Як спыніць амапаўскае бязмежжа?

З палітычнай сферы міліцэйскае свавольства перайшло на бытавы ўзровень, адзначаюць эксперты.

408ef597_5c2c_470d_8779_4bc79ac1dd8d_cx0_cy1_cw0_w1023_r1_s.jpg

Жыхар Віцебску Сяргей Гарэлікаў паведаміў, што ноччу 28 ліпеня ён быў моцна збіты супрацоўнікамі міліцыі. Мужчына зняў пабоі і напісаў заяву ў Следчы камітэт. Гарэлікаў быў не адзіным, хто пацярпеў ад дзеянняў сілавікоў.

Пастухоў: Бязмежжа — тыпова для нашай міліцыі

Такія паводзіны сталі тыповымі для нашай міліцыі, лічыць доктар юрыдычных навук прафесар Міхаіл Пастухоў.
— Гэта поўнае бязмежжа. Такая праблема зараз сапраўды стаіць перад беларускім грамадствам і кожным канкрэтным грамадзянінам — як абараніцца ад самавольства людзей у форме. Па сутнасці, улады далі ім індульгенцыю на прымяненне сілы, пры гэтым для іх не ўсталёўваецца ніякай адказнасці за перавышэнне ўлады, за прымяненне фізічнай сілы, — адзначае суддзя Канстытуцыйнага суда Беларусі першага склікання.
На думку эксперта, у цяперашні час закон для супрацоўнікаў міліцыі фактычна не дзейнічае, адзінае — гэта ўказанне вышэйстаячых улад.
— Людзі ў форме наводзяць страх на мясцовае насельніцтва, прымушаючы яго баяцца ўлады. На гэта нельга абыякава глядзець, трэба калектыўна патрабаваць ад улады паважаць Канстытуцыю і законы, паважаць сваіх грамадзянаў, паколькі гэта ўжо перайшло ўсялякія межы, — упэўнены юрыст.
Міхаіл Пастухоў звяртае ўвагу, што з палітычнай сферы міліцэйскае свавольства перайшло на прыватныя выпадкі, на бытавы ўзровень.
— Гэта сведчыць пра тое, што з'ява стала масавай, і гэтаму трэба супрацьпаставіць калектыўны адпор і пратэст. Калі грамадства яшчэ сябе паважае, яно не павінна змірыцца з такім свавольствам, — падкрэслівае эксперт. — Людзі адчуваюць патэнцыйную небяспеку ад асоб у форме, якія могуць без усялякіх падстаў закрануць чалавека, абразіць, выкарыстоўваць сілу па ўсякіх нагодах. Трэба было б ўсе выпадкі прадставіць на абмеркаванне парламента і паставіць пытанне аб заснаванні ў Беларусі пасады ўпаўнаважанага па правах чалавека, які павінен разглядаць усе скаргі грамадзян па парушэнні іх правоў, — мяркуе юрыст.
Міхаіл Пастухоў адзначае, што на гэтую пасаду павінен быць абраны чалавек з ліку аўтарытэтных праваабаронцаў Беларусі.

Паганяйла: Мы жывем у неправавой дзяржаве

Як лічыць кіраўнік юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінкскага камітэта Гары Паганяйла, АМАП і спецназ «не займаюцца праваахоўнай дзейнасцю, а нібыта займаюцца пытаннямі барацьбы з тэрарызмам, вулічным хуліганствам, беспарадкамі».
— Для іх галоўная задача — спыніць, а гэта значыць, паступіць такім чынам, каб чалавек нават не падумаў пра нейкі фізічны супраціў, — падкрэслівае праваабаронца. — Часам ствараецца ўражанне, што ці яны самі прыводзяць сябе ў такі стан, ці гэта вынік іх навучання, калі яны не аддаюць справаздачы сваім дзеянням, учынкам, наносяць чалавеку сур'ёзную шкоду, якая не можа быць прызнаная супамернай.
Калі б у нас была прававая дзяржава, дзе правы грамадзян рэальна абараняюцца, можна было б дамагчыся пакарання сілавікоў шляхам звароту ў органы пракуратуры, у суд, адзначае Гары Паганяйла.
— Рукі ў іх развязаныя. Пакуль рэальна не будзе дзейнічаць закон, пакуль яны не будуць выхаваны ў духу павагі да правоў чалавека, неабходнасці супамерна ўжываць сілу, ўлічваць усе акалічнасці, канкрэтную абстаноўку — з кім яны маюць справу, у дачыненні да каго накіроўваюць сваю сілу, дамагацца справядлівасці і нармальнага стаўлення не даводзіцца, — падсумоўвае юрыст.
Паводле zautra.by