Хто патрапіць у далейшым?

Санкцыі набіраюць абароты. Дзярждэпартамент ЗША 29 сакавіка заявіў пра ўвядзенне санкцый у адносінах да ВА “Беларуснафта. Прычына — кантракт беларускага прадпрыемства з іранскай кампаніяй “NaftIran Intertrade.



46d0671dd4117ea366031f87f3aa0093.jpg

Санкцыі набіраюць абароты. Дзярждэпартамент ЗША 29 сакавіка заявіў пра ўвядзенне санкцый у адносінах да ВА “Беларуснафта. Прычына — кантракт беларускага прадпрыемства з іранскай кампаніяй “NaftIran Intertrade.
“Злучаныя Штаты прымаюць дадатковыя меры для ўзмацнення ўціску на Іран за яго адмову выка­наць свае міжнародныя абавязацельствы ў сувязі з ядзернай праграмай, — паведамляе Дзярждэпартамент. — Адзін з ключавых элементаў нашай стратэгіі факусуецца на іранскіх магутнасцях па здабычы нафты і газу, якія, як прызнаецца ў рэзалюцыі Савета бяспекі ААН №1929, Іран выкарыстоўвае для фінансавання сваёй дзейнасці па распаўсюджанні [ядзернай зброі], а таксама для маскіроўкі імпарту тавараў двайнога прызначэння.
“У межах гэтай стратэгіі Дзярждэпартамент увёў санкцыі ў адносінах да беларускай дзяржаўнай энергетычнай кампаніі “Беларуснафта ў адпаведнасці з Законам аб санкцыях у адносінах да Ірана 1996 года, дапоўненых Законам аб усёабдымных санкцыях у адносінах да Ірана, прыцягненні да адказнасці і дывесціраванні (канфіскацыі інвестыцый) 2010 года, — за яе ўдзел у іранскім нафтавым сектары, — зазначаецца ў паведамленні.
Дзярждэпартамент устанавіў, што ў 2007 годзе ВА “Беларуснафта заключыла кантракт на 500 мільёнаў долараў ЗША з іранскай “NaftIran Intertrade Company для распрацоўкі нафтавага радовішча Джафейр. Разам з тым закон 1996 года прадугледжвае накладанне санкцый на кампаніі, якія інвестуюць больш як 20 мільёнаў долараў.
Знешнепалітычнае ведамства ЗША нагадвае, што ў верасні мінулага года, у адпаведнасці з законам аб усёабдымных санкцыях супраць Ірана, Злучаныя Штаты прымусілі спыніць інвестыцыі ў іранскі энергетычны сектар пяць кампаній: Total (Францыя), Statoil (Нарвегія), ENI (Італія), Royal Dutch Shell (Нідэрланды) і INPEX (Японія).
29 сакавіка на брыфінгу ў Вашынгтоне афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамента Марк Тонер заявіў, што санкцыі азначаюць абмежаванне доступу кампаніі на амерыканскі рынак. “Нават калі зараз яна не вядзе ў ЗША камерцыйную дзейнасць, у яе будзе абмежаваная магчымасць працаваць у ЗША ў будучым, — сказаў Тонер. Паводле яго слоў, кампаніі давядзецца вызначыцца, весці бізнэс у ЗША або ў Іране.
Гаворка ідзе аб чатырох відах санкцый, зазначыў прадстаўнік Дзярждэпа — гэта забарона на падтрымку экспарту ад Экспартна-імпартнага банка ЗША, на атрыманне экспартнай ліцэнзіі ад урада ЗША, на атрыманне ад прыватнага амерыканскага банка крэдыту больш чым на 10 мільёнаў долараў на працягу года, а таксама на падпісанне кантрактаў з урадам ЗША.
Як заявіў Тонер, увядзенне санкцый з’яўляецца таксама сігналам для партнёраў ЗША ў Еўропе. “Я ўпэўнены, што гэтая кампанія мае ці хоча мець доступ на еўрапейскія рынкі, — сказаў прадстаўнік Дзярждэпартамента.
9 жніўня 2010 года Савет міністраў Беларусі зацвердзіў Стратэгію развіцця энергетычнага патэнцыялу Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасці з якой за 10 гадоў планавалася здабыць у Іране больш як 9 мільёнаў тон нафты.
У Іране створана сумеснае беларуска-іранскае прадпрыемства, якое ўдзельнічае ў праекце распрацоўкі радовішча Джафейр. Як гаворыцца ў тэксце стратэгіі, “максімальны аб’ём нафты, плануемы да здабычы беларуска-іранскім сумесным прадпрыемствам да чацвёртага года распрацоўкі радовішча, складзе каля 1,3 мільёна тон у год. Перыяд стабільнай здабычы нафты — 10 гадоў. За 10 гадоў назапашаная здабыча нафты складзе 9,3 мільёна тон.
У прынцыпе, як кажуць эксперты, па вялікім рахунку, ад гэтых санкцый “Беларуснафце ні холадна, ні горача. “Беларуснафта не будзе мець магчымасці купляць у ЗША тэхналагічнае абсталяванне. Але, тым не менш, на рынку дастаткова аналагічнага абсталявання, якое можна купіць і ў іншых краінах.
Што да эканамічных стратаў, то іх не будзе, таму што “Беларуснафта не пастаўляе нафту і нафтапрадукты ў ЗША. Аб’яднанне пастаўляе звадкаваны газ, беларускую нафту і нафтапрадукты. Кампанія іншым разам закупляе і расійскую нафту, перапрацоўвае яе і пастаўляе нафтапрадукты пераважна ва Украіну, дзе ў яе размешчана даччынае прадпрыемства. Летась “Беларуснафта не экспартавала беларускую нафту, а сёлета атрымала магчымасць пастаўляць нафту. Экспарт ажыццяўляецца ў Польшчу і пераважна ў Германію.
Адзінае, на што паўплывае рашэнне ЗША, — на імідж беларускай кампаніі. Але пасля мінулых прэзідэнцкіх выбараў, імідж Беларусі і так ніжэй плінтуса. Імідж асобнай кампаніі на гэта наўрад ці паўплывае.
А імідж усё пагаршаецца. 29 сакавіка на шэрагу інтэрнэт-сайтаў са спасылкай на ананімнага прадстаўніка спявачкі Шакіры з’явілася паведамленне, што Шакіра паводле палітычных матываў адмяніла канцэрт у Мінску — быццам бы яе “насцярожвае палітычнае становішча ў Беларусі.
Канешне, гэтае паведамленне было абвергнутае. Канцэрт Шакіры ў Мінску не адменены, ён адбудзецца, заявілі ў канцэртным аддзяленні Палаца Рэспублікі, які выступае арганізатарам канцэрта. Арганізатары не атрымлівалі ніякіх паведамленняў аб адмене, а таксама ніякіх паведамленняў аб змене канцэртнага графіка Шакіры. Чуткі аб адмене канцэрта не ма­юць пад сабой падстаў, усе білеты, прададзеныя на канцэрт Шакіры, застаюцца сапраўднымі.
Варта зазначыць, што некалькі месяцаў таму акцёры беларускага “Свабоднага тэатра заклікалі сусветных зорак падтрымаць беларускіх палітзняволеных і падчас гэтай кампаніі салідарнасці адмяніць свае канцэрты ў Беларусі.
Але, каб Беларусь была нармальнай краінай, ці ўзнікалі б такія чуткі?
Зараз застаецца толькі здагадвацца, хто наступны патрапіць пад “іміджавы ўдар па Беларусі.