«Каб справа рухалася, неабходна дзяліцца досведам»
Ігар Случак і Аліна Нагорная працуюць над тым, каб стварыць спрыяльныя ўмовы для выкарыстання беларускай мовы. Яны займаюцца абаронай моўных правоў і спрабуюць пашырыць ужыванне беларускай мовы ў розных сферах, спыніць дыскрымінацыю беларусаў паводле моўнай прыкметы. Яны стварылі ініцыятыву «Умовы для мовы», пра якую мы і паразмаўлялі.
— Над чым зараз працуе ініцыятыва «Умовы для мовы»?
Ігар: Зараз мы складаем рэйтынг «Самы беларускамоўны спартовы клуб Беларусі–2018», які будзе апублікаваны на сайце «Трыбуна» ў блогу «Мова Спартова». Паралельна з гэтым ідзе народнае апытанне на старонцы «Умовы для мовы» ў сацсетцы «ВКонтаке» за права насіць імя «Самы беларускамоўны футбольны клуб–2018». І ўжо хутка мы пабачым яго вынікі. Апытанне ў гэтай сацсетцы падтрымалі афіцыйныя старонкі беларускай федэрацыі футболу і вядучых беларускіх футбольных клубаў.
Аліна: Таксама праз краўдфандінгавую платформу talaka.org мы збіраем сродкі для выдання беларускамоўнай дзіцячай кніжкі. У ёй будуць пазітыўныя вершыкі для самых маленькіх, аўтарскія малюнкі, заданні і размалёўкі. Кніжкі падаруюць дзецям з розных дзіцячых установаў, дзе не хапае беларускамоўнай літаратуры.
Летась мы выдалі дапаможнік «Абаронім мову», у якім можна знайсці самыя запатрабаваныя прыклады зваротаў, патрэбных для пашырэння беларускай мовы, карысныя парады і спасылкі на заканадаўства, што рэгулюе моўныя правы. Прэзентацыі прайшлі ўжо ў сямі гарадах Беларусі. Мы бачым, што дапаможнік запатрабаваны, у нас амаль не засталося кніжак, першы наклад (600 асобнікаў) хутка разышоўся. Мы шукаем магчымасць перавыдаць дапаможнік і працягнем прэзентацыі.
Ігар: Мы распачалі аўтарскую калонку «Умовы для мовы» ў «Новым Часе». Будзем публікаваць навіны, карысную інфармацыю, звязаную з пашырэннем беларускай мовы і абаронай моўных правоў. Кожны чытач можа ўплываць на яе змест ды звярнуцца да нас з прапановамі.
— У вас невялікая каманда, але пра вас даволі шмат пішуць… Гэта вынік добрага піяру ці добрай працы?
Аліна: Гэта вынік таго, што кожны чалавек з каманды «Умовы для мовы» намагаецца займацца тым, што атрымліваецца найлепш менавіта ў яго. Мы шмат часу адводзім на планаванне і аналіз нашых моцных і слабых бакоў.
Напрыклад, калі Ігар робіць народнае галасаванне — ён камунікуе з футбольнымі клубамі, а я пішу пра гэта ў нашых сацсетках. Яшчэ адзін чалавек малюе выявы для пастоў, а чацвёрты — дыплом для пераможцы. Пяты дапамагае нам з тэхнічнымі рэчамі — напрыклад, раіць, на які час ставіць апытанку... І так мы намагаемся рабіць кожную справу. Бывае, што чалавек цалкам не задзейнічаны, напрыклад, у сферы спорту, але з задавальненнем камунікуе з бізнесоўцамі. Ці, напрыклад, не хоча выступаць публічна, але кансультуе, дапамагае з распрацоўкай зменаў у законы і маніторыць рэалізацыю моўных правоў у Беларусі. У нас кожны займаецца тым, чым хоча займацца, і што ў яго атрымліваецца. Мы не маем рэсурсаў, каб наняць чалавека на працу. Але мы можам прапанаваць зрабіць тое, што будзе цікава яму — і прынясе карысць іншым. Таму людзі далучаюцца. І гэта менавіта тыя, каму праца па абароне моўных правоў сапраўды важная.
