Хто здаўся?
Пасля працяглых прапагандысцкіх і гандлёвых войнаў Масква нечакана расплылася мёдам перад Беларуссю. «Я вельмі рады, што ў нас сёння ёсць магчымасць пагаварыць у двух фарматах: і
ў межах двухбаковых адносін, і ў межах нашых інтэграцыйных працэсаў.
У цэлым сітуацыя складваецца нядрэнна», — заявіў прэм’ер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін, адкрываючы 15 жніўня сустрэчу з кіраўніком беларускага ўрада Міхаілам Мясніковічам у
вузкім фармаце.
Пасля працяглых прапагандысцкіх і гандлёвых войнаў Масква нечакана расплылася мёдам перад Беларуссю. «Я вельмі рады, што ў нас сёння ёсць магчымасць пагаварыць у двух фарматах: і
ў межах двухбаковых адносін, і ў межах нашых інтэграцыйных працэсаў.
У цэлым сітуацыя складваецца нядрэнна», — заявіў прэм’ер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін, адкрываючы 15 жніўня сустрэчу з кіраўніком беларускага ўрада Міхаілам Мясніковічам у
вузкім фармаце.
Больш за тое, Пуцін лічыць, што фармаванне Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Казахстана і Расіі не памяншае актуальнасці задачы развіцця Масквой і Мінскам Саюзнай дзяржавы.
«Мы лічым, што разнахуткасны рух у сферы інтэграцыі апраўданы. Па некаторых кірунках Саюзная дзяржава яўна абганяе Мытны саюз і Адзіную эканамічную прастору будучую», —
цытуе Пуціна РІА «Новости».
Што б гэта азначала? Няўжо змярцвелая Саюзная дзяржава, на костках якой паспелі патанчыць шмат палітолагаў, уздымаецца з попелу? Дагэтуль памятаецца пуцінскае «мухі асобна, катлеты
асобна», а тут раптам — на табе! Саюзная дзяржава ці не ўпершыню пачала размаўляць не вуснамі фантазёра і экстрэмальнага турыста Паўла Барадзіна, а словамі чалавека, які, здаецца,
раней яе на дух не пераносіў.
З чаго Пуцін згадаў пра Саюзную дзяржаву? Здаецца, Мінск нешта паабяцаў Маскве. Пытанне толькі, што?
Ускосна на гэта адказвае і сам Пуцін. Прыкладам, Расія з 2012 года ўвядзе паніжальны каэфіцыент пры вызначэнні цаны на газ для Беларусі. Але… «Газа ў абмен на пацалункі»
не будзе. Канчатковыя дамоўленасці будуць звязаныя з набыццём «Газпрамам» астатніх 50% акцый «Белтрансгаза». Пра гэта таксама паведаміў Пуцін.
Вядома, што ў павестцы дня прэм’ераў былі пытанні супрацоўніцтва ў сферы атамнай энергетыкі, нафтаперапрацоўчай прамысловасці, вытворчасці мінеральных угнаенняў, аўтамабілебудавання,
рэалізацыі сумесных інвестыцыйных праектаў.
То бок, па ўсіх стратэгічных напрамках, куды б Расія магла ўкласці грошы і атрымаць кантроль над беларускімі прадпрыемствамі. Гэта такая сабе эканамічная экспансія.
Больш за тое, нельга скідваць з уліку і словы Пуціна аб «больш шчыльнай інтэграцыі». Выступаючы 1 жніўня ў Цвярской вобласці на моладзевым форуме
«Селігер–2011», Пуцін заявіў, што Лукашэнка паслядоўна ідзе па шляху інтэграцыі з Расіяй. На пытанне, ці могуць Расія і Беларусь стаць адным цэлым, як гэта было ў часы
Савецкага Саюза, прэм’ер адказаў: «Гэта магчыма, вельмі пажадана і поўнасцю залежыць — на 100% залежыць — ад волевыяўлення беларускага народа».
