Хведар Нюнька ў Мінску

20 лютага ў Мінску, напярэдадні свайго 82-годдзя, якое ён святкуе 6 красавіка, старшыня Таварыства беларускай культуры Літвы і сябра прэзідыуму Рады БНР Хведар Нюнька распавёў пра вопыт 20-гадовай працы беларускіх арганізацый у суседняй дзяржаве.

Прэзентацыя, арганізаваная Згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына», суправаджалася паказам фільма рэжысёра Вольгі Мікалайчык пра дзейнасць ТБК у Літве «Беларускія справы», выступамі сяброў і запрошаных гасцей.



aebf7782a3d445f43cf30ee2c0d84dee.jpg

20 лютага ў Мінску, напярэдадні свайго 82-годдзя, якое ён святкуе 6 красавіка, старшыня Таварыства беларускай культуры Літвы і сябра прэзідыуму Рады БНР Хведар Нюнька распавёў пра вопыт 20-гадовай працы беларускіх арганізацый у суседняй дзяржаве.
Прэзентацыя, арганізаваная Згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына», суправаджалася паказам фільма рэжысёра Вольгі Мікалайчык пра дзейнасць ТБК у Літве «Беларускія справы», выступамі сяброў і запрошаных гасцей.
Акадэмік Радзім Гарэцкі, назваўшы героя сустрэчы “галоўным беларусам Вільні і Літвы, адзначыў, што 12 сотак зямлі, набытыя Нюнькам на вуліцы Якуба Коласа ў віленскім раёне Павільня дзеля будаўніцтва сядзібы ТБК (дарэчы, там, дзе жыла жонка народнага паэта Беларусі), — сімвалічны цэнтр беларускасці ў літоўскай сталіцы. Дзе бы ні гуртаваліся беларусы (а нашай дыяспары ўласціва рыса дзяліцца на розныя суполкі) — каля віленскай рэдакцыі Белсату, ЕГУ ці культурніцкіх гурткоў — іх шляхі ў Вільні заўсёды сустракаюцца ў ТБК, якім з 1989 года, часу заснавання, кіруе Хведар Нюнька.
Віншуючы Хведара Нюньку ад імя ТБМ, яго старшыня Алег Трусаў запярэчыў тэзісу пра “страчаную беларусамі Вільню, бо ў ёй жыве беларускі дух, пакуль дзейнічае ТБК і ёсць Нюнька. Яго арганізацыйныя здольнасці непараўнальныя: толькі ён змог арганізаваць 4 з’езды беларусаў Балтыі. Адна з прычын — яго добрыя стасункі з літоўцамі: ТБК актыўна падтрымала дэмакратычныя перамены 1990 года і адраджэнне незалежнасці Літвы. Выдатна валодаючы літоўскай мовай (апрача нямецкай, польскай, рускай, у пэўнай ступені ідыш), кіраўнік ТБК з’яўляецца як бы грамадзянінам старой Вільні — мультыкультурнай сталіцы балта-славянскага памежжа.
Адказваючы на вітанні, Хведар Нюнька сціпла падкрэсліў, што кожны, хто пражыў бы такое жыццё, якое наканаваў яму лёс, рабіў бы тое ж самае. У Беларусі, дзе пахаваны яго продкі, хоць тут мала чуецца родная мова, вуліцы збольшага носяць чужыя назвы і вельмі часта ігнаруюцца правы чалавека, — Нюнька адчувае сябе на Радзіме, як і ў Вільні, дзе правёў амаль 70 гадоў.
Ён нарадзіўся ў 1928 годзе ў Шчучынскім раёне, затым сям’я перабралася ў Масты, дзе яго бацька валодаў крамкай. Не адчуваючы сваёй “польскасці, сям’я вітала прыход Саветаў у 1939 годзе, і, як многія, перажыла хуткае расчараванне ад сацыялістычнага ладу. Вайна і нямецкая акупацыя далі кароткі і прывідны шанс беларускаму адраджэнню ў родных краях Нюнькі: адкрываліся беларускія школы, мноства маладых людзей, настаўнікаў, пераадольваючы нішчымніцу і цяжкія ўмовы, шчыра спрабавалі даць беларускаму народу асвету. Тады Хведар Нюнька канчаткова сфармаваўся як свядомы беларус.
