Я хацеў, каб людзі яго зразумелі

У нашай краіне Міхаіл Жызнеўскі, беларус, які загінуў на Майдане, успрымаецца і як герой, і як бандыт. Фільм «Воін Святла» расказвае пра Жызнеўскага — звычайнага чалавека, звычайнага хлопца, у якога быў цяжкі лёс. 



michail_arshanski.jpg

Міхаіл Аршынскі

Міхаіл Аршынскі, рэжысёр фільма, на працягу года кантактаваў з блізкімі і знаёмымі Жызнеўскага, каб данесці да беларусаў, што герой — гэта перадусім чалавек са сваімі недасканаласцямі і шкілетам у шафе.

— Міхаіл, чаму ў фільме вы вырашылі паказаць Жызнеўскага як звычайнага чалавека, а не як героя?

— Калі я раіўся з рэжысёрамі-дакументалістамі яшчэ перад здымкамі фільма, яны адназначна мне сказалі: «Рабі з Жызнеўскага героя». Я не пагадзіўся з гэтай парадай, бо не захацеў удзельнічаць у прапагандзе, якая сёння актыўна прасочваецца праз нашае жыццё — як па рускім, так і па беларускім тэлебачанні. Я захацеў зрабіць фільм для звычайнага гледача, які б, пабачыўшы яго на экране, паверыў мне як рэжысёру. Таму ў фільме я расказаў пра звычайнага хлопца, у якога быў цяжкі лёс. Хтосьці называе яго бандытам за тое, чым ён займаўся ў першыя гады жыцця на Украіне. І я згодны, што ў яго справах няма геройства, бо ён рабіў не зусім законныя рэчы. Але жыццё кожнага — гэта цяжкі выбар, які раней ці пазней прыходзіцца рабіць. І перыядычна Жызнеўскі абіраў не той шлях. Але ў гэтых шляхах і заключалася яго школа жыцця, пасля якой ён па-геройску загінуў на Майдане.

— Раскажыце пра цяжкасці, якія вам сустрэліся на працягу здымак. Я ўпэўнена, што яны былі, бо тэма даволі такі слізкая…

— Менавіта па гэтай прычыне я праводзіў здымкі ў рэжыме маўчання. Як ні дзіўна, я сустрэў супраціў не з боку дзяржавы, а з боку гомельскіх актывістаў, часткова дзякуючы якім у мяне сарваліся здымкі з маці Міхаіла — Нінай Жызнеўскай. На жаль, я запісаў толькі адно інтэрв’ю, пасля якога ёй параілі больш са мной не камунікаваць. У выніку Жызнеўская абарвала са мной усялякія кантакты і не пайшла насустрач. У фільме з ёй з’явіўся толькі адзін эпізод.

34jw8u9im14.jpg

Міхаіл Аршынскі з героямі дакументальнай стужкі

 

 

— Гісторыя з Нінай Жызнеўскай наогул нейкая неадназначная… І ў фільме гэта добра паказана…

— Перад тым, як ехаць да маці Міхаіла, я свята верыў, што ў іх з сынам былі сапраўды добрыя адносіны, нягледзячы на той факт, што за дзевяць гадоў жыцця ва Украіне ён ніводнага разу не прыехаў дадому. Я меркаваў, што бацькі Міхаіла будуць фігураваць на працягу ўсяго фільма. Але на пытанні, якія ўжо прывыкла чуць, маці адказвала штампамі, а на няёмкія пытанні ўводзіла мяне ўбок. І я зразумеў, што нешта тут не так. Таму вырашыў запытаць сяброў і блізкіх знаёмых-украінцаў Міхаіла наконт таго, што тыя ведалі пра стасункі хлопца з бацькамі. Сябры Міхаіла мне казалі пра нацягнутыя адносіны з маці. Наогул, усе ўспрынялі Ніну Жызнеўскую як ахвяру абставінаў. Натуральна, я суперажываю ёй як маці. Але калі мы ўжо расказваем поўную гісторыю чалавека, то павінны казаць і пра пэўныя непрыемныя абставіны, якія былі ў яго жыцці. І калі ўлічваць, што за дзевяць гадоў ён ніводнага разу не прыехаў у Беларусь і не сустрэўся з маці, то я запытаўся: «Што адбылося?» Менавіта гэтае пытанне і было зададзена ўсім героям здымак. Ад маці Міхаіла адказ я не атрымаў. А сябры з неахвотай дзяліліся той інфармацыяй, якую яны ведалі толькі са слоў Міхаіла.

— Якая была пазіцыя Ніны Жызнеўскай пасля выхаду фільма? Тое, што яна сказала вам на інтэрв’ю, поўнасцю зруйнавалася каментарамі іншых герояў…

— Контраргументы ў фільме выказала Руслана, добрая сяброўка Міхаіла. Але пасля таго, як карціна была зроблена, ёй не спадабалася тое, што мы выкарысталі яе ў якасці чалавека, які будзе крытыкаваць маці Міхася. Яна, як і шмат хто яшчэ, пераконвала мяне прыбраць гэтыя фрагменты. Многія не хацелі, каб такія рэчы былі агучаны ў фільме. На самай справе, я суперажываю Ніне Жызнеўскай. Цяжка страціць сына аднойчы, а пасля ў другі раз — і ўжо назаўжды. Адзінае, мне не зусім зразумелая яе пазіцыя зараз, таму што ў сацыяльных сетках было шмат бруду, які выдавалі расійскія СМІ. Скажам шчыра, што і беларускія журналісты выказваліся не зусім карэктна. Напрыклад, назваць Жызнеўскага «бамжом», як гэта зрабіў Юры Зісер, — няправільна наогул. На гэта яна не рэагавала ніяк, але калі выйшаў фільм «Воін Святла», то адразу стала чамусьці абурацца. Яна пісала, што я не падымаю слухаўку, але тэлефанавання ад яе не паступала. Жызнеўская стала крыўдаваць, што я не даў ёй пераглядзець фільм перад пачаткам. Але як мне варта было паступіць? Даслаць ёй дыск поштай?

kadri_z_fl_ma_2.png

Кадр з фільма «Воін Святла» Міхаіла Аршынскага

— Ці шмат людзей адмовілася здымацца?

