Яўген Вапа ў час святкаванняў 55-годдзя “Белавежы” заклікаў да салідарнасці
Змест прамовы галоўнага рэдактара тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва» і старшыні Управы Беларускага Радыё Рацыя Яўгена Вапы ў час адзначэння 55-годдзя літаратурнага аб’яднання «Белавежа».
Калі гаварыць пра ролю і значэнне беларускіх пісьменнікаў, пра ролю «Белавежы» сёння, у агульнабеларускай прасторы, то сапраўды самым важным фактарам, які вызначае лёс пісьменніка, творца культуры, ёсць свабода. А свабода для чалавека — гэта ёсць вялікая адказнасць. Гэтая адказнасць таксама азначае ягонае змаганне, бо свабода не азначае, што ты нічога не робіш, свабода — гэта твая актыўная пазіцыя, гэта твая адказнасць за незалежнасць, за мову, за штодзённае жыццё тваіх блізкіх, родных, нацыі. Таму вельмі важным ёсць тое, каб мы, як творцы беларускія ў Польшчы, прыналежныя да беларускай культуры ў цэласці, і да польскай, былі салідарнымі з тымі сябрамі, пісьменнікамі, літаратурнымі крытыкамі, увогуле з людзьмі ў Беларусі, якія з прычыны таго, што маюць свой погляд, маюць сваю свабодную думку, зведваюць рэпрэсіі. Так не можа быць: свабода ёсць адзінкай так каштоўнай, за якую не можа быць рэпрэсіяў.
У турме знаходзіцца знакаміты літаратурны крытык, эсэіст, былы дырэктар музея імя Максіма Багдановіча Алесь Бяляцкі. Непадалёку пад Пружанамі знаходзіцца ў зняволенні Павел Севярынец — знакаміты эсэіст. Побач у Гародні знаходзіцца Зміцер Дашкевіч, адзіным «няшчасцем» якога ёсць тое, што ён кахае Беларусь і за гэта знаходзіцца ў турме. У зняволенні ёсць чалавек, які не паддаецца ніякім ударам і адначасна піша — Ігар Аліневіч, дзённікі якога проста фантастычныя. Гэта ёсць гонар нацыі, для іх трэба аказваць шацунак і з імі трэба салідарызавацца, за іх трэба заступацца. Гэта наш маральны абавязак.
Такая нагода святкаванняў ёсць добрым таксама момантам, каб гэта ўсё прыгадаць. Маем моўную русіфікацыю, а ў нас тут — паланізацыю, і гэта ўсё ўзаемазалежнае. Калі будзе беларусізацыя ў Беларусі, то і ў нас працэсы будуць зусім інакш ісці.
Месяц чэрвень увогуле ёсць вельмі важным для беларускай літаратуры. Вось, 28 чэрвеня маем трагічную гадавіну смерці Янкі Купалы. У чэрвені, 10 гадоў таму, адышоў Васіль Быкаў. Ягоная доўгая дарога дадому была дарогай чалавека, якога прымусілі да эміграцыі, які вярнуўся толькі дзеля таго, каб скласці сваё цела ў роднай зямлі. Развітанне з Васілём Быкавым было самай большай дэманстрацыяй, якую можна было пабачыць апошнімі гадамі.
І пра гэта мы павінны памятаць. Калі хочам называцца людзьмі, якія ствараюць беларускую літаратуру, культуру, то на нас спачывае таксама абавязак і памяці, і таксама асабістага, незалежнага падыходу. Патрабуецца гэта ад кожнага стваральніка, не толькі беларускага. Любы стваральнік культуры, любы чалавек, які займае нейкую пазіцыю, мусіць быць незалежным у сваіх поглядах. І літаратура толькі тады ёсць моцная, калі будзе займаць менавіта такія пазіцыі.