Познэр: Крыўдаваць на “Белоруссию” — комплекс непаўнавартасці
Расійскі журналіст Уладзімір Познэр, выступаючы 25 лютага ў мінскім Палацы Рэспублікі, патлумачыў, чаму па-расійску правільна казаць “Белоруссия”, а не “Беларусь”. Крыўды беларусаў, звязаныя з назвай краіны, ён патлумачыў комплексам непаўнавартасці.

Як перадае Telagraf.by, Уладзімір Познэр сказаў, што пасля нядаўніх падзей у Кіеве ўкраінцы сталі патрабаваць казаць не “на Украіне”, а “ва Украіне”, матывуючы гэта тым, што расійцы не кажуць “на Францыі” або “на Нямеччыне”.
“Але ўсё-такі традыцыя такая, што па-расійску кажуць „на Украіне“. Гэта так прынята ў мове”, — патлумачыў ён і падкрэсьліў, што “гэта ніяк не перамяншае нечую годнасьць”.
“А французы называюць сваю краіну „Франс“. Але мы ж па-расійску так не кажам”, — сказаў Уладзімір Познэр.
Тое ж самае, паводле яго словаў, і са словам “Белоруссия”. Маўляў, у расійскай мове “традыцыйна было так”.
“Мне здаецца, што такія пытанні ўзнікаюць з-за комплексу непаўнавартасці. Але я хачу вам пажадаць, каб гэта была ваша самая галоўная праблема”, — сказаў Уладзімір Познэр.
А як вы ставіцеся да таго, што ў расійскіх СМІ і на афіцыйным узроўні краіна называецца “Белоруссия”?
Паводле: svaboda.org