Канстытуцыя супраць тэхрэгламенту: ці забаронненыя этыкеткі на беларускай мове

З 1 лютага ў Беларусі дзейнічае тэхнічны стандарт СТБ 1100-2016, які забараняе афармляць этыкеткі тавараў толькі на беларускай мове. Толькі на рускай — калі ласка. На рускай і беларускай — калі ласка. А толькі на беларускай — нельга: «Информация для потребителя в виде текста наносится на русском или русском и белорусском языках», — сказана ў пункце 4.3 тэхстандарта.

Калаж са здымкаў радыё "Свабода", CityDog.by, Еўрарадыё, ілюстрацый з сацсетак.

Калаж са здымкаў радыё "Свабода", CityDog.by, Еўрарадыё, ілюстрацый з сацсетак.


Папярэдняя рэдакцыя стандарта дазваляла друкаваць этыкеткі на любой з дзяржаўных моваў, прынятых у Беларусі. Але сёлета дакумент прывялі ў адпаведнасць з Тэхнічным рэгламентам Мытнага саюза ТР ТС 022/2011. А ў ім сказана: «...нанесеная ў выглядзе надпісаў маркіроўка упакаванай харчовай прадукцыі павінна быць нанесеная на рускай мове і на дзяржаўным (ых) мове (ах) дзяржавы-члена Мытнага саюза пры наяўнасці адпаведных патрабаванняў у заканадаўстве (ах) дзяржавы (аў) -члена (аў) Мытнага саюза (пункт 4.2)». То бок, руская мова — абавязковая, іншыя дзяржаўныя мовы — па жаданні дзяржаваў.
Вытворцы забілі трывогу: «беларускамоўныя» тавары цяпер не могуць трапіць у крамы. На іх папросту не выдаюцца дэкларацыі аб адпаведнасці тэхрэгламентам Мытнага саюза. Прадпрымальнік Павел Касцянкоў з Жодзіна распавёў, што на этыкетцы яго пітной вады "Белыя крылы" цяпер мусіць з'явіцца інфармацыя па-руску, іначай дэкларацыю не атрымаць.

Алена Анісім: Стандарт яўна дыскрымінуе беларускую мову

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім ведае пра сітуацыю з новымі тэхнічнымі стандартамі і лічыць, што яе абмеркаванне трэба з сацсетак і медыя перанесці на афіцыйны ўзровень. «Гэтаму тэхнічнаму стандарту, прынятаму ў Беларусі, павінна быць дадзеная прававая ацэнка. Ці адпавядае ён Канстытуцыі, закону аб мовах і іншым законам, якія рэгулююць сферу ўжывання беларускай мовы. У тым ліку і закону "Аб абароне правоў спажыўцоў», — кажа спадарыня Анісім. — У тым выглядзе, у якім прыняты стандарт, ён яўна дыскрымінуе дзяржаўную беларускую мову. Гэтага дапускаць нельга.
Самае галоўнае — гэта Канстытуцыя, у якой прапісана, што дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы. Прычым, як падкрэслівала прафесар Мароз на круглым стале ў Інстытуце мовазнаўства, на першым месцы стаіць беларуская мова, таму што да рэферэндуму 1995 года яна была адзінай дзяржаўнай мовай. За ёй захоўваецца прыярытэт. А руская мова была зраўнаваная ў статусе з беларускай мовай. Вось гэтыя моманты заўсёды трэба ўлічваць, і ніколі не трэба пераступаць праз гэта.


Гандаль не павінен вырашаць моўнае пытанне

Небяспеку для вытворцаў «беларускамоўных» тавараў, а таксама для крамаў, у якіх гэтыя тавары прадаюцца, уяўляюць чыноўніцкія праверкі. За парушэнне стандартаў яны могуць выпісваць штрафы. Але міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч у адказ на пытанне Еўрарадыё адзначае, што з 27 лютага яго ведамства ўвяло мараторый на праверкі. Цяпер супрацоўнікі Мінгандлю ходзяць у крамы і кавярні не правяраць, а маніторыць. «Праверкі [з 27 лютага] праводзяцца толькі па даручэнні прэзідэнта, Саўміна, у межах расследавання крымінальных справаў. Ці пазапланавыя праверкі, калі ёсць пэўная інфармацыя пра парушэнні, — распавядае міністр. — У чым розніца? Маніторынг — гэта назіранне і кантакт з бізнесам па прадухіленні парушэнняў. Падчас маніторынгаў няма штрафаў і не складаюцца пратаколы».
Спадар Калтовіч ведае пра новы тэхнічны стандарт і розгалас, які ён нарабіў у сацсетках. Але, на яго думку, не гандаль мусіць вырашаць, на якой мове афармляць этыкеткі тавараў. Тое ці іншае рашэнне гэтага пытання мусіць саспець у грамадстве, а чыноўнікі, вытворцы і крамы, як добрыя выканаўцы, прымуць яго і рэалізуюць.
«Гандаль і ўсё, што з ім звязана, — гэта ўсяго толькі пляцоўка. Як грамадства вырашыць, так гандаль і зробіць. Бо пытанне другой мовы — гэта пытанне сацыяльна-палітычнае, — мяркуе Уладзімір Калтовіч. — Роўна гэтак жа мы часта спрачаемся наконт алкаголю. Як яго прадаваць: у асобнай зале, не ў асобнай зале. Рашэнне гэтага пытання адпавядае ўзроўню яго разумення ў грамадстве. І пытанне нанясення інфармацыі — гэта толькі адзін з пунктаў усяго ланцугу, праграмы па развіцці ўжывання беларускай мовы ў грамадстве і ў краіне. І гандаль абсалютна нармальна выканае любое даручэнне. І гэтак жа адрэагуюць вытворцы, я ўпэўнены, калі гэта будзе комплекс мер, накіраваных на развіццё беларускай мовы.
Я скажу проста: маё дзіця скончыла беларускамоўную гімназію. Паступіла ў ВНУ. А там няма групы на беларускай мове! А ў маім роднымі Чэрвені гімназія, дзе я навучаўся (а раней гэта была школа), цалкам беларускамоўная. Але патрэбны наступны крок, куды ідзе выпускнік. Так нараджаецца пласт людзей, якія карыстаюцца беларускай мовай. Таму паўтаруся: гандаль — гэта толькі пляцоўка. А рашэнне такіх важных сацыяльна-палітычных пытанняў — па-за межамі кампетэнцыі гандлю».

