Як гішпанка ў Мінску беларускую мову шукала
Беларускамоўная гішпанка шукае кнігі па-беларуску на кірмашы ў Мінску
Анхеля Эспіноса — вядомая сярод карыстальнікаў сацыяльных сетак у Беларусі замежніца, якая ў свае 23 гады цудоўна валодае беларускай мовай і нават вучыць размаўляць на ёй іншых.
Дзяўчына паходзіць з гішпанскага гораду Малага, у Гранадзе скончыла факультэт славістыкі, а цяпер вучыцца ў магістратуры Варшаўскага ўнівэрсытэту на беларусіста. Кажа, што беларускую мову асвоіла за тры гады, а расійскай амаль ня ведае — дый, як сама кажа, няма на тое патрэбы.
Расійскай мовы неведаю, таму беларусы са мной гавораць трасянкай
“Навошта мне расійская мова? Я беларусістка — вывучаю ў Польшчы беларускую мову. Але, відаць, у Беларусі гэта дзіўна, што я ведаю беларускую і не ведаю расійскай. Напрыклад, на мяжы, калі ехала ў Беларусь, памежнікі проста не ведалі, што са мной рабіць, як кантактаваць, калі я сказала, што гавару па-беларуску, а па-расейску — не. Давялося ім неяк прыстасоўвацца. Але яны не маглі добра гаварыць па-беларуску. Атрымалася трасянка”, — расказала Анхэля.
Гішпанка прыехала ў Мінск дзеля ўдзелу ў паэтычным фэсце памяці Міхася Стральцова “Вершы на асфальце” — у выдавецтве Ігара Логвінава ў яе выйшла кніга беларускіх вершаў “Раяль ля мора”, прэзэнтацыя якога пройдзе ў рамках фестывалю.
Але пакуль да адкрыцця фестывалю заставалася некалькі гадзін, мы вырашылі запрасіць Анхелю Эспіносу на міжнародную кніжную выставу-кірмаш, якая гэтымі днямі праходзіць у Мінску.
Захопленая беларускай гаворкай паэтка Анхэля адразу вырашыла, што на выставе будзе шукаць дзіцячыя кніжкі па-беларуску — падарунак сваёй маленькай пляменніцы Лізе.
Ведала, што шмат беларускіх кніг небудзе
Не знайшоўшы стэнду Гішпаніі, Анхеля спынілася калі супольнага павільёна Кубы і Вэнэсуэлы — прадстаўнікі якіх, як і Анхеля, гавораць па-гішпанску.
“Зразумела, у нас у Гішпаніі таксама бываюць кніжныя выставы, праўда, на адкрытым паветры, а не ў памяшканні. Таму што розны клімат. Для мяне было цікава пабачыць, якія краіны прадстаўленыя на беларускай выставе. На жаль, няма Гішпаніі, хоць еўрапейскіх краін багата. Я нават змагла пагутарыць па-гішпанску — каля супольнага стэнду паўднёваамэрыканскіх краін”, — сказала Анхеля, наведаўшы выставу.
Беларускія кнігі для дзяцей знайшліся ў выдавецтваў “Мастацкая літаратура”, “Галіяфы”. Вялікая ж колькасьць каляровых кніжак-складанак — прывезены з Расіі тавар.
“Мне вельмі хацелася пабачыць больш кніг на беларускай мове, але я і ведала, што шмат іх тут не будзе. Дарэчы, добра, што калі шукаеш, то знойдзеш такія кнігі. Усё ж трэба адзначыць, што выбар ёсць. Я набыла тры дзіцячыя кнігі ў цудоўным афармленні, якія выйшлі ў выдавецтве „Мастацкая літаратура“, а таксама адну кнігу для сябе — ужо з выдавецтва „Галіяфы“. Прыемна было, што кіраўнікі незалежных беларускіх выдавецтваў Зміцер Вішнёў і Валер Булгакаў пазналі мяне, параілі цікавыя кнігі са сваіх выдавецтваў. Я такой увагі да сваёй асобы не чакала”.
У Гішпаніі за няветлівае стаўленне страціш працу, а ў Беларусі — гэта нармальна
Каля некаторых стэндаў, дзе Анхэля спрабавала знайсці кнігі на беларускай мове, з боку прадаўцоў было заўважнае непрыязнае стаўленне — дзяўчына тлумачыць гэта тым, што беларусы не звыклыя да турыстаў і не настроеныя на тое, каб задаволіць любыя патрабаванні кліента:
“Гішпанія — вельмі турыстычная краіна, таму такога я на радзіме не магу пабачыць. Тым больш калі гаворка ідзе пра выставу, супрацоўнікі якой павінны адказваць на пытанні наведнікаў, дапамагаць і раіць. А тут атрымалася, што ад аднаго стэнда прадаўцы проста збеглі, калі пачулі, што я пытаюся пра беларускія кнігі, ды яшчэ мяне апэратар здымае на камеру. Гэта ня вельмі ветліва. У Гішпаніі як? Калі ты такое стаўленне прадэманструеш, то вельмі хутка страціш працу. Відаць, у Беларусі гэта працуе трохі па-іншаму”.
“Я пахадзіла па выставе, пагаварыла з выдаўцамі і супрацоўнікамі стэндаў. Ясна, гаварыла па-беларуску. Людзі адказвалі па-рознаму: па-расійску, па-беларуску, некаторыя — на трасянцы, але праблемы неразумення ня ўзьнікла. Гэта вялікі плюс. Я расійскую мову трошачкі ведаю, разумею, магу чытаць, але гаварыць не хачу”.
Паводле: svaboda.org