Як з гэтым жыць далей?
Вынесены вердыкт Вярхоўнага суда па першай у гісторыі незалежнай Беларусі справе аб тэрарызме. Вышэйшая мера пакарання — расстрэл абодвум абвінавачаным. 30 лістапада першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Беларусі Аляксандр Федарцоў агучыў смяротны прысуд Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву. Яны абвінавачаныя ў выбуху на станцыі метро «Кастрычніцкая» 11 красавіка 2011 года. Тады загінула 15 чалавек, больш за 200 былі шпіталізаваныя. Таксама Канавалаў і Кавалёў абвінавачаныя ў выбухах у Мінску ў 2008 годзе і ў Віцебску ў 2005 годзе.
Вынесены вердыкт Вярхоўнага суда па першай у гісторыі незалежнай Беларусі справе аб тэрарызме. Вышэйшая мера пакарання — расстрэл абодвум абвінавачаным.
30 лістапада першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Беларусі Аляксандр Федарцоў агучыў смяротны прысуд Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву. Яны абвінавачаныя ў выбуху на станцыі метро «Кастрычніцкая» 11 красавіка 2011 года. Тады загінула 15 чалавек, больш за 200 былі шпіталізаваныя. Таксама Канавалаў і Кавалёў абвінавачаныя ў выбухах у Мінску ў 2008 годзе і ў Віцебску ў 2005 годзе.
Суд прызнаў Канавалава вінаватым у выбуху ў Мінску ў 2008 годзе, і ў сталічным метро ў 2011 годзе. Кавалёў, паводле матэрыялаў справы, ведаў пра гэтыя факты і не паведаміў кампетэнтным органам. А таксама, калі Канавалаў прыязджаў у Мінск, каб арганізаваць выбух у метро, дапамагаў яму несці сумку з выбухоўкай, здымаць кватэру. У выніку суд прыгаварыў абвінавачваемых да вышэйшай меры — расстрэлу.
Але, нягледзячы на агучаныя судом факты, вердыкт “да вышэйшай меры пакарання быў вельмі неадназначна ўспрыняты людзьмі, што прыйшлі ў суд. Пасяджэнне адбывалася ў актавай залі Дома правасуддзя, разлічанай на пяцьсот чалавек, і яна была амаль поўная.
Людзі крычалі пра судзілішча, пра 1937 год, крычалі Канавалаву, каб той урэшце загаварыў, бо на судовым працэсе ён адмовіўся даваць паказанні, адмовіўся і ад свайго апошняга слова. Канавалаў так нічога і не сказаў. Кавалёў у часе пасяджэння хіба толькі жэстам паказаў, каб людзі маўчалі, калі ў часе зачытвання вердыкту ў залі пачаліся нараканні.
Рашэнне Вярхоўнага суда можа быць абскарджанае толькі ў парадку нагляду. Але асуджаныя да вышэйшай меры пакарання могуць пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі.
Адвакат Канавалава Дзмітрый Лепрэтар мае намер бліжэйшым часам сустрэцца са сваім падабаронным, каб абмеркаваць далейшыя дзеянні: ці будзе падавацца скарга ў парадку нагляду, ці будзе яго падабаронны пісаць прашэнне аб памілаванні.
Маці Уладзіслава Кавалёва сказала, што лічыць гэты прысуд сфабрыкаваным. Яна будзе пісаць прашэнне аб памілаванні да Лукашэнкі. Яшчэ ў панядзелак, 28 лістапада, на адмысловай прэсавай канферэнцыі маці Кавалёва агучыла свой зварот да Лукашэнкі. “Не ведаю, ці пачуеце вы гэты зварот, або ад вас зноў схаваюць праўду. Не дайце пазбавіць жыцця сыноў, чыя вінаватасць выклікае вялікі сумнеў. Я заклікаю вас сказаць сваё апошняе слова: правесці дадатковае і стараннае расследаванне гэтай справы. Не спяшацца з вынясеннем рашэння, падумаць. Я гатова ахвяраваць сабой. Я гатова да таго, каб расстралялі мяне замест майго сына. У нас няма права на памылку. На месцы майго сына мог апынуцца любы чалавек, — сказала жанчына.
Маці Кавалёва перакананая, што яе сын і Дзмітрый Канавалаў не рабілі гэтага злачынства.
