Яды над Крупскім раёнам
На рахунак кампаніі «ДВЧ-менеджмент» ужо пералічаны 1,5 мільёна долараў — першы транш на будаўніцтва «прамысловага аб’екта перапрацоўкі адпрацаваных нафтапрадуктаў». Жыхары пасёлку Крупкі ўжо ёміста ахрысцілі яго «заводам ядаў».
Сёння да станцыі Крупкі з Мінску можна дабрацца ўдвая хутчэй. Дзякуючы нядаўна адкрытаму маршруту да Оршы на швейцарскай электрычцы. Крупкі з савецкіх часоў застаюцца буйным перавалачным чыгуначным вузлом. Да станцыі прымыкае 2-тысячны пасёлак, які паціху памірае.
«Пазакрывалі ўсё — быў цагляны завод, пякарня свая. А да маскоўскай шашы 2 кіламетры, чыгунка вялікая — і нічога!» — распавядае брыгадзір чыгуначных рамонтнікаў Васіль.
У 2011 годзе Міністэрствам абароны на аўкцыён была выстаўлена буйная нафтабаза, што з’яўлялася і асноўным працадаўцам для мясцовых. Яе выкупіла фірма «Каспійбуд». Яна і заахвоціла інвестараў з беларуска-расійска-нямецкай кампаніі «ДВЧ-менеджмент». На тэрыторыі базы дагэтуль знаходзяцца сотні 68-тонных цыстэрнаў, дзе можна захоўваць перапрацаваныя «яды». Пра гэта 3 месяцы таму паведаміў і вертыкальны «Крупскі веснік».
31-гадовы Марат Занямонец агучыў тыя чуткі, што ходзяць сярод мясцовых жыхароў:
«Будуць набіраць людзей туды да паўсотні — кажуць, з заробкам па 4 мільёны. У газеце было напісана, што можна ўжо здаваць адпрацаванае масла — за літар тысяча. Але за такі грошы лепш выліць!»
Той жа «Крупскі веснік» паведаміў, што везціся сыравіна для працы завода будзе аж з Кіпра, і захоўванне па прыродзе ядавітых адкідаў, аказваецца, мае яшчэ на мэце «паляпшэнне экалагічнай сітуацыі ў краіне» (!). Прынамсі, вертыкальная газета «Мінская праўда» паведаміла, што побач з былымі рэзервуарамі для захоўвання паліва, у непасрэднай блізкасці ад людскога жытла, узнікнуць яшчэ экалагічна небяспечныя завод па вытворчасці пластмас ды адмысловы цэх «па перапрацоўцы ды вяртанні да жыцця адпрацаваных хімікатаў».
Я звязаўся з начальнікам аддзела эканомікі Крупскага райвыканкама Таццянай Казлоўскай. І вось што яна патлумачыла наконт небяспечнасці будучага прамысловага аб’екта: «Як ён можа быць «яданебяспечны», калі заключана дамова з Міністэрствам аховы прыроды? А Кіпр задзейнічаны, бо фірма замежная, і адтуль паступаюць інвестыцыі, масла. Небяспекі няма!»
Ля аўтобуснага прыпынку ў Крупках людзі самі падышлі, убачыўшы дыктафон: «Во ў склады нафтабазы завозяць нейкі яд! Машына нядаўна стаяла з надпісам «яды» на бочках. А ўсе шкодныя вытворчасці павінны быць за 1,5 кіламетра, а там хаты стаяць у 100 метрах. І хто ім дазволіў, незразумела, за які хабар?!»
Мясцовыя жыхары ўжо накіроўвалі свае звароты ў пракуратуру. Была створана нават адмысловая ініцыятыўная група. Ініцыятарамі яе стварэння, кажуць, была сям’я Ніковічаў. Настаўніца музыкі, спадарыня Святлана, мяне нібы чакала: «Усё праўда! Заходзьце смела!»
