Каляднае пасланне Папы Францішка: «Свету патрэбны мір»

Папа Рымскі Францішак у сваім калядным пасланні заклікаў да спынення вайны ва Украіне і іншых канфліктаў, а таксама папрасіў не забываць пра бежанцаў, сіротаў, адзінокіх, старых і ўсіх тых, каму сёння патрэбная дапамога.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Прамаўляючы 10-е Каляднае благаслаўленне «Urbi et Orbi» («Гораду і свету»), Папа Рымскі Францішак заклікаў людзей глядзець далей за «дробны святочны бляск» і дапамагаць бяздомным, мігрантам, уцекачам, людзям, якія жывуць у нястачы і якія шукаюць суцяшэння, цяпла і ежы.

«Давайце паглядзім на твары дзяцей, якія прагнуць міру ва ўсіх частках свету, — сказаў ён, заклікаючы ўбачыць у іх нованароджанага Хрыста. — Давайце таксама паглядзім на твары нашых украінскіх братоў і сясцёр, якія перажываюць гэтыя Каляды ў цемры і холадзе, далёка ад сваіх дамоў з-за разбурэнняў, выкліканых дзесяццю месяцамі вайны».

Папа Рымскі Францішак на каляднай імшы. Фота: vaticannews.va

Папа Рымскі Францішак на каляднай імшы. Фота: vaticannews.va

Ён выступіў усяго праз некалькі гадзін пасля таго, як па ўсёй Украіне завылі сірэны паветранай трывогі, піша агенцтва «Reuters».

«Няхай Гасподзь натхніць нас на канкрэтныя жэсты салідарнасці, каб дапамагчы ўсім тым, хто пакутуе, і хай ён прасвятліць розумы тых, у каго ёсць сіла прымусіць змоўкнуць зброю і неадкладна пакласці канец гэтай бессэнсоўнай вайне!» — сказаў Францішак.


Канфлікт ва Украіне, паводле яго слоў, не павінен змяншаць клопат пра людзей, чые жыцці былі разбураныя іншымі канфліктамі або гуманітарнымі крызісамі:
«Давайце падумаем пра Сірыю, якая ўсё яшчэ пакутуе ад канфлікту, што адышоў на другі план, але не скончыўся; і давайце падумаем пра Святую Зямлю Ізраіля, дзе ў апошнія месяцы ўзмацніліся гвалт і сутыкненні, дзе людзі гінуць і атрымліваюць раненні. Будзем маліць Пана, каб там, на зямлі, якая стала сведкай Яго нараджэння, вярнуўся дыялог і пошук узаемнага даверу паміж ізраільцянамі і палестынцамі. Няхай Дзіцятка Езус падтрымлівае хрысціянскія супольнасці на ўсім Блізкім Усходзе, каб у кожнай з гэтых краін можна было адчуць прыгажосць братэрскага суіснавання паміж людзьмі, якія належаць да розных рэлігій. 


Няхай Ён асабліва дапаможа Лівану нарэшце аднавіцца пры падтрымцы міжнароднай супольнасці і моцы братэрства і салідарнасці. Няхай святло Хрыста заззяе над рэгіёнам Сахель, дзе мірнае суіснаванне народаў і традыцый парушана сутыкненнямі і гвалтам. Няхай прывядзе да трывалага перамір’я ў Емене і да прымірэння ў М’янме і Іране, каб спынілася ўсё кровапраліцце. Няхай натхніць палітычныя ўлады і ўсіх людзей добрай волі на амерыканскім кантыненце працаваць над суцішэннем палітычнай і сацыяльнай напружанасці ў розных краінах; у прыватнасці, я думаю пра гаіцян, якія так доўга пакутуюць».

Сёлета на Заходнім беразе назіраўся самы высокі ўзровень гвалту за больш чым дзесяцігоддзе, у выніку чаго загінулі прынамсі 150 палесцінцаў і больш за 20 ізраільцян.


Папа Рымскі таксама заклікаў думаць пра тых, хто пакутуе ад голаду, асабліва пра дзяцей, у той час як кожны дзень марнуецца вялікая колькасць ежы, а рэсурсы выдатковаюцца на зброю.

Ён зноў асудзіў выкарыстанне прадуктаў харчавання ў якасці зброі вайны, заявіўшы, што вайна ва Украіне паставіла мільёны людзей пад пагрозу голаду, згадаў таксама Афганістан і краіны Афрыканскага Рога. Сённяшні свет хворы на абыякавасць, лічыць Папа Францішак, і таму яму трэба пастаянна нагадваць пра шматлікіх бежанцаў і перамешчаных асоб, якія грукаюцца ў нашы дзверы ў пошуках суцяшэння, цяпла і ежы.
«Не будзем забывацца пра маргіналізаваных людзей, адзінокіх, сірот і старых, якія знаходзяцца ў небяспецы стаць адрынутымі, пра вязняў, у якіх мы бачым толькі іх памылкі, а не людзей», — сказаў Папа Рымскі ў сваім пасланні чалавецтву.