У Магілёве ўлады збіраюць нараду наконт развіцця беларускага школьніцтва

Магілёўскі гарвыканкам збіраецца абмеркаваць сітуацыю з беларускамоўным навучаннем. Такую нараду ўпраўленне адукацыі, спорту і турызму запланавалі на сакавік.

Ілюстрацыйнае фота. Беларускамоўны клас ў 34-й сярэдняй школе г. Магілёва. Вучні, настаўніца Лідзія Ціханоўская і Алег Дзьячкоў. Магілёў, 19 студзеня 2017 года

Ілюстрацыйнае фота. Беларускамоўны клас ў 34-й сярэдняй школе г. Магілёва. Вучні, настаўніца Лідзія Ціханоўская і Алег Дзьячкоў. Магілёў, 19 студзеня 2017 года


На ёй намеснікі дырэктараў па вучэбнай працы падвядуць «вынікі работы ўстаноў адукацыі ва ўдзеле ў адзіным дні беларускамоўнага маўлення». Такія дні праводзяцца ў магілёўскіх школах па чацвяргах.

Запрасілі ТБМ

На нараду запрасілі і старшыню гарадской суполкі Таварыства беларускай мовы Алега Дзьячкова. Летась ён быў адным з тых, хто спрычыніўся да арганізацыі круглага стала, падчас якога чыноўнікі, прадстаўнікі адміністрацыяў школ ды грамадскасці абмяркоўвалі «захады папулярызацыі беларускай мовы ў сферы адукацыі».
У ходзе абмеркавання дырэктары дзвюх школ заявілі, што гатовыя набраць першыя класы з беларускай мовай навучання. Праз тры месяцы ў першы клас 34-й школы пайшлі дзьве вучаніцы.
Алег Дзьячкоў стрымана рэагуе на запрашэнне чыноўнікаў паўдзельнічаць у іх нарадзе.

Алег Дзьячкоў

Алег Дзьячкоў

«Тэма беларускамоўнага навучання для магілёўскіх чыноўнікаў не дужа прыемная, — адзначае ён. — На гэтай нарадзе трэба будзе казаць пра тое, што зроблена і чаго не зроблена за час, які мінуў. Прэтэнзіі будуць і ў нас, прадстаўнікоў грамадскасці, да працы чыноўнікаў, і ў іх да нас таксама. Трэба абмяркоўваць усё і з улікам гэтага ісці наперад».
Алег Дзьячкоў сумняваецца, што ад нарады, у якой будуць браць удзел толькі намесьнікі дырэктараў школаў, будзе плён:
«Намеснікі дырэктараў распавядуць пра тое, што было зроблена, — і што далей?»
Тым ня менш Дзьячкоў зьвяртае ўвагу на тое, што адкрыццё беларускіх класаў не можа адбывацца без удзелу чыноўнікаў:
«Нам трэба працаваць разам. Я, аднак, непакоюся, што можа паўтарыцца леташняя сітуацыя. Тады мне давялося тры месяцы бегаць па кабінетах, каб узгадніць усе пытанні, і толькі ў траўні правялі той круглы стол. Мне здаецца, што і цяпер усё развіваецца паводле таго ж сцэнару. Як па мне, то чыноўнікі стараюцца зацягнуць абмеркаванне пытання».

«Трэба спяшацца», — актывіст ТБМ

Ілюстрацыйнае фота. Беларускамоўны клас ў магілёўскай школе №34

Ілюстрацыйнае фота. Беларускамоўны клас ў магілёўскай школе №34

Паводле Алега Дзьячкова, актуальныя пытанні для беларускамоўнага школьніцтва варта было ўжо абмеркаваць раней, а не планаваць на сакавік.
Ён звяртае ўвагу, што на травеньскай сустрэчы выказваліся думкі пра неабходнасць падвядзеньня вынікаў круглага стала пасля таго, як пачнецца навучальны год. Аднак пэўнага адказу ад кіраўніцтва адукацыйнай сферы горада тады не было:
«І прамінуў амаль год, і тут заяўляецца нарада. Бацькі ўжо вырашаюць, у якія школы трэба аддаваць дзяцей. Неўзабаве пачнуцца бацькоўскія сходы. А прапаноў з беларускай мовай навучання няма».