Але ўжо ў 1943 годзе, калі ў Заходняй Беларусі ўзмацніліся рэпрэсіі, Нюнькі змушаны былі ратавацца ў Вільні. Праўда, і там, па вайне, новая савецкая літоўская ўлада зачыніла ўсе беларускія ўстановы. І толькі гарбачоўская адліга дала шанс адрадзіць беларускі дух у старадаўняй сталіцы — узнік клуб “Сябрына, разам з Зоськай Верас 4 лютага 1989 года было заснавана ТБК.
Менавіта ТБК, пра што распавёў дакументальны фільм Вольгі Мікалайчык, праводзіла і праводзіць асноўныя беларускія мерапрыемствы ў літоўскай сталіцы, дзе людзей з беларускімі каранямі безумоўна болей, чым 42 тысячы пашпартных беларусаў сённяшняй Літвы. І дзеля іх гістарычнай памяці ТБМ вяртае Вільні нацыянальныя імёны і святыні.
У 1990-я гады на могілках Росы перазахаваныя знакаміты драматург Францішак Аляхновіч і вернуты з Закапанэ Іван Луцкевіч. У старым горадзе ўсталяваны дзесятак мемарыяльных дошак — Францішку Скарыне, Браніславу Тарашкевічу, Максіму Гарэцкаму, Пятру Сергіевічу і іншым. Мемарыяльны знак геніяльнай паэтцы Наталлі Арсенневай, аўтарцы гімна “Магутны Божа, усталяваны на будынку былой Беларускай гімназіі ў Базыльянскіх мурах, са сцен якой выйшла мноства актывістаў беларускага руху, рассеяных пасля вайны па ўсім свеце. Хутка будзе адкрыта дошка Францішку Багушэвічу. Беларускі кантэкст горада ТБК аднаўляе і ў сваіх выданнях, якіх выйшла больш за 20 (у тым ліку “Вандроўкі па Вільні Лявона Луцкевіча) , і на сустрэчах, што адбываюцца ў памяшканні ТБК.
Фільм пакінуў дваістае ўражанне — сум ад сыходу старога пакалення змяшаны ў ім з аптымістычным бачаннем аб’яднання вакол ТБК маладых беларусаў у Літве. Так, сышлі Зоська Верас і браты Луцкевічы, апошні раз у 1997 годзе сустрэліся ўдзельнікі беларускага кавалерыйскага швадрону Барыса Рагулі, які забяспечваў спакой мірных жыхароў Наваградчыны ад польскай і чырвонай партызанкі ў часы вайны. Але ёсць актыўныя беларусы сярод новых пакаленняў: і ў палітыцы, як Вацлаў Станкевіч, і сярод моладзі, як Артур Яўмен, біятэхнолаг і сябра ТБК, Юрась Юркевіч, старшыня ТБМ Віленшчыны, Кірыл Атаманчык. А праца самога Нюнькі высока ацэньваецца ў Вільні — у кастрычніку 2009 года ён адзіны сярод нелітоўскіх грамадскіх асоб горада атрымаў узнагароду: «За заслугі для Віленскай самаўправы» ад мэра Вільні В. Навіцкага.
Зрэшты, Літва — дэмакратычная дзяржава, і справы міжнацыянальных дачыненняў вырашае зараз значна тактоўней, чым Беларусь. І да ўласнай культуры ставіцца з непараўнальна большай павагай — што асабліва клапоціць Хведара Нюньку. Як і да суайчыннікаў за мяжой. У маі заканчваецца тэрмін дзеяння трохгадовай візы сп. Нюнькі — і ён прынцыпова не збіраецца наступны раз браць платны дазвол наведваць гістарычную Радзіму. “Не ведаю таму, ці хутка мы зноў сустрэнемся, — сказаў гасцям гаспадар сустрэчы.