Класкоўскі: І высокая культура, і законапаслухмянасць нам спатрэбяцца, калі Беларусь вернецца ў Еўропу

Дзякуючы якой рысе беларусы змаглі выжыць на працягу стагоддзяў і за кошт чаго вельмі добра ўпісаліся б у Еўрасаюз? У межах спецпраекта «Вытокі» «Салідарнасць» аналізуе беларускі нацыянальны характар і спрабуе знайсці адказы на пытанні, хто такія беларусы, чым мы адрозніваемся ад іншых і які лёс чакае нашу нацыю.

img_2436_2_logo.jpg.webp

Гэтым разам суразмоўца выдання — палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі.

— Многія даследчыкі, з якімі даводзілася размаўляць у рамках нашага праекта, адзначалі, што, мабыць, ні адна нацыя не зведала столькі перашкод на шляху свайго фарміравання, як беларусы. І тым не менш беларусы ёсць. Што дапамагло нам выжыць?

— У пэўнай ступені гэта цуд і шанцаванне, бо многія народы зніклі, так і не стаўшы нацыямі. Я мяркую, што беларусам дапамагла выжываць такая рыса, як адаптыўнасць. Суровыя ўмовы існавання, шматлікія варожыя навалы выпрацавалі навык выжываць насуперак усяму.

А яшчэ я б адзначыў асаблівасці беларускай прыроды: лясы, балоты. Лес быў паратункам, ён карміў і хаваў, калі прыходзілі чужынцы і палілі паселішчы. А як побач не было лесу, то дзейнічаў прынцып «хавайся ў бульбу».

Але гэта не азначае, што беларусы — баязліўцы. Я не згодны з такім стэрэатыпам, які некаторыя распаўсюджваюць. У нашай гісторыі было шмат герояў. У нас існавала рыцарства, наша шляхта мела слаўныя ваярскія традыцыі, і нават у савецкай арміі беларусаў цанілі як вельмі добрых салдат.

А яшчэ нам дапамагло выжыць тое, што ў нашай гісторыі было багата людзей, якія дапамагалі беларусам асэнсаваць сябе нацыяй. Такіх людзей знішчалі, але наша зямля нараджала новых яркіх асоб, інтэлектуалаў, пасіянарыяў.

Гэта і Кастусь Каліноўскі, і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, і браты Луцкевічы, і Браніслаў Тарашкевіч, і Янка Купала з Якубам Коласам, і стваральнікі БНР, і заснавальнікі БНФ. Варта аддаць належнае Зянону Пазняку. Сёння (ды і раней) некаторыя яго заявы выклікаюць спрэчкі, і многія лічаць, што ягоны палітычны час ужо скончыўся, але так ці іначай гэта ўнікальная фігура.

Прыканцы гарбачоўскай перабудовы БНФ зрабіў вельмі шмат. Дастаткова згадаць знакамітую Сесію незалежнасці ў 1991 годзе, калі невялікая, але згуртаваная і палітычна дасведчаная апазіцыя БНФ дамаглася, каб дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце быў нададзены статус канстытуцыйнага закона. А трохі пазней дзяржаўнымі сімваламі сталі бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня».

— А якія адмоўныя рысы беларускага характару вы б вылучылі? Што нам замінае?

— Увогуле да пытання нацыянальнага характару я стаўлюся з пэўным скептыцызмам. У гэтай плашчыні бытуе шмат штампаў і стэрэатыпаў. Я сустракаў і тэмпераментных эстонцаў, бачыў і флегматычных украінцаў. Ці вось за савецкім часам, ды і цяпер, гучыць, што беларусы славяцца гасціннасцю. Прабачце, ну а грузіны хіба не славяцца гасціннасцю? Кажуць, і чукчы вельмі гасцінныя. Так што ўсё гэта вельмі спрэчна.

Ці вось культывуецца такі адмоўны стэрэатып, што беларусы болей за ўсіх сварацца між сабой. Можна падумаць, прадстаўнікі іншых народаў меней сабачацца ў чатах.