— Ужо ёсць чым падзяліцца? Можаце прыгадаць хаця б некалькі паспяховых вынікаў?
Ігар: Па-першае, з гэтага года асноўная інфармацыя на сайтах выканкамаў павінна быць па-беларуску. Мы кожны год пісалі ў выканкамы, Савет Міністраў і іншыя ўстановы, адказныя за прыняцце рашэнняў, каб гэта зрабілі абавязковым. І зараз, калі норма набыла моц, будзем сачыць, каб яна выконвалася.
Па-другое, летась мы ў фармаце дапаможніка «Абаронім мову!» распаўсюдзілі парады, узоры зваротаў і прыклады таго, як пашыраць беларускую мову. Мы бачым, што людзі карыстаюцца імі і што гэта працуе.
Па-трэцяе, беларускамоўная назва сеткі крамаў «Марцін». Гады тры таму мы пачалі з імі камунікаваць, зараз яны зрабілі рэбрэндынг — і замест лацінскіх літараў не па правілах беларускага правапісу цяпермы бачым кірылічную назву і па-беларуску.
Пашыраецца ўжыванне беларускай мовы і ў футболе. З кожным годам клубы ўсё больш выкарыстоўваюць беларускую мову. У кагосьці з’яўляюцца беларускамоўныя праграмкі, хтосьці пачынае пісаць па-беларуску прозвішчы гульцоў на футболках, па-беларуску робяць надпісы на абанементах і квітках...
— А ў той жа час галоўны нацыянальны тэлеканал рускамоўны…
Ігар: Я звяртаўся ў Белтэлерадыёкампанію і Міністэрства інфармацыі наконт гэтага пытання, каб мінімум палова эфіру на дзяржаўных каналах была па-беларуску.
Аліна: Мы працягнем гэтую тэму развіваць праз распрацоўку зменаў у закон «Аб сродках масавай інфармацыі». Увогуле, у нас ёсць ідэя распачаць школу па абароне моўных правоў, дзе мы будзем дзяліцца досведам з аднадумцамі, якія хочуць на экспертным узроўні абараняць моўныя правы. Каб гэта было якаснае навучанне, мы будзем рабіць невялікую каманду — да 10 чалавек. Зараз складаем праграму, вялікая частка якой будзе прысвечаная змене заканадаўства. Там не будзе сумных лекцый, будуць практычныя заняткі. З удзелам экспертаў навучэнцы будуць распрацоўваць змены і прасоўваць іх праз звароты, сустрэчы з прадстаўнікамі міністэрстваў, дэпутатамі парламента і іншымі адказнымі за вырашэнне пытанняў гульцамі, бо для кожнага закона гэта розныя асобы.
— А што з адкрыццём беларускамоўных школ і садкоў? Што вы тут робіце, а можа, ужо зрабілі?
Ігар: Перад кожным навучальным годам я звяртаюся да Мінадукацыі і ўсіх раённых і абласных выканаўчых камітэтаў з прапановай даць справаздачу пра колькасць навучэнцаў на беларускай і іншых мовах, а таксама прапаную павялічыць колькасць навучальных устаноў усіх узроўняў, дзе беларуская мова з’яўлялася б мовай выкладання.
Але праблема ў тым, што артыкул 90 Кодэкса аб адукацыі недапрацаваны. Там пазначана, што чалавек можа атрымліваць адукацыю на дзяржаўных мовах. Але не прапісаны канкрэтны механізм: не пазначана, што беларускамоўныя класы, напрыклад, павінны быць у кожнай школе, беларускамоўны гурток павінен быць у кожным садку, каб бацькам не даводзілася губляць палову дня на дарогу. Бо шмат сітуацый, дзе бацькі ў тым жа Мінску не могуць знайсці беларускамоўны гурток у сваім раёне. Не прапісана, што кожны студэнт мае права абіраць, на якой мове яму слухаць лекцыі. Трэба ўнесці ў Кодэкс аб адукацыі канкрэтызуючыя выкарыстанне дзяржаўных моваў дапаўненні.
