Яўген Вапа: Беларусы не мусяць несці груз чужой віны

Як змянілася стаўленне да беларусаў пасля пачатку расійскай ваеннай агрэсіі ва Украіне і ролі ў ёй рэжыму Лукашэнкі? І ці павінны мы, беларусы, пачувацца вінаватымі?

vapa_f.jpg

На гэтыя пытанні адказвае старшыня Беларускага Саюзу ў Польшчы, старшыня Управы Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа.

— Закранем нашу беларускую сітуацыю тут, на Падляшшы. Ведаем, што былі асобныя выпадкі ўжо і на Беласточчыне закідаў і нават нейкіх агрэсіўных дзеянняў у дачыненні да грамадзян Беларусі. Як вы асабіста ставіцеся да гэтай сітуацыі? І як на яе нам правільна рэагаваць?

— Мы ўжо зрэагавалі супольным зваротам беларускіх арганізацый, якія дзейнічаюць у Польшчы – гэта арганізацыі беларускай нацыянальнай меншасці, як і арганізацыі дыяспары, дзе мы вельмі выразна звярнулі ўвагу, што трэба адрозніваць лукашызм і беларусаў. Мы, як беларусы, патрабуем яснасці ў гэтай справе.

Так, у пэўны момант беларусы маюць віну перад самімі сабою, прагаласаваўшы на рэферэндуме ў 1996 годзе. Але нельга казаць, каб за пэўныя геапалітычныя рэчы мы таксама неслі адказнасць. І неслі адказнасць за сфармаваную сістэму ўлады, якая называецца лукашызмам. Бо гэтая сістэма заіснавала, умацоўвалася як і пуцінізм, з міжнароднага дазволу, у выніку міжнароднай геапалітычнай гульні і разумення, што Беларусь знаходзіцца ў сферы ўплыву Расіі. І яны, закрыўшы на ўсё вочы, давалі на гэта згоду.

Таму тут я выразна кажу, давайце паглядзім, на якой прыступцы віны знаходзіцца беларускі народ і міжнародныя палітыкі і еўрапейскія чыноўнікі. Бо тое, што зараз пачалі абвінавачваць у Нямеччыне Шродэра і Меркель, то няўжо да гэтай пары гэтага ніхто не бачыў?

Каб яшчэ абвінаваціць беларусаў па-за межамі краіны – гэта ідзе ідэйная вайна, якую вядзе Расія. Гэта вельмі добры момант, каб стварыць яшчэ аднаго ворага. І таму тыя выпадкі, якія ў нас, на жаль, здараюцца, яны вымагаюць роздуму і адказнасці ад еўрапейскіх медыя, і ад еўрапейскіх палітыкаў.

Гэтыя выпадкі паказваюць няведанне сітуацыі ў Беларусі. Нам здавалася, што пачынаючы з 2020 года пасля беларускай мірнай рэвалюцыі ўсе ў свеце захапляліся мужнасцю беларускага народа. І нам здавалася, што пра нас ведаюць. А насамрэч, многія не ведаюць, нават у Польшчы.

— Людзі ведаюць многа, але ёсць так званы інструментальны бюракратычны карпаратыўны падыход, якому вельмі выгадна і лёгка ўваходзіць толькі ў сферу працэдураў. Вайна ва Украіне скарыстоўваецца таксама для вайны медыйнай. Вайна на фронце медыйным з’яўляецца адной з важнейшых. Для нас гэта яшчэ адзін з выклікаў, але гэта не значыць для нас, беларусаў, як для нацыі, што гэта наш маральны груз на нашых плячах. Гэта мы павінны сабе ўсвядоміць. І мы не мусім сябе рабіць вінаватымі з-за гэтай сітуацыі. Хай стануць перад Богам на споведзі тыя, хто давёў да гэтай сітуацыі.
www.racyja.com