Знаёмлюся з маці, Марыяй Сямёнаўнай, якая 13 гадоў адпрацавала ахоўніцай на нафтабазе:
83-гадовая Марыя Насовіч
«Мамачка родная, з Кіпра ў Крупкі адыходы будуць прывозіць ад «Боінгаў»! Я стала крычаць, што адыходы ядавітыя, а цыстэрны даваенныя, іржавыя, стаялі без паліва колькі год! Знаходзяцца ад хат за 5 метраў, пад зямлёй! Мы ж усе ўзляцім у паветра і падохнем не сваёй смерцю, будзем хварэць усе! Дыхаць і так няма чым, бо лес вырубілі па магістралі — у таполях, амерыканскіх клёнах, як у вяночку, быў пасёлак. А чаго, стала дапытвацца: маўляў, як будзе прыязджаць Лукашэнка, дык каб хто не напаў! Ну, ці чулі такі цуд?!»
«Абазнаныя людзі паведамілі мне, што ў будынку, дзе быў бар у цэнтры, збіраюцца зрабіць казіно, паколькі цягнікі хуткасныя з Масквы побач — вунь Ала Пугачова прайграла ж за 20 гадзінаў сотні тысяч долараў у Мінску! За наш бар заплацілі 440 мільёнаў — 50 тысяч долараў. А ў расіян абслуга атрымлівае вельмі вялікія грошы. У Маскве нашым маладзенькім дзяўчынкам, якіх запрасілі ў пажыўныя месцы афіцыянткамі, заплацілі за 10 дзён працы па 8,5 тысячы долараў. Таму ўсе пачнуць нас скупляць. Лясны масіў быў цудоўны — з грыбамі, ягадамі! Людзі абураліся, пісалі — бачыце, сасна адна ў нас тырчыць. Вецер моцны стаў дзьмуць — зрубілі клёны, якія бралі пасля Чарнобыля на сабе ўсе цяжкія металы. І ніхто нічога не гаворыць пра пасёлак. Лазні няма, камбінат бытавога абслугоўвання перанеслі ў Крупкі. Старому чалавеку пілу пагастрыць — вялікая праблема...» — распавядае Святлана Ніковіч.
Святлана Ніковіч
Пасля майго прыезду ў хаце Ніковічаў сабраліся за кубкам гарбаты абмеркаваць сітуацыю і планы дзеянняў 11 сяброў ініцыятыўнай групы — людзей розных узростаў і прафесій, якія гатовы змагацца за свае здароўе і жыццё. Рэй павёў былы марак-вайсковец Генадзь Кавалёў: «Тут непакой за ўласнае жыццё і лёс пакаленняў — будучага і цяперашняга. Чаму насельніцтва не паставілі ў вядомасць пра будаўніцтва? Бо з намі ніхто не лічыцца! І чыя сёння гэта зямля? Каму можна прад’явіць прэтэнзіі і дакладна, не па чутках, даведацца, што за будаўніцтва будзе весціся?!»
Генадзь Кавалёў
Далейшую хаду размовы падаю амаль стэнаграфічна:
Святлана Ніковіч: «Завод будзе трохстадыйны, значыць, 3 цэха. Плануецца прыяднаць завод пластмасавых вырабаў — страшэнна ядавіты. У Мінску на такі ж муж хадзіў — там «выплёўваюць» лёгкія, больш за год працаваць нельга. Далей, па «Мінскай праўдзе», — «спеццэх па перапрацоўцы хімікатаў». Яны нават не хаваюцца — трымайце!»
Палкоўнік запасу Юрый Ткачэнка
Былы камандзір вайсковай часткі, палкоўнік Юрый Ткачэнка кажа: «А як прыкрыццё — перапрацоўка нафтапрадуктаў! Яны плануюць да 100 кубоў у суткі — дзе яны набяруць у Беларусі столькі маславых адыходаў?! Гэта колькі ж аўтамабіляў трэба мець на краіну? Кажуць, калі не хопіць, з Украіны і Расіі завязуць. Па-другое, яны ўжо нашу свідравіну з пітной вадой збіраюцца забіраць. «Вам зробяць другую свідравіну!» — кажуць. Дзе яны знойдуць, незразумела? А адыходаў на 100 кубоў перапрацоўкі мінімум 10% . Куды іх скінуць?! Адстойнікі не вытрымаюць такой нагрузкі. Я спытаў у санітарнага ўрача. Адказ: «Калі будуць сігналы парушэнняў, прымем меры». А мы пасля будзем працаваць на аптэку?! Тайны крупскага двара маем...»