Мы раім бацькам быць актыўнымі і пісаць запыты, каб забяспечыць дзеткам беларускамоўны гурток у садку і беларускамоўны клас у школе. Таксама раім студэнтам выказваць сваё жаданне навучацца па-беларуску. Чым больш будзе запытаў, тым хутчэй займеем вынік. Варта, акрамя гэтага, і ў суд падаваць у выпадку адмовы ў праве на навучанне па-беларуску. Судзіцца па прычыне дыскрымінацыі паводле моўнай прыкметы.
— Якім чынам свядомым грамадзянам развіваць свой, «беларускі свет», на практыцы?
Ігар: Трэба паказваць, што беларуская мова вам патрэбная. Напрыклад, ваш банк не абслугоўвае вас па-беларуску, ці сайт, якім вы карыстаецеся, не мае беларускамоўнай версіі, а ў краме, у якую вы ходзіце, няма беларускамоўных этыкетак. Пакажыце пісьмовым зваротам у банк, выканкам і адпаведнае міністэрства, што вам ва ўсіх пералічаных і іншых падобных выпадках патрэбна беларуская мова. Бо тут вашае права на мову парушаецца.
Аліна: Ці, напрыклад, у вашым горадзе шыльды і ўказальнікі з назвамі вуліц толькі па-руску — пакажыце, што вам не ўсё роўна. І гэтым нагадайце тым, хто прымае рашэнні, што ў нас дзве дзяржаўныя мовы. Не трэба, як зараз часта бывае, крычаць і стагнаць у сацсетках. Лепш адразу дасылайце звароты да канкрэтнага чалавека або ўстановы — гэта працуе.
Ігар: Магу дадаць, што, калі вы бачыце сапсаваную рускамоўную шыльду, можна звярнуцца ў выканкам і папрасіць, каб яе памянялі на новую, беларускамоўную. У гэтым выпадку, напрыклад, у Гомелі заўжды ўлады ішлі насустрач, і з’яўляліся новыя беларускамоўныя шыльды.
— Вы дамагліся забеспячэння двухмоўя на ўказальніках назваў вуліц Гомеля і Баранавічаў, а ў Слуцку не атрымалася?
Ігар: Ініцыятыва не была падтрыманая Слуцкім выканкамам. У Гомелі і Баранавічах гарадскія ўлады пайшлі насустрач. Два супрацьлеглыя вынікі разгляду аднолькавых прапаноў паказваюць, што ў Беларусі па гэтым пытанні недасканалае заканадаўства. Кожны выканкам сам вырашае, як яго трактаваць, і гэта дэманструе, што ў Баранавічах і Гомелі больш сумленныя і адукаваныя кіраўнікі.
Аліна: У Слуцку кіраўнікі не арыентаваныя на беларускасць і ў большасці не прыслухоўваюцца да мясцовых жыхароў. Ва ўсіх рэгіёнах, дзе мне даводзілася арганізоўваць мерапрыемствы, было прасцей. У Слуцку было забаронена шмат імпрэзаў, а тыя, што былі дазволеныя, праходзілі з рознымі перашкодамі з боку ўладаў. Я нават не ведаю, як гэта патлумачыць, — відаць, такая слуцкая традыцыя. Мноства ініцыятываў было задушана, шмат мастакоў і музыкаў ладзяць свае імпрэзы ў іншых гарадах і краінах, хаця спрабавалі пачынаць у Слуцку. Але калі твой канцэрт маніторыць 20 міліцыянтаў, ці «оўпэн-эйр» закрываюць праз 30 хвілін, хаця ён быў дазволены, або ты пераносіш чытанні вершаў у іншае месца, бо гэта «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства», — гэта напружвае. Шмат маіх сяброў з’ехалі са Слуцку менавіта праз немагчымасць рэалізавацца ў творчасці.
— А самі вы верыце ў беларускую будучыню нашай краіны?
Ігар: Я ўпэўнены ў тым, што Беларусь будзе беларускамоўнай — і адносна хутка. Але гэта адбудзецца толькі тады, калі мы разам актыўна пакажам, што нам тое патрэбна.
Аліна: Паспяховыя краіны імкнуцца да сапраўднай незалежнасці, а нацыянальная мова і нацыянальная гісторыя — адны з асноўных яе чыннікаў. Такія краіны дасягаюць і вялікага эканамічнага поспеху. Я спадзяюся, што афіцыйная Беларусь гэта зразумее.