Як забяспечваецца «волевыяўленне» — мы ўсе ведаем…
Тым не менш, на тыдні былі вызваленыя 9 удзельнікаў «Плошчы–2010». Згодна з указам прэзідэнта аб памілаванні, 13 жніўня з бабруйскай калоніі выйшлі Дзмітрый Дрозд, Арцём
Грыбкоў і Сяргей Казакоў, з калоніі пад Магілёвам — Яўген Сакрэт і Уладзімер Хамічэнка, з калоніі ў Віцебскім раёне — Уладзімір Яроменак, з аршанскай калоніі —
Васіль Парфянкоў. Пацвердзілася таксама інфармацыя аб вызваленні з наваполацкай калоніі Віталя Мацукевіча. Крыху пазней стала вядома, што з калоніі ў Івацэвічах вызвалены Аляксандр Квяткевіч.
Чуткі пра тое, што вызваляць, прыкладам, больш значных фігурантаў «справы па Плошчы», — кандыдатаў у прэзідэнты Андрэя Саннікава, Аляксандра Класкоўскага, Мікалая
Статкевіча, Дзмітрыя Уса, — не спраўдзіліся. Асабліва, канешне, на гэта ніхто не разлічваў. Указ аб памілаванні дзевяці фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня 2010
года быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 11 жніўня. «Такое рашэнне прынята на падставе просьбаў названых асоб з улікам таго, што яны ўсвядомілі супрацьпраўны характар сваіх дзеянняў,
прызналі віну і шчыра раскаяліся», — паведаміла прэс-служба прэзідэнта, не называючы прозвішчы памілаваных.
Зняволеныя экс-кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі — Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч і Дзмітрый Ус — прашэнняў аб памілаванні не падавалі. Між тым, як лічыць палітолаг, аўтар кнігі
«Аляксандр Лукашэнка: палітычная біяграфія» Валер Карбалевіч, для самога Лукашэнкі прашэнне аб памілаванні надзвычай важна персанальна. «Гэта элемент улады. Такім чынам
прасіцелі не толькі прызнаюць свае памылкі, яны прызнаюць яго як легітымнага прэзідэнта, які вольны караць і мілаваць», — лічыць палітолаг.
А тым часам Беларусь трапіла ў чарговы «ваенны скандал». Вечарам 9 жніўня ў інтэрнэце з’явілася інфармацыя, што Беларусь пастаўляе зброю тэрарыстычным групоўкам
Tehrik-e-Taliban Pakistan (TTP) і Lashkar-e-Taiba (LeT), што базіруюцца ў Пакістане. Інфармацыю размясціла ў сетцы хакерская група Anonymous, «якая ўзламала серверы італьянскай
кіберпаліцыі». Сцвярджаецца, што гэтыя невядомыя апублікавалі адсканаваныя дакументы, у якіх згадваюцца сума каля 20 мільёнаў еўра і кампанія «Белтэхэкспарт», аднак прадмет
здзелкі не названы. Як сцвярджаюць аўтары публікацыі, пастаўкі зброі з Беларусі ажыццяўляюцца праз Сірыю і Курдыстан (этна-геаграфічная вобласць на тэрыторыі Турцыі, Ірана, Ірака і Сірыі), а
фінансавыя аперацыі праводзяцца праз ліванскі банк Fransabank і іранскі банк Tejarat.
Як заявіў прадстаўнік Дзяржкамваенпрама па інфармацыі і сувязях з грамадскасцю Уладзімір Лаўранюк, з’яўленне чарговай публікацыі пра пастаўкі ўзбраенняў экстрэмісцкім арганізацыям у камітэце
расцэньваюць як «сфабрыкаваную фальшыўку і наўмысную дэзінфармацыю».
Паводле яго слоў, у Беларусі створана нацыянальная сістэма экспартнага кантролю, якая адпавядае ўсім міжнародным стандартам. «Яна выключае якія-небудзь пастаўкі ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі
ў абыход санкцыйных рашэнняў Савета бяспекі ААН», — сказаў Лаўранюк.
Ужо безліч разоў Беларусь вінавацілі ў пастаўках зброі. Усе гэтыя інфармацыйныя паведамленні з рэгулярнасцю абвяргаюцца беларускімі ўладамі. Але колькі ж можна апраўдвацца? Калі скандалы ўзнікаюць
рэгулярна — можа, нешта за гэтым ёсць?