Красамоўная статыстыка. Кожны жыхар Светлагорскага раёна ў працоўным узросце — «дармаед»

Па выніках пасяджэння прэзідыума райсавета дэпутатаў Светлагорскага раёна, на якім абмеркавалі занятасць насельніцтва, стала вядома, колькі ў раёне афіцыйна беспрацоўных, уключаных у базу «дармаедаў».

Фота са светлагорская раёнкі

Фота са светлагорская раёнкі

Колькасць уражвае: у базе звестак «працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы», знаходзіцца больш за 9 тысяч светлагорцаў, паведаміла газета райвыканкама «Светлагорскія навіны».

Як падлічыў «Флагшток» паводле звестак з адкрытых крыніц, кожны пяты жыхар раёна працаздольнага ўзросту (больш за 21%) прызнаны «дармаедам». Усяго ў раёне пражываюць 75,8 тыс. чалавек, з іх 53,6 % (дадзеныя за 2018 год) знаходзяцца ў працаздольным узросце — гэта каля 41 тысячы чалавек.

З агаворкай, што сярод іх ёсць тыя, хто не працуе па «ўважлівай» прычыне — напрыклад, інваліднасць, дэкрэтны адпачынак. Гэта значыць, адсотак «дармаедаў» сярод рэальна працаздольных — яшчэ вышэйшы. Тым больш калі браць пад увагу старэнне насельніцтва (праз шэсць гадоў дадзеныя відавочна змяніліся — людзей у працаздольным узросце стала менш).

Пры гэтым усяго год таму — у лістападзе 2023 года — газета Светлагорскага райвыканкама пісала пра тое, што ў раёне «грамадзян, не занятых у эканоміцы, каля 1,5 тысяч, у поўным аб'ёме аплачваюць гарачае водазабеспячэнне і цеплазабеспячэнне». Верагодна, у цэлым у базе «дармаедаў» на той момант было больш грамадзян, але аплачваць камунальныя паслугі па поўнай абавязваюць толькі ўласнікаў жылля.


Глядзіце таксама

Колькасць людзей, прызнаных уладамі «не занятымі ў эканоміцы», істотна ўзрасла пасля новых пастаноў лукашэнкаўскага ўрада. Да прыкладу, у базу сталі ўключаць індывідуальных прадпрымальнікаў, якія не выплачваюць падаходны або адзіны падатак. Таксама да «дармаедаў» сталі адносіць уладальнікаў асабістых падворкаў і фермерскіх гаспадарак, рамеснікаў, калі яны з'язджаюць з Беларусі больш чым на 30 дзён у квартал.

І наогул усіх грамадзян, якія з'язджаюць з краіны больш чым на 30 дзён у квартал, аднеслі да «дармаедаў». Выключэнне — людзі, якія працуюць па працоўным дагаворы або навучэнцы ў краінах ЕАЭС.

У Светлагорску зрабілі справаздачу аб тым, як спрабуюць уладкоўваць на працу «незанятых у эканоміцы». Камісія па садзейнічанні ў працаўладкаванні разгледзела ў 2024 годзе справы 118 «дармаедаў», але ўладкаваць на працу змаглі толькі 39 чалавек.

У райвыканкаме падкрэсліваюць, што колькасць вакансій перавышае попыт, але чаму ў рэальнасці знайсці прыстойную працу цяжка.