А ўвогуле сярод часткі беларусаў ёсць такая звычка — вышукваць ці выдумляць нейкія негатыўныя рысы нацыянальнага характару і наракаць на іх. Я супраць гэтага. Мяркую, што не варта сябе прыніжаць як нацыю, асабліва ў нашай сітуацыі.

Трэба падкрэсліваць нашы плюсы, нашы моцныя бакі і такім чынам ўздымаць дух і надаваць аптымізму людзям, якія сёння апынуліся ў вельмі цяжкай сітуацыі ці ў самой Беларусі, ці па-за яе межамі, будучы выціснутымі ў палітычную эміграцыю.

Глядзіце таксама

— Тады давайце пра нашы станоўчыя рысы.

— Тут я б адзначыў высокую працоўную мараль і дысцыпліну. Гэтым беларусы ў выгадны бок адрозніваюцца ад некаторых суседзяў. І хаця ў нас таксама быў перыяд так званага «саўка», калі не было сапраўднага гаспадара, калі красці ў калгасе лічылася нормай і добрым тонам, але нават гэтыя чыннікі не змаглі разбурыць нашу працоўную этыку, руплівасць, дбайнасць.

І таму думаю, што ў іншай гістарычнай сітуацыі беларусы вельмі добра ўпісаліся б у Еўразвяз і былі б там адной з паспяховых краін.

Як станоўчыя рысы таксама разглядаю разважлівасць, разумную асцярожнасць і законапаслухмянасць беларусаў. Хаця недахопы часта ёсць працягам вартасцей. Таму што разважлівасць можа перарастаць у інертнасць і нерашучасць, адсюль гэтая беларуская прыказка «А мо так і трэба». А законапаслухмянасцю часта злоўжываюць цяперашнія ўлады, прытым што ім самім, як мы ведаем, «иногда не до законов».

Ці возьмем 2020 год, гэты вядомы момант, які разляцеўся па сеціве і медыях, калі беларусы разуваліся, становячыся на лавачкі падчас пратэстаў. Вакол гэтага было шмат крытыкі, асабліва ад украінцаў: маўляў, вам трэба было браць кактэйлі Молатава ды ісці на АМАП.

Але папракаць беларусаў за нерашучасць у 2020 годзе, на мой погляд, некарэктна, бо зусім розныя былі ўмовы падчас майданаў ва Украіне і тады ў Беларусі. Украінцы ніколі не ведалі такой жорсткай дыктатуры, там былі грошы на падтрымку доўгатрывалых вулічных акцый, бо некаторыя алігархі ўкладаліся ў гэта, былі моцныя альтэрнатыўныя медыя, была апазіцыя ў парламенце, быў раскол эліт і шмат іншага.

У той канкрэтнай сітуацыі, калі б удзельнікі гэтага стыхійнага мірнага паўстання схапілі камяні і пачалі шпурляць у АМАП, яны б усё адно не перамаглі рэжым, толькі б яшчэ болей атрымалі. І так вельмі многія моцна пацярпелі.

І калі б маніфестанты ў жніўні 2020-га пайшлі на штурм Палаца незалежнасці, то былі б горы трупаў. Там стаялі БТРы з буйнакалібернымі кулямётамі. Лукашэнка сам потым казаў, што не вагаўся б аддаць загад «ввести в действие армию», то бок расстраляць пратэстоўцаў.

Так што тыя пратэсты практычна не мелі шанцаў. Але падчас іх якраз і выявілася высокая культура, шляхетнасць беларусаў — нават смецце фактычна не трэба было прыбіраць пасля таго, як праходзілі гэтыя калоны. І я ўпэўнены, што і гэтая высокая культура, і законапаслухмянасць яшчэ вельмі нам спатрэбяцца, калі Беларусь вернецца ў Еўропу.

img_3052_logo.jpg.webp

— А чым можна патлумачыць такое наша адрозненне ад суседзяў, з якімі мы, здавалася б,  мелі агульную гісторыю, пачынаючы ад часоў ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, СССР?