Марыя Жук, жыхарка вайсковага гарадка, што ў некалькіх метрах ад месца з будучымі ядавітымі цыстэрнамі, скардзіцца: «Станцыя Крупкі знаходзіцца за паўтара кіламетра ад вайсковай часткі, там нашы дамы. І мы павыміраем як маманты — мы будзем піць атручаную ваду, дыхаць ТЫМ паветрам. Я не магу зразумець — няўжо ў райцэнтры ды пасёлку адзін старшыня райвыканкаму жыве? Няўжо людзі самі сябе ворагі і задумалі такую будоўлю?»
Людміла Ткачэнка, мясцовая жыхарка, распавяла: «Калі мясцовыя «царкі» атрымалі нейкі адкат, ім зусім нецікава закрываць гэта ўсё — трэба ж будзе даць справаздачу за гэтыя грошы. А ў мяне ўнук-немаўля на выхаванні знаходзіцца. Дзеці з Мінску, унукі прыязджаюць адпачываць. Пра іх мусім задумвацца?! Мала таго, што з-за лясгаса ўлетку не адкрыць фрамугу — б’емся-б’емся колькі год, каб трубы, што сушаць і паляць дрэва, паставілі па-за плотам, бо ідзе дым чорны — бессэнсоўна, прачынаемся ад гару!»
Юрый Ткачэнка: «Ёмістасці-бочкі закладзены з 50-х гадоў, як і вайсковая нафтабаза. З 2004-га, калі яе закрылі, яны стаялі іржавымі, без дыягностыкі. Гэта дарагая справа — праверка, ці ёсць уцечкі, трэшчыны. Калі зараз загрузіць у іх нафтапрадукты, можа быць экалагічная катастрофа! Трэба пісаць паперы ў Дзяржкантроль — хай яны правераць, бо нам дадуць толькі адпіскі, фількіны граматы. Пасля подпісы і звароты трэба адпраўляць вышэй. У іх трэба аргументавана даказваць, што нам гэты бруд не патрэбны!»
Вяртаючыся ў Мінск, я ўзгадаў, як Марыя Сямёнаўна расказала пра тое, чым скончылася яшчэ адно замежнае прышэсце ў Крупкі: «Гадоў 10 таму немец хацеў заснаваць прадпрыемства па перапрацоўцы драўніны, каб мэблю рабіць тут таннымі працоўнымі рукамі. Спалілі — і ніхто нічога не знайшоў…»
Але не ўсе падзяляюць апасенні Марыі Сямёнаўны. Перад сустрэчай з Ніковічамі я зайшоў у невялікую краму з надпісам «Хлеб», дзе пагутарыў з гандляркай Людмілай Бачышча: «Дык а вы самі бачылі бочкі з надпісам «Яд»? Гэта пісакі, што ўсё жыццё пішуць! Ніковіч падбухторвала ўсіх — пісаць, пісаць. А мы нічога не ведаем...»
P.S. У Крупскім раёне пачаўся збор подпісаў пад зваротам да Лукашэнкі, каб спыніць будаўніцтва «завода ядаў». Як паведаміла напярэдадні спадарыня Марыя Ніковіч, ва ўсіх канторах пасёлка дадзены ўказанні сяброў ініцыятыўнай групы не пускаць, іх звароты зрываць.
Яшчэ подпісы да здымкаў: 1369 – Святлана Ніковіч, кіраўнік ініцыятыўнай групы, 1377 Генадзь Кавалёў