Дзяржстандарт: Этыкеткі на беларускай мове знішчаць не трэба

Але прадпрымальнікам так ці інакш давядзецца вырашаць моўнае пытанне ўжо цяпер. Напрыклад, што рабіць з ужо надрукаванымі этыкеткамі, на якіх ёсць інфармацыя толькі на беларускай мове? Дзяржстандарт супакойвае: знішчаць іх не трэба. «Палажэнні згаданых ТР ТС 022/2011 ды СТБ 1100-2016, які рэалізуе яго патрабаванні, а таксама патрабаванні іншых абавязковых тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза на асобныя віды харчовай прадукцыі, не забараняюць выкарыстанне беларускай мовы пры ўказанні інфармацыі для спажыўцоў», — адзначылі ва ўстанове ў адказ на запыт Еўрарадыё.
Інфармацыя на рускай мове ў абавязковым парадку патрабуецца ў выпадку экспарту прадукцыі ў любую з краін ЕАЭС, дадалі ў Дзяржстандарце. «Пры гэтым трэба звярнуць увагу, што патрабаванняў датычна пэўнай мовы пры нанясенні прыдуманай назвы харчовай прадукцыі пры яе маркіроўцы (напрыклад, вада «Нарач», піва «Крыніца» і г.д.) ні ТР ТС 022/2011, ні СТБ 1100-2016 не ўводзяць. Такія назвы могуць быць указаныя на беларускай мове і не патрабуюць перакладу на рускую мову».

Як пытанне вырашылі ў Казахстане

Беларусь, Расія і Казахстан пачалі уніфікаваць тэхнічныя стандарты ў 2011 годзе. Працэс гэта няхуткі — тады быў складзены спіс з 47 дакументаў, якія ўводзяць стандарты вытворчасці тавараў на тэрыторыі ўсіх краін Мытнага саюза. Да мовы на этыкетках дайшло толькі сёлета.
Еўрарадыё вырашыла паглядзець на казахстанскі стандарт. Няўжо там таксама адмовіліся ад сваёй мовы? Чытаем СТ РК 1010-2002, пункт 4.3: «Тэкст на спажывецкай тары (упакоўцы), этыкетцы, контрэтыкетцы, цэтліку, стыкеры, лісце-ўкладышы і да т.п. і надпісы ў маркіроўцы наносяць на дзяржаўным і рускай мовах. Тэкст і надпісы могуць быць прадубляваныя на замежных мовах».
Дзяржаўная мова ў Казахстане — казахская, і яна ў тамтэйшым стандарце знаходзіцца на першым месцы. А беларускія ўлады вырашылі іначай і ў сваім рэгламенце паставілі на першае месца рускую мову. А беларускую зрабілі ўвогуле неабавязковай. Дзякуй, што ўсё ж не забаранілі!

"Тавар давядзецца прадаваць даражэй, чым можна было"

Павел Касцянкоў, пачуўшы ад нас, што друкаваць этыкеткі толькі па-беларуску не забаронена, радуецца. Але адразу заўважае, што кампраміс, прапанаваны Дзяржстандартам, прывядзе да падвышэння кошту тавараў.
«Гэта ўсё дадатковыя выдаткі. Гэта павялічвае кошт этыкеткі, а павелічэнне кошта этыкеткі прыводзіць да павелічэння кошта прадукта. Адпаведна, тавар давядзецца прадаваць даражэй, чым можна было».Колькі б ні каштавала дадрукоўка ўлётак з інфармацыяй на рускай мове, заплаціць за яе спажывец «беларускамоўных» тавараў.
Паводле euroradio.fm