— У рускіх, напрыклад, быў перыяд мангола-татарскага ярма, што наклала свой адбітак на іх менталітэт. Беларускія землі, як вядома, амаль што не зазналі ардынскай навалы, у тым ліку дзякуючы супраціву, дзякуючы бліскучым перамогам. І калі ў Масковіі панаваў дэспатызм, у нас былі прагрэсіўныя на той час законы Вялікага Княства Літоўскага, нашы гарады мелі магдэбургскае права.

Іншымі словамі, ужо тады на нашых землях культываваліся традыцыі павагі да асобы, да ўласнасці, да закону. І гэта цяпер вызначае розніцу паміж рускімі і беларусамі.

Калі ж браць украінцаў, то гэта больш паўднёвы народ. Іншым разам кажуць, што ўкраінцы — гэта італьянцы Усходняй Еўропы, а беларусы — немцы Усходняй Еўропы. Даволі трапнае, мне здаецца, параўнанне.

Украінцы больш тэмпераментныя, у іх ёсць традыцыі казацкай вольніцы, бунтарства, і гэта таксама абумовіла асаблівасці іх гісторыі і сённяшняга дня — у прыватнасці тое, як яны абсалютна нечакана, калі ім прарочылі паразу за тры дні, далі расійскім захопнікам па зубах у 2022 годзе.

Калі ж браць літоўцаў, то ў нас з імі даволі шмат агульнага, хоць мы і адрозніваемся ад іх славянскім паходжаннем. Хаця, як кажуць навукоўцы, беларусы таксама маюць балцкі субстрат.

Увогуле наш нацыянальны характар сфарміраваўся пад уплывам комплексу асаблівых чыннікаў. Тут усё паўплывала, пачынаючы ад шматлікіх войнаў і захопаў і канчаючы асаблівасцямі прыроды, клімату, рэльефу.

— Якую самую трагічную падзею нашай гісторыі вы б вылучылі — тую, якая адбілася на беларускім менталітэце і наступствы якой мы адчуваем па сёння?

— Увогуле ўся беларуская гісторыя трагічная. Стагоддзямі вынішчаўся генафонд нацыі, чаму я і кажу: гэта цуд, што беларусы выжылі, ацалелі і як нацыя працягваюць нараджаць выдатных, яркіх асоб.

Тут можна згадаць і войны з Масковіяй, калі гінула да паловы насельніцтва. Гэта была велізарная трагедыя. Але гэта вельмі далёкія падзеі, і цяперашнія беларусы толькі па кніжках ведаюць пра іх.

Канешне, варта назваць Другую сусветную вайну. Гэта калектыўная траўма, якая адчуваецца дасюль. У гады майго маленства і юнацтва размовы пра гітлераўскую навалу, пра тое, як людзі галадалі, як баяліся, што іх расстраляюць, — гэта былі звычайныя тэмы нашых бацькоў і дзядоў.

Дарэчы, сапраўдныя ветэраны не любілі згадваць пра вайну, ніякай рамантыкі, ніякага пафасу, калі яны ўсё ж нешта распавядалі, напрыклад за чаркай пасля лазні, не было, адно гучала — што гэта страшэнная крывавая рэч. Тое, што цяпер раскручваецца і ўзнята на шчыт у Расіі, ды і ў Беларусі, вось гэты хлуслівы патрыятызм, «можем повторить», ніякага дачынення да сапраўднай памяці аб вайне не мае.

Насамрэч беларусы — пацыфісты. Нават сацыялогія паказвае гэта, калі гаворка ідзе пра стаўленне да вайны ва Украіне. Думаю, гэта адзін з чыннікаў, які ўтрымаў Лукашэнку з Пуціным ад таго, каб уцягваць у вайну беларускае войска.

