Казачнікі ад ураду

Інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS) правёў даследаванне, якое тычылася пытанняў, што найбольш хвалююць беларусаў. Эканамічнай сітуацыяй у краіне (а дакладней, інфляцыяй і ростам цэнаў) заклапочаныя 80 працэнтаў апытаных рэспандэнтаў.



07c5807d0d927dcd0980f86024e5208b.jpg

Інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS) правёў даследаванне, якое тычылася пытанняў, што найбольш хвалююць беларусаў. Эканамічнай сітуацыяй у краіне (а дакладней, інфляцыяй і ростам цэнаў) заклапочаныя 80 працэнтаў апытаных рэспандэнтаў.
Другое месца ў рэйтынгу займае праблема алкагалізму — 47,9 працэнта, далей ідуць высокія тарыфы на паслугі ЖКГ (32,9 працэнта), нізкі ўзровень прыбыткаў (32,4 працэнта) і высокія кошты на жыллё (29 працэнтаў). Праблемы з дэмакратыяй і свабодаю слова хвалююць 8 працэнтаў беларусаў, ціск на нацыянальную культуру і мову, а таксама нізкая якасць сістэмы адукацыі зацікавілі такую колькасць суайчыннікаў, што лічбы аказаліся ці не ў межах  статыстычнай памылкі  — 2,2 і 1,8 працэнты адпаведна.
А ўрад тым часам гаворыць, што эканамічны спад, які для Беларусі, між іншым, толькі пачаўся, ужо завяршаецца. І хутка мы будзем выхваляцца ростам ВУП, заробкаў і агульным дабрабытам. Але не трэба думаць, што людзі — дурні, і не разумеюць, да чаго ідуць справы. На днях мой знаёмы — рабочы на адным з мінскіх заводаў — спачатку сціпленька запытаўся, чаго чакаць бліжэйшым часам ад нашай эканомікі, пасля не стрымаўся і красамоўна вылаяўся, назваўшы кіраўніцтва краіны нядобрым словам за імклівы рост знешніх пазыкаў і дрэнную арганізацыю вытворчасці. І гэта, між іншым, у час, калі слова «крызіс» у краіне дазволілі ўжываць толькі тады, калі пераход прадпрыемстваў на няпоўныя працоўныя тыдні схаваць ужо ніяк не выпадала, і дзяржаўныя СМІ былі вымушаныя выдаваць народу дазаваную інфармацыю.
 Эканамічны ўздым, які да таго ж мусіць прыпасці на лета — час адпачынкаў і зацішша ў сацыяльна-эканамічным жыцці, — урад збіраецца забяспечыць новымі знешнімі ўліваннямі. Настойліва просіць 500 мільёнаў долараў у Расіі і адначасова са спадзяваннямі на інвестыцыі і крэдыты як бы паварочваецца да Захаду. Сусветны банк на мэты развіцця для Беларусі плануе выдаць не менш за 200 мільёнаў долараў, дый перамовы па атрыманню другога транша крэдыту ад МВФ у рамках праграмы stand-by, па словах віцэ-прэм’ера Андрэя Кабякова, ідуць поўным ходам. Дарэчы, у красавіку была агучана інфармацыя пра заяўку на атрыманне крэдыту памерам 125 мільёнаў долараў ад Міжнароднага банку рэканструкцыі і развіцця. Праблемы з дэфіцытам гандлёвага балансу ўрад імкнецца вырашыць за кошт адміністрацыйных захадаў, і разглядае гэту праблему не як сістэмную (хаця адмоўнае сальда па гандлю з’явілася не ўчора), а часовую з’яву.
Пра рэальны стан спраў гавораць і намеры абмежаваць норму бязмытнага ўвозу ў Беларусь тавараў з тысячы да двухсот еўра. Не сакрэт, што кошты на многія віды тавараў у параўнанні з краінамі бліжэйшага замежжа аж зашкальваюць. І людзі, асабліва з памежных рэгіёнаў, ездзяць на закупы ў Польшчу, Літву, Украіну. Калі такое рашэнне будзе прынята, то ўдарыць яно найперш па звычайных спажыўцах. «Гэта мера, ведаеце, непапулярная і часовая, — пракаментаваў магчымыя абмежаванні Аляксандр Лукашэнка. — Я, праўда, не бачыў яшчэ гэтых прапаноў, але я ад зваротнага пачынаю разважаць. Я хачу, каб вы апраналі сваё і елі сваё. Можа, яно горш упакавана, чым імпартнае, але сёння сітуацыя такая, што ў нас валюты бракуе. А калі патрошку-патрошку, глядзіш, і нешта сабралі».
З беларусаў па нітцы — сіраце кашуля, толькі ці не акажуцца самі беларусы без штаноў ад такіх антыкрызісных мераў. «Мы паглядзім, варта або не варта, — заявіў кіраўнік краіны. — Гэта, хутчэй за ўсё, ад Нацыянальнага банка ідзе, каб абмежаваць увоз імпарту. Мы павінны разумець, што зараз разгледзім літаральна ўсе пытанні, каб абараніць свой рынак, каб свайго вытворцу абараніць, каб прадаць сваё. Таму што попыт зваліўся ўсюды, і мы не можам рэалізаваць сваю прадукцыю, як раней. Таму хоць у сябе ўсярэдзіне трэба прадаць. Вядома, паўстае пытанне якасці. Давайце нармальную якасць. Нікуды не дзенуцца, будуць даваць».
Усе намаганні казачнікаў ад эканомікі дашчэнту разбіваюць факты. Вось і нядаўна Беларусь падвязалася ўступіць ў антыкрызісны фонд ЕўрАзЗЭС. Беларускія ўлады разлічваюць атрымаць нейкую дапамогу з гэтага фонду,  агульны памер якога павінен скласці 10 мільярдаў долараў. Доля Расіі ў антыкрызісным фондзе ЕўрАзЗЭС складае 7,5  мільярда долараў, Казахстану — 1 мільярд, Кіргізія, Таджыкістан і Арменія пералічаць у фонд па 1 мільёну долараў ЗША. Беларускія ж улады дагэтуль не толькі не агучылі аб’ём удзелу ў фондзе, але і адмаўляюцца паведамляць, ці прынята рашэнне па дадзеным пытанні. Прынамсі, інфармацыі пра пералічаныя на рахунак грошы нідзе не з’яўлялася. Плаціць няма з чаго.