Калапсоідныя ўлады

“Чым дурней — тым цікавей!” — такі лозунг узялі на ўзбраенне айчынныя ўладатрымцы. Высілкі чынавенства час ад часу даводзяць звычайных людзей да гістэрыкі, а краіну — да мяжы калапсу ў канкрэтных асобна ўзятых выпадках.



cerhi_za_talonami_logo.jpg

Вечар апошняга дня сакавіка на станцыях мінскага метрапалітэна нагадваў галівудскія фільмы пра апакаліпсіс. У вестыбюлі станцыяў сталічнай паздемкі было не ўбіцца. Усё тлумачылася вельмі проста — ад 1 красавіка, і гэта не жарт, на 700 айчынных рублёў даражэў праезд у мінскім грамадскім транспарце (да 3700 рублёў).

Натуральна, напярэдадні люд паспаліты выстаў у чэргі, каб хоць крыху зэканоміць на транспартных выдатках. Справа ў тым, што жэтончыкі, талончыкі і праязныя да 24.00 31 сакавіка прадаваліся яшчэ па старых коштах, а ўжо хвілінаю пазней — па новых, істотна большых. Таму і ўзніклі чэргі да касаў метрапалітэну нібы ў маўзалей камуністычнага правадыра за савецкім часам.

Напрыклад, у вестыбюлі станцыі метро “Пятроўшчына” у 22.10 у панядзелак у чарзе па танны праезд стаялі сотні людзей (глядзі фота). Прычым, з пяці касаў пасля 22.00 працавалі толькі дзве. Пытанне: каму гэта патрэбна і каго навучыў прыклад, калі кошты на праезд мяняліся мінулым разам і калі ўзнік такі ж самы ажыятаж? Ведаючы, што будуць натоўпы на метрастанцыях, чаму ж чыноўнікам не было прыняць рашэнне працягнуць працу касаў?

Ім, відаць, клопаты пра народанасельніцтва патрэбныя, як зайцу стоп-сігнал. Хіба вылашчанаму ва ўсіх сэнсах сталічнаму мэру Ладуцьку цікава, колькі высілкаў і здароўя каштуе людзям, часам далёка немаладым, гадзінныя стаянні ў чэржышчах, каб сэканоміць хоць крышачку ва ўмовах пражывання-існавання ў “сацыяльна-арыентаванай дзяржаве”?

Ці вось новая сістэма аплаты праезду ў мінскім наземным транспартце. Панатыкалі гэтых валідатараў (слова ж якое!), якія 1 красавіка часта не працавалі. Кандуктары-кантралёры самі не ведаюць, як сябе паводзіць і што рабіць у такіх выпадках. Перасоўванні пасажыраў у аўтобусах-тралейбусах нагадвалі зранку броўнаўскі рух: хтосьці паспяшаўся заляцець у транспарт, потым узгадваў, што трэба на ўваходзе “прыкласціся” да валідатара, і рушыў назад, перашкаджаючы іншым. І гэтак кожны другі пасажыр. Ну, Божа ж мой, як практычна і зручна ўсё зроблена!   

Проста плакаць хочацца ад таго, як наша ўлада спрабуе аблегчыць жыццё-існаванне “народцу”! Што ні крок, то проста мора ўдзячнасці на яе адрас з вуснаў падданых. Як ім там не ікаецца пахвілінна?

А мо, такім чынам з транспартнымі выбрыкамі ўладатрымцы сёлета вырашылі адзначыць сваё прафесійнае свята — 1 красавіка?