А з іншага боку, вось гэтае беларускае «абы не было вайны» выкарыстоўвае сёння ўлада. Лукашэнка стараецца зарысавацца такім мудрым і магутным захавальнікам міру ў Беларусі, хоць насамрэч рэжым стаў суагрэсарам і дапамагае Крамлю ў несправядлівай вайне супраць украінцаў. Аднак гэта не перашкаджае Лукашэнку выязджаць са сваім шпіцам куды-небудзь да літоўскай мяжы і расказваць, як ён абараняе сінявокую Беларусь ад натаўскіх ордаў і ад «збеглых». І на частку насельніцтва гэта дзейнічае.

Калі пералічваць яшчэ трагічныя падзеі, то можна назваць таксама Чарнобыль.

Ну і, нарэшце, самая свежая калектыўная траўма — гэта 2020 год. З аднаго боку — узлёт народнага духу, палітызацыя, момант грамадзянскага сталення, калі выявілася, што ў нас ёсць моцная грамадзянская супольнасць, што беларусы становяцца палітычнай нацыяй. А з іншага боку — цяжкая параза мірнага паўстання, якая прывяла і да фізічных, і да псіхалагічных траўмаў соцень тысяч, а можа мільёнаў беларусаў.

І сёння, калі ўлада шалее, узнімае градус рэпрэсій і страху ў грамадстве, а паралельна аддае кавалкі суверэнітэту Маскве, ужо само панаванне рэжыму Лукашэнкі ператвараецца ў нацыянальную трагедыю. Бо рубам стаіць пытанне пра выжыванне нацыі, незалежнасць Беларусі.

Глядзіце таксама

— А самая важная падзея, якая дала штуршок для развіцця нацыі?

— Можа, скажу трохі парадаксальна для чалавека дэмакратычных поглядаў, але я вылучыў бы ўтварэнне БССР. Канешне, бальшавікі пайшлі на гэта ў значнай ступені таму, што раней узнікла БНР. Але, паклаўшы руку на сэрца, БНР не паспела, не змагла (і не магла, напэўна, у тых умовах) стаць сапраўднай дзяржавай. Гэта было ў значнай ступені віртуальнае ўтварэнне, хаця, безумоўна,  гістарычнае значэнне гэтага моманту вялікае.

Калі ж казаць пра БССР, то яна, зразумела, не мела сапраўднага суверэнітэту. Ён быў запісаны ў савецкай канстытуцыі, там нават было права выхаду саюзнай рэспублікі з СССР, але хто тады верыў, што Масква такое дазволіць? Канешне, не магло яно адбыцца ў часы Сталіна і ў часы Брэжнева, але ў выніку гарбачоўскай перабудовы, калі Савецкі Саюз пачаў развальвацца, Беларусь атрымала незалежнасць. У адрозненне, напрыклад, ад Татарыі ці Башкірыі, якія былі толькі аўтаномнымі рэспублікамі. Так што вось гэты савецкі статус спрацаваў.

Ну, і потым, я асобна адзначыў бы перыяд перабудовы, распаду Савецкага Саюза і першых гадоў незалежнасці. Вось гэтае Адраджэнне канца 1980-х — першай паловы 1990-х — гэта быў фантастычны, унікальны перыяд.

Дзякуючы дзейнасці Беларускага народнага фронту, вось гэтым пасіянарным асобам, лідарам нацыянальнага Адраджэння, сотні тысяч нашых суайчыннікаў асэнсавалі сябе ў поўнай ступені беларусамі. Я сам у тыя гады, калі казаць патэтычна, сфарміраваўся як свядомы беларус.

Раптам, як плынь з-пад лёду, вырвалася гэтая палітычная актыўнасць, праводзіліся мітынгі, залунаў на плошчах той самы бел-чырвона-белы сцяг. Гэта быў кароткі, але вельмі яркі перыяд.

І гэта спрацавала фантастычным чынам у 2020 годзе. Здавалася, тая класічная, старая, як яе называюць, апазіцыя страціла свой уплыў, не надта свяцілася ў вулічных падзеях 2020 года. Але вось тыя зярняты, якія былі пасеяны раней, зярняты нацыянальнай самасвядомасці, грамадзянскасці прараслі тады, у 2020-м, і мы ўбачылі над калонамі маніфестантаў мора вось гэтых бел-чырвона-белых сцягоў.