Як не трапіць у рукі сілавікоў праз «пратэсныя» фота

Праверка тэлефонаў — самы распаўсюджаны інструмент у сілавікоў для выяўлення «экстрэмістаў». Менавіта фотаздымкі сталі падставай для многіх затрыманняў і крымінальных спраў. І як бы пільна мы ні чысцілі нашы тэлефоны, часам у іх усё-ткі застаецца сёе-тое, што можа кінуцца ў вочы сілавікам.

Ілюстрацыйная выява: nashaniva.com

Ілюстрацыйная выява: nashaniva.com

У траўні ў мінскім аэрапорце сілавікі затрымалі пасажырку, якая вярталася ў Беларусь з адпачынку ў Егіпце. Пры праверцы тэлефона ў дзяўчыны выявілі фота з пратэстаў, якія смартфон аўтаматычна загрузіў у гугл-фота. «Медыязона» пайшла далей і прапануе прэвентыўна пакорпацца ў вашым тэлефоне і пачысціць яго, каб засцерагчы сябе ў выпадку надгляду.

Правяраем, каб у галерэю не траплялі фота без вашага ведама

Усе фота і відэа ў тэлефоне спачатку трапляюць у галерэю, дзе і захоўваюцца, пакуль вы іх не выдаліце. Пры праверцы тэлефона сілавікі глядзяць галерэю ў першую чаргу. Там могуць апынуцца не толькі вашы фота, але і тыя, што былі аўтаматычна захаваны з Viber або WhatsApp.

Каб месенджары перасталі «незаўважна» ад вас выгружаць выявы ў галерэю, трэба адключыць гэта ў наладах. На iPhone і на сістэме Android адключэнне будзе падобным.

У Viber націскаем кнопку «Яшчэ» ў правым ніжнім куце, затым «Налады», «Даныя» і «Мультымедыя». У гэтым экране прыбіраем птушачку каля пункта «Захоўваць у галерэю».

Пасля пераходзім у WhatsApp і заходзім у меню «Налады», далей — «Чаты». На экране «Чаты» неабходна прыбраць выдзяленне з пункта «У фотастужку». Пасля гэтага пераходзім ніжэй у «Даныя» і «Сховішча», адтуль — у меню «Аўтазагрузка медыя» і там адключаем усё.

У адрозненне ад іншых месенджараў, у Telegram не актывавана аўтазахаванне па змаўчанні. Але лепш яшчэ раз праверыць уручную. Заходзім у аплікацыю і пераходзім у «Налады», потым — у «Налады чатаў». На гэтым экране нам трэба дэактываваць пункт «Захоўваць у галерэі».


Глядзіце таксама

Чысцім галерэю

Прагледзець трэба ўсе альбомы: у тым ліку схаваныя або тэчкі са схаванымі з Viber або WhatsApp. Не забывайце пра скрыншоты, напрыклад, з мемамі або навінамі, дзе могуць быць «экстрэмісцкія» лагатыпы.

Калі хочаце захаваць памятныя фота з пратэстаў — загрузіце іх на файлаабменнік, напрыклад, Dropmefiles або воблака Mega, адпраўце спасылку сябру за мяжой, каб ён запампаваў усё для вас, а пасля выдаліце ўсе загружанае.

Пасля выдалення з галерэі фота не знікаюць бясследна, а пераносяцца ў тэчку «Нядаўна выдаленыя». Такая ёсць як на Android, так і на iOS. Назвы ў некаторых мадэлях тэлефонаў адрозніваюцца. Гэтая тэчка заўсёды знаходзіцца ўнізе ўкладкі «Альбомы» ў галерэі — яе варта ачысціць.

Важна ведаць, што выявы часткова могуць заставацца ў кэшы, з ачысткай галерэі кэш не выдаляецца. Абавязкова трэба пачысціць кэш Telegram: заходзім у налады, далей — «Даныя і памяць» (або «Даныя і сховішча» для Android) , далей — «Выкарыстанне памяці», далей — «Ачысціць ўвесь кэш». Там жа ў меню можна выставіць тэрмін аўтавыдалення кэшу (ставім 1 дзень) і максімальны яго памер (цягнем летунок налева, да мінімальнага).