“Дарагія людзі, я адчуваю боль ад страты блізкіх і перанесеных пацярпелымі раненняў. Я жыву з вамі на адной беларускай зямлі і прашу ў вас прабачэння, што вам давялося перажыць. Але паверце мне: ні мой сын — Улад, ні Дзіма Канавалаў не з’яўляюцца віноўнікамі гэтага жудаснага злачынства. Пасля суда і следства на чашу былі пастаўленыя так званыя прызнанні Дзімы, якія былі атрыманыя ў пешыя дні папярэдняга следства падчас допытаў без адвакатаў. Як здабываюцца такія паказанні, мы ўсе ведаем. Дзіма быў моцна збіты, аб гэтым сведчыў і Улад, і дзяўчына, што была з імі, — Яна Пачыцкая. І калі сёння нехта яшчэ не разумее, што адбываецца вакол нас, і хоча запатрабаваць дадатковай нявіннай крыві да тых пятнаццаці ахвяраў, я гатовая ахвяраваць сабой, — сказала Любоў Кавалёва падчас адмысловай прэс-канферэнцыі.
Яна распавяла, што менавіта ў часе судовага працэсу маці другога абвінавачанага Дзмітрыя Канавалава замкнулася ад людзей. “Мы кантактавалі, і да суда, і падчас следства я хадзіла да яе. Мама Дзімы да суда сапраўды была мамаю — яна плакала, перажывала. Але што здарылася пасля таго, як пачаліся судовыя слуханні? Яна не прыехала. Я пайшла да яе, і пабачыла іншага чалавека — запалоханага. Ёй было вельмі цяжка размаўляць. Думаю, нешта ёй сказалі, не дарэмна яна так стала паводзіцца ў адносінах да Дзімы, да мяне, — распавяла Любоў Кавалёва.
Пацярпелы Самвел Саакян прымаў актыўны ўдзел у працэсе, наведваў пасяджэнні, выступаў з крытыкай і заўвагамі. Але вырак суда каментаваць адмовіўся. “Уражанні як і ва ўсіх, — толькі і сказаў пацярпелы.
На адмысловым сайце ў інтэрнэце сабрана больш за 45 тысяч подпісаў пад петыцыяй у абарону Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Маці Улада Кавалёва таксама збірае подпісы ў абарону свайго сына.
Людзі, што прысутнічалі на апошнім пасяджэнні, абураліся вердыктам, некаторыя заклікалі звярнуцца за дапамогай да расійскага кіраўніцтва. Некаторыя гаварылі, што вердыкт суда правільны. Але ці не большая частка прысутных пакінулі залю з цяжкімі думкамі і нявер’ем у тое, што да вышэйшай меры пакарання — расстрэлу — прыгавораныя несапраўдныя злачынцы.
Паводле міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International, ад 1991 года ў Беларусі пакаралі смерцю каля 400 чалавек. У Беларусі афіцыйна не публікуюцца статыстычныя дадзеныя пра колькасць вынесеных і прыведзеных у выкананне смяротных прысудаў. Дата смерці не паведамляецца родным, целы не выдаюцца для пахавання. Прэцэдэнт справы Канавалава і Кавалёва, відаць, даў зразумець як мінімум некалькім сотням людзей, што прысутнічалі ў часе абвяшчэння выраку, што смяротная кара — гэта не расплата і не помста. Нават у насамрэч прававой дзяржаве яна далучае да гэтага акту мноства іншы людзей, робіць іх саўдзельнікамі яшчэ аднаго злачынства — смерці чалавека.
Праваабаронцы і грамадскія дзеячы асудзілі гэты жорсткі вырак. Галоўная прэтэнзія ў тым, што доказная база па справе не была пераканаўчай. “Проста коціцца наша краіна да нейкага стану… не хачу застрашваць… Але што адбываецца, не ўкладваецца ні ў рамкі маралі, ні ў рамкі судовай вытворчасці. Гэта варварства, каб некага распяць, даць натоўпу костку. Але як з гэтым жыць далей, я не ведаю, — заявіла пасля вердыкту праваабаронца Людміла Гразнова.
P.S. Па рашэнню суда фактычна ўсе матэрыялы рэчавай доказнай базы мусяць быць знішчаныя.