Музей беларускай культуры ў Гайнаўцы адзначае 30-годдзе
30 гадоў таму былі закладзеныя пачаткі Музея і асяродку беларускай культуры ў Гайнаўцы. Ідэя стварэння такой установы ажыццявілася супольнымі намаганнямі ды паспяхова працягвае развівацца. З нагоды юбілею, з дырэктарам музея Тамашом Ціханюком гутарыла Яна Запольская.
Тамаш Ціханюк: Дзень, калі мы запланавалі святкаванне юбілею, сімвалічны для нас, таму што 30 гадоў таму, менавіта 29 чэрвеня 1983 года ўлады Гайнаўкі перадалі зямлю і будынак у цэнтры горада пад Беларускі музей. З самага пачатку знайшлося некалькі асобаў, самым актыўным з іх быў Кастусь Майсеня, якія адразу ўзяліся за справу пабудовы будучага музея, можна сказаць нават Дома беларусаў для беларусаў усяго свету.
Гледзячы на дакументы і хронікі музея, на тое, што было, — гэта была сапраўдная рэвалюцыя ў беларускім асяроддзі. Усе моцна і актыўна ўключыліся ў працу. Усе разам стараліся стварыць такое месца, дзе будзе захавана спадчына нашых продкаў, але таксама дзе можна будзе развіваць сучасную беларускую культуру і мастацтва. Увесь комплекс падзелены на часткі. Мы самі яго ўзводзілі, таму гэта доўжылася амаль 20 гадоў.
Хачу вярнуцца да асобы Канстанціна Майсені, якая ягоная роля ў стварэнні гэтага музея?
Тамаш Ціханюк: Гэта быў вельмі актыўны чалавек, ён быў паўсюдна, ён мог вырашыць фактычна любую справу, звязаную з музеем, і быў адданы гэтай справе. Ён гэтым жыў. Гэта ён усюды ездзіў, і каб здабыць сродкі на будаўніцтва, і каб знайсці экспанаты, якія сёння складаюць нашу пастаянную экспазіцыю. Ён быў завадатарам гэтай справы. Ён усіх аб’ядноўваў, і дзякуючы яму мы сёння маем адзіную ў свеце такую ўстанову. Ён так хацеў, каб гэта быў не толькі музей, але каб гэта быў асяродак беларускай культуры. Каб беларус з любой часткі свету мог прыехаць і пабачыць сваю беларускую культуру. Я думаю,што сёння мы можам сказаць, што стварылі такі Беларускі дом, пра які марыў Канстанцін Майсеня.
Яна Запольская: Скажыце некалькі слоў пра праграму святкавання 30-годдзя музея.
Тамаш Ціханюк: Мы задумалі выдаць кнігу пра Беларускі музей. Нам хацелася падсумаваць нашу дзейнасць за гэты час, расказаць пра гісторыю музея, пра Кастуся Майсеню і пра сучасную дзейнасць. У кнізе ёсць амаль 150 здымкаў, якія ўзбагачаюць нашу кнігу. 29 чэрвеня кожны, хто прыйдзе на юбілей, атрымае гэту кнігу. Таксама падрыхтавалі невялікую выставу пра гісторыю і сучаснасць нашага музея. Будзе таксама музычная частка, і думаю, пагаворым пра тое, што было, што ёсць і што будуем сёння.
Беларускі музей у Гайнаўцы мае сталыя і часовыя экспазіцыі, а таксама праводзіць шмат мерапрыемстваў па-за сценамі будынка. У тым ліку фэсты “І тут жывуць людзі” ды “Культура на музейных прыступках”.








Фота Хрыстафора
Ангельчыка