Стары вызваленчы лозунг «За нашу і вашу свабоду!» застаецца актуальным і цяпер

Не трэба паддавацца адчаю. Беларуская ахвярнасць, беларуская салідарнасць, як па ўсёй краіне, так і за яе межамі, набылі небывалы размах, — пераконвае Уладзімір Хільмановіч у сваім блогу на «Гарадзенскай Вясне». 

img_2211_1_logo.jpg

Кожны дзень прыносіць сумныя «весткі з палёў». Ад жніўня мінулага года ў Беларусі працягваецца непрыхаваны тэрор дзяржаўных структур супраць грамадзян краіны.

Палітычных рэпрэсій такога размаху і шырыні не было ў Еўропе з канца 1960-ых — першай паловы 1970-ых гадоў, калі ў Грэцыі дарваліся да ўлады так званыя «чорныя палкоўнікі». Ваенная дыктатура ў Грэцыі трымалася сем гадоў і завяршылася, як і ўсе такія хунты, бясслаўна. Тое ж адбылося і ў паўднёваамерыканскай Аргенціне канца сямідзясятых — пачатку васьмідзясятых.

Розніца, аднак, паміж тагачаснымі Грэцыяй і Аргенцінай і цяперашняй Беларуссю вялікая. Прыроду кожнага такога рэжыму трэба разглядаць асобна. Дыктатуры тых жа Грэцыі ці Аргенціны былі менавіта ўнутранай справай і праблемай, у такой сітуацыі вызваліцца ад іх было намнога прасцей. Знешнія фактары маглі стаць толькі дапаможнымі чыннікамі (як, прыкладам, імклівая вайна Вялікабрытаніі за Фалклендскія астравы, якая хутка прывяла да краху аргенцінскай хунты).

У Беларусі ж доўгія гады аўтарытарны рэжым, які на нашых вачах перарос у таталітарны, мае знешняе, чужароднае паходжанне і падтрымку. Па сутнасці, беларускі народ цяпер вядзе нацыянальна-вызваленчы рух. І, па вялікім гістарычным рахунку, нічога не змянілася з часу паўстанняў Тадэвуша Касцюшкі ці Кастуся Каліноўскага. Сённяшні рэжым у Беларусі не толькі задушвае асноўныя грамадзянскія свабоды і правы чалавека — ён ад пачатку найперш быў скіраваны на знішчэнне ўсяго нацыянальнага. Гэты рэжым з крыві і косці ва ўсіх сэнсах ўгрунтаваны на расійскіх і на савецкіх традыцыях, наўпрост выводзіцца з часоў панавання расійскай імперыі і савецкага саюзу.

Гэтага доўга не разумелі (ці не хацелі разумець?) і ў самой Беларусі, і за яе межамі. Нездарма і зараз многія палітыкі, палітолагі, аналітыкі, журналісты слепа карыстаюцца тэрмінамі «беларускі рэжым», «беларускі кіраўнік», «беларуская дыпламатыя». А гэта абсалютна недапушчальна, таму што скажае, перакульвае з ног на галаву галоўныя сутнасныя рэчы. Бо гэты рэжым і ўсе яго дзеянні ад самага пачатку абсалютна антыбеларускія. І гэта іх асноўная характарыстыка.

Паводле даўняй палітычнай дактрыны Масквы, на нашай зямлі не павінна быць месца ніякім незалежным ліцвінам, ніякім беларусам, якія хочуць «людзьмі звацца». Не павінна быць месца і нейкім нацыянальным меншасцям. Вось чаму ўлады на чарговым этапе рэпрэсій так жорстка пераследуюць актывістаў Саюза палякаў у Беларусі. Няма сумневу, што, калі б былі актыўнымі і іншыя нацыянальныя супольнасці, іх чакала б тое самае. Таму стары вызваленчы лозунг «За нашу і вашу свабоду!» застаецца актуальным і цяпер. Бліжэйшыя суседзі Беларусі цяпер гэта добра разумеюць, робяць канкрэтныя захады па дапамозе рэпрэсаваным і пацярпелым. Заходняя Еўропа, real politic якой прывяла да істотнага ўзмацнення расійскай экспансіі ва Украіну і Беларусь, па-ранейшаму выказвае сваю «сур’ёзную заклапочанасць» сітуацыяй у нашай краіне.

Паводле апошніх падлікаў, колькасць фігурантаў палітычных крымінальных спраў у Беларусі наблізілася ўжо да тысячы. Дзясяткі тысяч былі пакараныя адміністрацыйнымі штрафамі і арыштамі. Тысячы людзей вымушаныя выехаць з краіны за мяжу. Калі наўкола адбываюцца такія масавыя рэпрэсіі, сітуацыя многім здаецца амаль безнадзейнай. Асабліва калі непасрэдна церпяць вашы сваякі, сябры, блізкія знаёмыя.

Але не трэба паддавацца адчаю. Беларуская ахвярнасць, беларуская салідарнасць, як па ўсёй краіне, так і за яе межамі, набылі небывалы размах. Беларуская нацыянальная бел-чырвона-белая сімволіка адрадзілася, стала вядомай на ўсёй планеце, і пры змене ўлады без пытанняў стане зноў дзяржаўнай. Цяпер надыходзіць час на адраджэнне беларускай мовы і культуры, без іх — далей ніяк. А велікодны перыяд і духовая падрыхтоўка да свята павінны ўмацоўваць нашу веру ў перамогу дабра над злом. Уваскрэслы Збаўца абнадзеіць, дасць новыя сілы і пакліча да святла праўды.    

Уладзімір Хільмановіч,  harodniaspring.org