Галоўным спецыялістам упраўлення ідэалогіі Адміністрацыі прэзідэнта стаў гісторык, які абараніў дысертацыю па-беларуску
Як стала вядома «Нашай Ніве», у сакавіку галоўным спецыялістам упраўлення ідэалогіі Адміністрацыі прэзідэнта стаў гісторык Аляксандр Канойка.

Аляксандр Канойка са студэнтамі. Фота з Фэйсбука
Дагэтуль Канойка быў намеснікам дэкана Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, дацэнтам кафедры агульнай гісторыі і методыкі выкладання гісторыі.
Паходзіць ён з Клічава. Вучыўся ў БДПУ на гісторыка, летась скончыў яшчэ і Акадэмію кіравання. Ён чытае лекцыі па археалогіі Беларусі, а таксама па краязнаўстве.
Тэма кандыдацкай дысертацыі — «Роля транспарту ў эканамічным развіцці Беларусі (1772—1914 гг.)» (абараняўся па-беларуску).
Летась Канойка абараніў і доктарскую дысертацыю — «Эканамічныя фактары фармавання індустрыяльнага грамадства ў Беларусі ў канцы 18-га — пачатку 20-га стагоддзя».
Разам з гэтым Канойка — актывіст «Белай Русі», узначальваў універсітэцкую філію.
Адметны факт, што беларуская мова выглядае для Канойкі базавай каштоўнасцю — ён карыстаецца ёй у фэйсбуку не ў нейкіх кан'юктурных абмеркаваннях, а для таго, каб апісваць важныя падзеі ўласнага жыцця.
У прыватнасці, па-беларуску ён напісаў пра тое, што яго сын Іларыён пайшоў у школу.

Беларускую мову Канойка выкарыстоўвае рэгулярна. Выглядае, што аб'ект ягонага прафесійнага натхнення — гісторык Ігар Марзалюк.