— Было шмат людзей, якія, з аднаго боку, хацелі б паўдзельнічаць у здымках, а з іншага — баяліся. Але ў асноўным я пабачыў упэўненасць і падтрымку ў маіх героях. На жаль, далёка не ўсіх людзей я змог здымаць. Не змог паўдзельнічаць у здымках і такі важны чалавек, як Тарас Маленькі. Падчас Майдану ён бег за Міхаілам, калі ў таго стрэ­лілі. Тарас пайшоў служыць у АТА, таму чыста фізічна ён не змог удзельнічаць у здымках. Блізкая сяброўка Жызнеўскага таксама адмовілася даваць мне інтэрв’ю.

— Значную частку фільма займае аповед пра баптысцкую царкву ў горадзе Белая Царква. Ці сапраўды вера ў жыцці Жызнеўскага займала важнае месца?

— Драматызм гісторыі Жызнеўскага заключаецца ў тым, што ён, будучы сямнаццацігадовым падлеткам, з’ехаў ва Украіну. Там у яго было досыць бруднае жыццё, звязанае з крыміналам. І ён з сябрам-беларусам, які шмат фігуруе ў фільме, павінен быў нейкім чынам выжываць. Прынамсі, ім трэба было дзесьці ночыць. Але ў адзін момант іх жыццё змянілася. Яны прыйшлі ў баптысцкую царкву абсалютна стомленыя, і, напэўна, далі сабе абяцанне жыць па-іншаму. Пастыр і прыхаджане пабачылі іх прагу да зменаў. І Жызнеўскі пачаў хадзіць у гэтую царкву. Хтосьці з прыхаджан дапамог яму з працай, хтосьці — з жытлом. Праз некаторы час Міхаіл стаў актыўным удзельнікам трэніровак і чальцом пейнтбольнага клуба. А пасля ён стаў кіраўніком Белацаркоўнай «УНСА».

kadri_z_fl_ma.png

Кадр з фільма «Воін Святла» Міхаіла Аршынскага

— Ваш фільм быў паказаны на «Белсаце», прадэманстраваны арганізацыі «Украінскага свету» ў Варшаве, на «Youtube» яго паглядзела больш за 17 тысяч чалавек. Ці задаволены вы вынікамі працы або хочаце нешта змяніць?

— Я проста шчаслівы ад таго, што я яго зрабіў. Я не паказаў некаторыя драматычныя моманты, якія б маглі зрабіць яго больш глыбокім і адчувальным. Некаторыя рэчы я наўпрост упусціў. Аднак гэта мой першы фільм, якога б не было, калі б не дапамога майго сцэнарыста і натхняльніка Аляксандра Буракова. Дзякуючы яму я знайшоў свой шлях, сваю мову, сваё бачанне. Я жадаў, каб людзі, якія б паглядзелі гэты фільм, змаглі пранікнуцца спачуваннем да гісторыі Жызнеўскага. Поўнай аддачы, якую чакаў, я не атрымаў, на жаль. Я б хацеў паспрабаваць паўдзельнічаць у фестывалях, паказаць фільм у іншых краінах. У карціне я хацеў адказаць на пытанне: «Што кіравала гэтым хлопцам? Чаму ён пайшоў на Майдан?» Мы ўключаем тэлебачанне і, па сутнасці, бачым толькі малюнак. Нам расказваюць: хто, дзе і ў якой колькасці загінуў. На вайне штодня нехта памірае, але мы не бачым гэтых людзей і не ведаем іх гісторый. Мой фільм — гэта намаганне перадаць боль і пакуты таго чалавека, які прайшоў Майдан. Я хацеў, каб людзі, для якіх тэма Майдана не ёсць блізкая, намагаліся зразумець гэтага хлопца.

1390852667_1392077630.jpg

— Цяпер, можа быць, вы зробіце фільм пра Алеся Чаркашына?

— Падчас мінулага года я вельмі паглыбіўся ў майданаўскую тэму. Мне трэба ад яе адпачыць. Дэбют атрымаўся крыху скандальным, але ў мяне ёсць свае прынцыпы і погляды, за якія я буду стаяць да канца. Нашаму грамадству не хапае праўды, якая б казалася ў твар. У нас ужо ўсталяваўся падзел на ўладу і яе апанентаў. Але і ў нас,  прадстаўнікоў незалежных СМІ, ёсць свае маргіналы. Існуюць такія маргіналы і ў нашых апанентаў. Я ўспрымаю беларускае грамадства як адно цэлае. Калі трэба выказаць крытыку на адрас пэўнага чалавека, я не буду глядзець — з «нашых» ён ці «не з нашых». Я намагаюся заўжды трымацца праўды, таму, спадзяюся, што гісторыя Жызнеўскага зможа пасеяць нешта добрае ў нашым грамадстве.