Кожны пяты. Чаму беларусы масава хаваюць свае псіхічныя расстройствы

Па дадзеных СААЗ, кожны пяты чалавек у свеце пакутуе тым ці іншым псіхічным расстройствам альбо адчувае эмацыянальнае перанапружанне. Гэта актуальна і для Беларусі. У нашай краіне штогод да лекараў-псіхіятраў звяртаюцца больш за 300 тыс чалавек, аднак многія хаваюць свае праблемы ад родных і не звяртаюцца па дапамогу, што пагаршае іх стан.

alone_2666433_1280.jpg


Трывожнай тэндэнцыяй падзялілася Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа напярэдадні Сусветнага дня псіхічнага здароўя, які адзначаецца 10 кастрычніка.
Беларусь паўтарае сусветныя тэндэнцыі. Шалёны рытм жыцця, пастаянныя перагрузкі і стрэсавая праца робяць людзей уразлівымі да псіхічных і паводніцкіх расстройстваў. Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, імі пакутуе кожны чацвёрты-пяты чалавек. А кожны другі рызыкуе захварэць на працягу жыцця.
Асноўная небяспека — у тым, што ўсім бачная толькі «вяршыня айсберга». Афіцыйная статыстыка ахоплівае тых, хто знаходзіцца пад дыспансэрным наглядам. У Беларусі гэта тычыцца крыху больш за 1% насельніцтва. Звыш за палову з іх — каля 60 тысяч чалавек — маюць інваліднасць.
«Праблема псіхічнага здароўя для Беларусі вельмі актуальная. Асабліва яе прыхаваная форма, калі людзі не звяртаюцца па дапамогу да ўрачоў або псіхолагаў. Многія асцерагаюцца «нязручнага» дыягназу, праблем на працы і сацыяльных цэтлікаў, — адзначаюць у Беларускім Таварыстве Чырвонага Крыжа. — На самай справе ніхто не застрахаваны ад праблем з псіхікай. Але калі ад іх не ўцякаць, то ўсё можна паправіць. Напрыклад, можна бясплатна звярнуцца ў «Адкрыты дом» у Мінску і атрымаць псіхалагічную дапамогу і падтрымку, як самім пацыентам, так і іх блізкім сваякам.
Але дапамога патрабуецца не толькі тым, хто сутыкнуўся з псіхічнымі расстройствамі. Мяняцца павінна і само грамадства: перастаць баяцца тых, хто здаецца дзіўным.
«Час мяняць стаўленне грамадства, каб да псіхічных захворванняў ставіліся гэтак жа, як і да любых іншых. Каб працадаўцы ў Беларусі не асцерагаліся браць іх у штат, а бацькі не асцерагаліся пакінуць дзіця з равеснікам, паводзіны якога могуць здавацца дзіўнымі. Забабоны і стэрэатыпы замінаюць такім людзям стаць часткай грамадства і жыць паўнавартасна», — падзяліліся асцярогамі прадстаўнікі Чырвонага Крыжа.
Каб выправіць становішча, Чырвоны Крыж запусціў у Беларусі флэшмоб #всемыстранные. Для ўдзелу трэба размясціць у любой сацсетцы пост з апісаннем свайго дзівацтва з хештэгам #всемыстранные. Спецыялісты збяруць разам усе запісы, а самыя цікавыя — апублікуюць. Адкрыцця павінны падвесці грамадства да ісціны: няма ідэальных людзей, але ёсць непрыманне тых, хто не ўпісваецца ва стэрэатыпы.
У Мінску псіхалагічную дапамогу можна бясплатна атрымаць у цэнтры Чырвонага Крыжа "Адкрыты дом". Ён адкрыты па будных днях з 10 да 19 гадзін па вуліцы Чырвонай, 3. Тут нікога не называюць пацыентамі — толькі гасцямі, ды і гісторый хваробы ніхто не заводзіць. З наведвальнікамі працуюць супрацоўнікі цэнтра, якіх кансультуюць спецыялісты РНПЦ псіхічнага здароўя і Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансэра.
Сусветны дзень псіхічнага здароўя адзначаюць 10 кастрычніка. Робяць гэта па ініцыятыве Сусветнай федэрацыі псіхічнага здароўя з 1992 года. Паводле розных даследаваннях, кожны 7 чалавек на Захадзе хварэе на шызафрэнію, альбо схільны да дэпрэсіі або алкагалізму.
Паводле прэс-рэлізу