы час, кляўся, што ў нас ніхто «не памёр і не памрэ» ад гэтай навалы. Вынік усім добра вядомы: нават па афіцыйных дадных ад «кароны» ў нашай краіне сканалі ўжо больш за дзве тысячы чалавек, і канца гэтаму не відаць.

Не да ўсмешак прадпрымальнікам, якіх улады працягваюць пляшчыць праз падаткі і няроўнасць параўнальна з дзяржаўнымі прадпрыемствамі і ўстановамі. Не да «хіханяк» і шараговым і не вельмі дыпламатам, якія праз палітыку і паводзіны сваіх кіраўнікоў робяцца ізгоямі і пасмешышчам у міжнародным прафесійным асяродку, бо вось якраз там над дзеяннямі Макея і кампаніі калі не рагочуць у голас, то дакладна пасміхаюцца, ужо нават без злосці на адкрыта ідыёцкія выпады і каментары з боку тутэйшага МЗС. Навукоўцам, над якімі дзяржава літаральна здзекуецца, кідаючы ім бюджэтныя капейкі, але патрабуючы тэрміновай аддачы для эканомікі, нават не разумеючы, што хутка толькі трусы пладзяцца.

Так, той хто жыве ў сённяшняй Беларусі, той у цырку не смяецца, бо цырк тут яшчэ той, своеасаблівы, саўгасна-суверэнны. Атрымліваецца, што не да смеху сёння амаль усім, апроч тых, для каго дзейны рэжым з’яўляецца гарантыяй бязбеднага і стабільнага існавання. Яны робяць усё для таго, каб у Беларусі кожны дзень быў Днём дурня, бо менавіта за дурняў улады трымаюць пераважную большасць насельніцтва краіны, абалваньваючы людзей нізкапробнай прапагандай з экранаў тэлевізараў і радыёкропак, са старонак дзяржаўных выданняў. Вось ім — «да смеху», гэтым натахам з масандрамі, высокапастаўленым дзеячам і асобам з цяжкімі пагонамі, чые абуральныя выказванні і заявы сталі шырока вядомыя грамадскасці і якія, гледзячы па ўсім, калі што, то не спыняцца нават перад фізічным знішчэннем апанентаў улады.

Вось толькі гэтым «хахатунам-весельчакам» варта было б памятаць, што час не стаіць на месцы, цывілізацыю не спыніць, а добра смяецца той, хто смяецца апошнім. І гэта будуць зусім не яны.