Глядзіце таксама

Прыводзім у парадак Google Photos, «Яндэкс. Фота» і iCloud Photo

Многія тэлефоны сінхранізуюць ваш акаўнт з Google Photos. Асабліва гэта ўласціва смартфонам на Android, хоць і на iOS гэта можна зрабіць. Калі ў вас ўсталяваная гэтая праграма, то ўвайдзіце ў яе, націсніце на аватар вашага профілю, абярыце Photos settings > Back up & sync і праверце, ці выключана сінхранізацыя. Затым выдаліце ўсе «пратэсныя» фота ў вашым Google-акаўнце. У Photos («Фота») праглядзіце яшчэ раз усе альбомы. Як і ў выпадку са звычайнай галерэяй, пасля выдалення не забудзьцеся вычысціць альбом «Bin» («Сметніца»), які мае значок смеццевага кошыка.

Аналагічныя дзеянні варта прарабіць і ў «Яндэкс. Фота», калі яно ў вас ўсталявана і ўключана аўтазагрузка з галерэі. Не забудзьцеся пасля ачысціць сметніцу ў «Яндэкс. Фота», каб цалкам пазбавіцца выдаленых фотаздымкаў.

Пажадана пасля ўсіх маніпуляцый прайсціся дадаткам па ачыстцы вольнага месца на тэлефоне — накшталт «CCleaner» або «iShredder».

На айфонах па змаўчанні ўключаны сэрвіс iCloud Photo Library. У яго захоўваюцца фота і відэа з вашага тэлефона, як і ў Google Photos. Праверце, ці не сінхранізаваліся туды «пратэсныя» фота.


Глядзіце таксама

Не забываем пра месенджары

Калі вы цалкам выдалілі ўсе «небяспечныя» фота і відэа з галерэі і аблокаў, трэба выдаліць іх з месенджараў, калі вы штосьці камусьці адпраўлялі.

Калі акаўнт у вас яшчэ з 2020 года і вы дакладна не памятаеце, у якіх чатах былі, з якіх выходзілі, дзе што каментавалі і гэтак далей, выдаліце свой акаўнт і завядзіце новы (можна на той жа нумар тэлефона). Аднавіць вашы паведамленні ў чаце, з якога вы выйшлі, перад гэтым не пачысціўшы паведамленні, для сілавікоў не складана.

Перапіскі ў Telegram выдаляюцца хутка і проста, асабліва калі рабіць гэта з ПК. Для гэтага трэба выбраць чат, націснуць на яго правай клавішай мышы і выбраць варыянт «Ачысціць гісторыю».

У групавых чатах усё больш складана. Цалкам выдаліць усе адпраўленыя вамі паведамленні можна толькі ўручную, выбіраючы асобна кожнае. Іншы варыянт — калі ёсць магчымасць, можна папрасіць зрабіць гэта адміністратара чата.

Гаворка не ідзе пра «пратэсныя» чаты, але, напрыклад, вы ў коле сяброў, абмяркоўваючы валейбол, пару разоў «зарубаліся па палітыцы». Уладальнік чата можа выдаліць паведамленні, якія напісалі вы (для гэтага трэба выбраць адно ваша паведамленне, націснуць на кошык і выбраць «Выдаліць усе паведамленні ад *імя карыстальніка*»). Праўда, гэтая функцыя з нейкай прычыны даступная не ва ўсіх чатах.

Акрамя таго, на будучыню можна ўключыць функцыю аўтавыдалення паведамленняў у чатах.

У Viber вы можаце выдаліць усе паведамленні са свайго акаўнта даволі проста. Для гэтага трэба знайсці патрэбны чат і ўверсе экрана націснуць на імя суразмоўцы. Далей знаходзім «Інфармацыя і налады» і выбіраем «Выдаліць усе паведамленні», пасля чаго можам яшчэ і «Выдаліць чат».

