НАУ Латушкі распрацавала канцэпцыю рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій у Беларусі

Канцэпцыя прадугледжвае як вызваленне змешчаных у турмы і СІЗА па палітычных матывах, так і дапамогу і кампенсацыі ўсім пацярпелым ад незаконных дзеянняў улады, пачынаючы з 1994 года. Мэта — каб палітычныя рэпрэсіі больш ніколі не паўтарыліся.

kartinka_1_1.jpg


Паведамляецца, што на рэабілітацыю могуць разлічваць і тыя, супраць каго была заведзеная крымінальная або адміністрацыйная справа з палітычнай падаплёкай; тыя, хто прайшоў праз катаванні і быў збіты; тыя, каго звольнілі ці выключылі з ВНУ за погляды і перакананні; тыя, хто быў выправаджаны з краіны, у каго адабралі бізнес, паведамляе «Наша Ніва».

Нацыянальнае антыкрызіснае ўпраўленне плануе, што ўсе рэпрэсаваныя будуць цалкам адноўленыя ў сваіх правах, змогуць вярнуцца ў краіну, працягнуць працу і вучобу. Ахвяры рэжыму атрымаюць матэрыяльную кампенсацыю, ім будзе аказаная юрыдычная, псіхалагічная і медыцынская дапамога. Для гэтага будзе створаная камісія, у якую ўвойдуць паважаныя юрысты, эканамісты, праваабаронцы і грамадскія дзеячы. Таксама будзе створаны фонд, сфармаваны за кошт рэспубліканскага бюджэту, міжнароднай падтрымкі, ахвяраванняў грамадзян і бізнесу, спагнанняў з вінаватых у рэпрэсіях.