Юрыст: у Беларусі ёсць адвакаты, якія працуюць як партызаны

Што адбываецца з беларускай адвакатурай? Тлумачыць юрыст Міхаіл Кірылюк.

advokat21.jpg

Аляксандр Лукашэнка выказаў міністру юстыцыі Сяргею Хаменку сваё ўяўленне пра тое, якой павінна быць беларуская адвакатура:

— Адвакатура павінна быць пад кантролем, але павінна дзейнічаць паводле закона і павінна быць сапраўднай адвакатурай. Адвакат павінен выконваць свае функцыі не баючыся нічога, але ў той жа час мы павінны разумець, што гэта дзяржаўны чалавек. І яго дзеянні павінны быць заснаваныя на нормах закона, а не нейкіх прыдуманых нормах — свабоды слова і іншых свабод. Мы ўжо наеліся гэтай свабоды. Дзякуй богу, убачылі, якую свабоду нам сюды нясуць.

Пра тое, што стаіць за гэтымі словамі, «Филину» распавёў адвакат Міхаіл Кірылюк, пазбаўлены ў Беларусі ліцэнзіі:

— Ён сказаў аб тым, што ўжо дэ-факта адбылося. Як мы бачым па падзеях 2020 года, Лукашэнка і яго асяроддзе заўсёды ўспрымалі адвакатаў у якасці тэхнічных сакратароў, якія прысутнічаюць на працэсах і выконваюць ролю статыстаў. Гэтая роля зразумелая, як даніна еўрапейскай традыцыі. Вось і ўсё.

Гэта не было б праблемай, калі б адзін Лукашэнка так думаў. На вялікі жаль, такіх людзей хапае ў Мінюсце — ад выканаўцаў, да ўладальнікаў высокіх пастоў. Яны з гэтым згодныя.

Таксама з гэтым згоднае па факце кіраўніцтва адвакатуры, якое дадзеную палітыку падтрымлівае і развівае. Бо частка адвакатаў была пазбаўленая ліцэнзіі рукамі Міністэрства юстыцыі, а частка — рукамі гэтага самага кіраўніцтва.

Акрамя таго, частка адвакатаў пасіўна падтрымлівае падобныя погляды. Яны даносяць гэтую думку сваім калегам: «Калі ты хочаш працаваць і зарабляць, гэта значыць быць высокааплатным кур'ерам, які перадае інфармацыю ад кліента яго родным, то рабі ўсё паводле інструкцыі, не правярай, наколькі дзеянні ўладаў адпавядаюць закону, Канстытуцыі, правоў чалавека».

Вось такая сумная карціна, якую Лукашэнка яшчэ раз акрэсліў, каб ні ў кога не засталося сумневаў, што гэта афіцыйны погляд. Што гэта свядомая палітыка, што ўсё невыпадкова.

— Гэта значыць, гэтыя выказванні — не кіраўніцтва да дзеяння міністру юстыцыі, а канстатацыя зробленага факту?

— Адвакат Максім Знак асуджаны на 10 гадоў. Ні адзін з абвінаваўцаў не мог пальцам паказаць, у якім месцы ён заклікаў да гвалтоўнага захопу ўлады.

Некалькі дзясяткаў адвакатаў, у тым ліку і я, пазбаўленыя ліцэнзіі. Міжнародныя калегіі адвакатаў, аб'яднанні юрыстаў пісалі лісты ў нашыя калегіі па слядах падзей 2020-га. Казалі ім, што яны парушаюць усе магчымыя этычныя нормы і прынцыпы працы адвакатаў.

Пісалі, што нельга за агучванне ўласнага меркавання і спробы абараняць сваіх кліентаў выключаць з калегіі. Што на гэта адказалі калегія адвакатаў і Міністэрства юстыцыі? Працягваюць выключаць адвакатаў з калегіі. Па сутнасці, гэта падвядзенне вынікаў апошніх паўтары гадоў.

— Ці можна, цынічна кажучы, казаць аб канчатковым вырашэнні адвакацкага пытання ў Беларусі?

— Магу сказаць, што неканчатковае. Відавочна, што ёсць адвакаты ў сістэме, якія не афішуюць сябе, працуюць як партызаны. Яны перасталі выступаць публічна, але яны працягваюць мінімальна падтрымліваць незаконна асуджаных, тых, хто ў турме. Даюць рэальныя парады родным асуджаных.

Гэтая частка людзей існуе ўнутры сістэмы, яна працуе, падтрымлівае сувязь. Па зразумелых прычынах, яна не можа выходзіць з інтэрв'ю і выступамі, як гэта было ў мірны час. Гэтыя людзі робяць сваю справу, хай і не так прыкметна, але гэта ўсё роўна дорага каштуе.