Методыка выдалення паведамленняў у WhatsApp такая ж, як у Viber.


Глядзіце таксама

Дакладна выдаляем, а не хаваем допісы ў Instagram

Нават калі вы вычысцілі ўсе допісы з «пратэснымі» фотаздымкамі, гэта не значыць, што яны выдаленыя цалкам. Выдаленыя допісы аўтаматычна трапляюць у раздзел «Нядаўна выдаленыя», дзе захоўваюцца яшчэ 30 дзён. Калі вы маеце намер канчаткова прыбраць пэўнае фота ці відэа, то пасля выдалення вам трэба перайсці на старонку свайго профілю, націснуць на тры палоскі ў верхнім правым куце, увайсці ў «Ваша актыўнасць» > «Нядаўна выдаленыя» і ўжо адтуль выдаліць публікацыю.

Куды цікавей са сторыс. Усе думаюць, што гісторыі аўтаматычна «знікаюць» праз 24 гадзіны, але гэта не так. Яны становяцца нябачнымі для іншых і трапляюць у «Архіў»  вашай старонкі. Там можна выбраць патрэбную дату на календары і паглядзець, што вы загружалі ў сторыс у той ці іншы дзень. Нават у 2020 годзе. Таму лепш зайсці ў раздзел «Архіў» у наладах і ўважліва вывучыць, што вы выкладвалі або репосцілі ў сторыс. Калі знайшлі нешта, выдаліце.

Падобныя працэсы адбываюцца і ў Facebook. Зайдзіце ў раздзел «Налады і канфідэнцыйнасць» > «Журнал дзеянняў». Зазірніце ва ўкладку «Архіў» (там знойдзеце свае сторыс). У «Журнале дзеянняў» вы можаце паглядзець, якія пакідалі каментары за ўвесь час, што шукалі ў Фэйсбуку, якія наведвалі старонкі і гэтак далей — па сутнасці, усю гісторыю вашай актыўнасці. Усё гэта можна выдаліць.

Праверце фотарэдактары, такія як Lensa, PicsArt, Canva і іншыя. Яны ўтрымліваюць сабе ўсе фотаздымкі, якія вы апрацоўвалі.

У тэлефонах на Android прыкладанні, якія працуюць з фота і відэа, таксама захоўваюць гэтыя даныя — у кэш, каб хутчэй іх падгружаць для працы. Трэба пачысціць гэтыя праграмы: для гэтага зайдзіце ў «Налады» тэлефона, далей — ва «Упраўленне праграмамі». У розных мадэлях гэтая ўкладка будзе называцца па-рознаму, але ўсюды будзе слова «прыкладанні». Знайдзіце там праграму, якую трэба пачысціць, клікніце, а затым абярыце ўкладку, якая звязаная з кіраваннем памяццю прыкладання. Пачысціце ўсё, што можна пачысціць. Вас пасля гэтага можа «выкінуць» з уліковага запісу прыкладання, але гэта не страшна.


Глядзіце таксама

Самы дзейсны спосаб

Калі вы перажываеце, што пасля ўсіх маніпуляцый «хвасты» вашых фота ўсё ж засталіся на тэлефоне, у аблоках або архівах прыкладанняў, то самым эфектыўным спосабам будзе завесці новы чысты уліковы запіс на Android (Google) або iOS (Apple ID) і скінуць ўсе налады.

Калі вам неабходна захаваць фота і відэа, але трымаць іх у самой прыладзе вы не хочаце, то загружаем іх у воблака кшталту Dropbox. Далей выдаляем прыкладанне воблака. Выходзім з уліковага запісу Google на Android, або Apple ID на iOS. Робім поўны скід тэлефона да завадскіх наладаў і ствараем новы рахунак на Google або Apple ID. Калі вы апынецеся ў бяспецы, то паўтараем працэдуру і заходзім у ваш ранейшы акаўнт, усталёўваем дадатак з воблакам, куды вы загрузілі ўсе фота і відэа, вяртаем іх на тэлефон.