Кныровіч: «Беларусы — сучасная еўрапейская нацыя, якая цалкам здольная на самапавагу»

Бізнесовец і блогер у эфіры Е*рарадыё разважае пра пра завочныя суды над лідарамі дэмакратычных сіл, пра тое, ці зменіцца нешта, калі Зяленскі пацісне руку Ціханоўскай, пра пераадоленне «траўмы 2020-га» і пра самапавагу беларусаў.

760b4fa3e0630a11610c0f9404d6388b.jpeg


— Што тычыцца ў цэлым гэтых завочных судоў, то тут нічога новага. Улады Беларусі даўно адмовіліся ад правілаў і прыстойнасцяў усяго астатняга свету. Ім можна праводзіць царкоўныя, рытуальныя спалення пудзіла Ціханоўскай, можна браць ляльку вуду Латушкі і ўсім светам калоць па пятніцах, але ад гэтага нічога не мяняецца. І я перакананы, што тыя людзі, якія ідуць першымі па гэтых судах, увогуле, да гэтага даўно гатовыя.

Адціснуць у іх уласнасць — гэта не самае страшнае, што можа з імі ў жыцці адбыцца.

Бізнэсовец успамінае, як у краінах Балтыі пасля распаду СССР людзі, у якіх Саветы забралі кватэры ці дамы, пасля вярнуліся туды і змаглі вярнуць сваю ўласнасць з фармулёўкамі «у каго вы гэта набылі, у таго і просіце грошы назад, а гэта наша, і гэта ў нас несправядліва забралі».

— І я перакананы на 100%, што так і будзе ў Беларусі. Таму што, калі вы ездзіце на крадзеным аўтамабілі, то, нягледзячы на тое, што вы сумленны пакупнік, аўтамабіль у вас забяруць і аддадуць ўласніку, калі, вядома, яго знойдуць.

А ваша праблема ў тым, што вы аддалі за яго грошы таму, хто яго скраў. Гэта ўжо будзе прадметам судовага пазову, разбору і вашых патрабаванняў «вярні мае грошы» да таго, хто завалодаў аўтамабілем незаконным шляхам.

Кныровіч лічыць, што, калі беларускі рэжым адбірае ўласнасць у сваіх апанентаў, якія знаходзяцца за мяжой, ён паступае сапраўды гэтак жа.

— Людзі, якія засяліліся ў кватэры, якія забяруць у тых, хто з'ехаў, па такіх судовых рашэннях, натуральна, рызыкуюць у агляднай перспектыве, а ёсць перыяд смерці дыктатараў і змены ўлады ў любым выпадку. Гэта трэба разумець, і гэта будзе так, я абсалютна ўпэўнены.

Бізнэсовец таксама разважае на тэму таго, як беларусам падтрымліваць адзін аднаго ў такі няпросты час, і дае з гэтай нагоды некалькі парадаў, якія базуюцца на яго назіраннях.

— Каб быць дабрэйшым адзін да аднаго, у беларусаў павінна быць вылечана траўма 2020 года. Таму што ў мяне ёсць унутраны гонар за гэтыя падзеі, але я разумею, наколькі сёння глыбокае пачуццё расчаравання, і гэта расчараванне выклікае напружанне ў адносінах адзін да аднаго.

Гэтая траўма 2020-га павінна быць вылечаная і тады мы, сапраўды, будзем дабрэйшымі, і я абсалютна перакананы, што беларуская нацыя інтэлігентная і здольная размаўляць адзін з адным, хай нават маючы розныя пазіцыі, але, паўтаруся, інтэлігентна і вырашаючы сумесныя пытанні.

Кныровіч працягвае:

— І мы не павінны быць ахвярамі. Пазіцыя, што мы пацярпелі, і ў нас 1,5 тысячы палітвязняў, рэпрэсіі, забойствы, павінна быць выкрасленая назаўжды. Мы не ахвяры.

Я бачу, як людзі, якія прыехалі ў эміграцыю, знаходзяць сябе, працуюць, гадуюць дзяцей, будуюць сваё жыццё і здзяйсняюць вельмі шмат карыснага і вельмі шмат важнага.

Паверце мне, гэта настолькі дае энергію, што я б хацеў, каб гэта разуменне расло. Мы — беларусы, сучасная, еўрапейская нацыя, якая цалкам здольная на самапавагу. І тады нас будуць паважаць усе астатнія.

Бізнесмен таксама кажа аб тым, што яго злуюць размовы аб тым, што Зяленскі не прызнае Святлану Ціханоўскую або Кабінет прадстаўнікоў.

— Таму што пастаўце сябе на месца Зяленскага. Што зменіцца ў яго жыцці або ў жыцці ўкраінскага грамадства ад таго, што ён пацісне руку Ціханоўскай, сфатаграфуецца і скажа: «Так, я прызнаю гэты кабінет»? У яго жыцці не зменіцца наогул нічога.

І таму, пакуль мы самі не сталі моцнымі, мы будзем казаць, што дрэнны Зяленскі, дрэнны той ці іншы. Але я абсалютна перакананы, што ў беларусаў патэнцыял велізарны, але нам трэба працаваць і працаваць.