Ілюстрацыйнае фота. Этнаграфічны куток у беларускім класе магілёўскай школы № 34

Ілюстрацыйнае фота. Этнаграфічны куток у беларускім класе магілёўскай школы № 34

Алег Дзьячкоў адзначае, што пасля правядзення летась круглага стала актывізавалася інфармаванне бацькоў пра магчымасць атрымання школьнай адукацыі на беларускай мове, развешваліся ўлёткі, быў паказаны ролік пра беларускамоўнае навучаньне на святлодыёдным экране:
«Мы ж схібілі ў тым, што недастаткова звярталіся па дапамогу ў пытанні пашырэння беларускамоўнага школьніцтва да арганізацыяў і людзей дэмакратычна і беларусаарыентаваных. Абвесткі, якія мы развешвалі, падазраю, ня дужа эфэктыўны сродак».

Адкрыццё беларускіх класаў залежыць ад бацькоў

Клас з беларускай мовай навучання летась у Магілёве сфармавалі ў 34-й школе дзякуючы намаганням сям’і Турандзіных. Пра намер аддаць дачку Таццяну ў беларускую клясу яе маці Галіна Турандзіна казала і на сустрэчы з чыноўнікамі.
За час, што мінуў, адзначыла Галіна, у прасоўванні беларускамоўнай школьнай адукацыі зьмянілася мала. Як пазітыўны сігнал, што сітуацыя мяняецца, суразмоўца згадала правядзенне ў навучальных установах дзён беларускай мовы.

Галіна Турандзіна з дачкой Таццянай, якая ходзіць у магілёўскую школу № 34

Галіна Турандзіна з дачкой Таццянай, якая ходзіць у магілёўскую школу № 34

«Раней абавязковых такіх дзён не было. Усе залежала ад пазіцыі выхавальніцы ці настаўніка. Я сумняваюся, што на працягу чацвярга ўсе стараюцца гаварыць па-беларуску, але дзеці чуюць беларускую мову», — сказала Галіна Турандзіна.
Яна пагаджаецца з думкай, што адкрыццё беларускіх класаў будзе залежаць ад таго, ці будуць настойваць на гэтым бацькі. Галіна таксама трымаецца пазіцыі, што нарада, якую запланавалі чыноўнікі, будзе бясплённай без удзелу грамадскасці і зацікаўленых у адкрыцці класаў бацькоў:
«Патрэбна прадметная дыскусія, што зроблена ў пытанні фармавання беларускіх класаў. Да канца навучальнага года засталося тры месяцы. У траўні бацькі ўжо маюць варыянты, куды аддадуць дзяцей. Прыклад Гомеля, дзе летась адкрылі клас з 26 дзяцей, паказвае, што трэба старацца ўсім — чыноўнікам, настаўнікам, грамадскасці, — каб пытанне зрушыць з месца. Трэба, каб бацькі не баяліся аддаваць дзяцей у беларускія класы, каб у іх былі гарантыі таго, што клас не закрыюць з нейкай прычыны, што будзе забяспечаны навучальны працэс», — кажа Галіна Турандзіна.

Вучаніцы беларускага класа Тацяна Турандзіна (злева), Эвеліна Самойленка (у цэнтры), Улада Грыцава (справа)

Вучаніцы беларускага класа Тацяна Турандзіна (злева), Эвеліна Самойленка (у цэнтры), Улада Грыцава (справа)

Цяпер у 34-й школе Магілёва вучацца па-беларуску тры вучаніцы. Дырэктар школы Ігар Якіменка прыхільна ставіцца да беларускамоўнага навучання. У сёмым класе першай магілёўскай школы адна вучаніца — Ялінка Салаўёва. Бацькам не ўдалося знайсці ёй кампанію.

3e01636e_d5af_43d8_ab57_27c410621336_cx0_cy10_cw100_w650_r1_s.jpg

Яліна Салаўёва з маці, фота 2016 года
Паводле svaboda.org