Крызіс ідэй і персаналій
Апазіцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты заклікаюць людзей прыйсці 24 лістапада, у гадавіну рэферэндуму 1996 года, на Кастрычніцкую плошчу ў Мінску на сустрэчу з імі. Гэта акцыя-сустрэча, па задуме палітыкаў, мусіць быць рэпетыцыяй падзей пасля прэзідэнцкіх выбараў у снежні. Але за пяць тыдняў да выбараў усё яшчэ не зразумела, за каго і пад чыімі лозунгамі людзі мусяць выходзіць на вулічныя акцыі пратэсту.
Апазіцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты заклікаюць людзей прыйсці 24 лістапада, у гадавіну рэферэндуму 1996 года, на Кастрычніцкую плошчу ў Мінску на сустрэчу з імі. Гэта акцыя-сустрэча, па
задуме палітыкаў, мусіць быць рэпетыцыяй падзей пасля прэзідэнцкіх выбараў у снежні. Але за пяць тыдняў да выбараў усё яшчэ не зразумела, за каго і пад чыімі лозунгамі людзі мусяць выходзіць на
вулічныя акцыі пратэсту.
Многія палітыкі і палітолагі звязваюць магчымыя перамены ў краіне з сакральным словам «Плошча». Выказваюцца здагадкі-прагнозы, што толькі праз вулічныя акцыі пратэсту можна
дасягнуць пэўнага выніку, толькі на Плошчы ёсць магчымасць весці перамовы з уладамі, ёсць шанец заявіць пра сябе. Да дня «Х» засталося менш месяца, але пакуль ніхто не даў уцямны
адказ, якой бачыцца гэтая акцыя «мірнага пратэсту» і да чаго ў выніку яна мусіць прывесці.
«Пакуль што на Плошчу мэтанакіравана працуе толькі адзін суб’ект, адна асоба — Аляксандр Лукашэнка. Калі адкінуць яго дэкларацыі, то ён сваімі дзеяннямі — што было
зроблена пры фармаванні ўчастковых камісій, ініцыятыўных груп — стварае матывацыю выйсці на Плошчу. То ў нас прапанова — давайце дапаможам Аляксандру Лукашэнку»,
— выказвацца лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька на тэму падрыхтоўкі вулічных акцый.
Апазіцыйныя палітыкі прызнаюць, што галоўная ідэя Плошчы дагэтуль да канца не сфармуляваная, а акцыі 24 лістапада першапачаткова планаваліся як рэакцыя на нерэгістрацыю альтэрнатыўных Лукашэнку
кандыдатаў. Але ўжо цяпер тактыка паводзінаў уладаў ломіць выбудаваныя планы апазіцыі, кандыдатаў хутчэй за ўсё зарэгіструюць па максімуму. Акцыі пратэсту 2006 года натхняюць на вулічную палітыку і
цяпер, але ўмовы крыху змяніліся. Рамка абмежаванняў прыспушчаная, і атрымліваецца, што праблема выяўляецца не ў забароне дзейнасці, а ў яе сутнасці.
Кандыдат ад Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі абяцае, што сёлета пратэст будзе адрознівацца ад акцый 2006 года найперш тым, што ўсё будзе арганізавана, а не хаатычна.
«Плошча — гэта арганізаваны пратэст грамадзян Беларусі супраць несправядлівасці, якая творыцца ў краіне. Я нагадаю, што права на пратэст, забастоўку мае кожны народ. Плошча ў
Беларусі — арганізаваны пратэст супраць фальсіфікацый. Дакладны сцэнар Плошчы будзе сыходзіць ад таго, колькі людзей выйдзе на Плошчу, на што яны будуць гатовыя. Самы аптымістычны сцэнар
— нацыянальны страйк, нацыянальная забастоўка. Адрозненне ад 2006 года — тады гэта быў неарганізаваны пратэст смелых, мужных людзей, якія не ўваходзілі ў апазіцыйныя палітычныя
партыі, грамадскія аб’яднанні», — дзеліцца рамантычнымі ідэямі малады палітык.
Апроч крызісу ідэй беларуская апазіцыя ў перадвыбарчы час перажывае і крызіс лідэрства. Лідэраў шмат, але вакол каго ўрэшце прапануецца згуртавацца народу — не зразумела. Палітыкі настойліва
паўтараюць слова-заклінанне «адзіны кандыдат», але пакуль ніхто не падаў прыкладу набліжэння да «адзінага». «Пасядзіш з некаторымі кандыдатамі, то ў
паветры носіцца: «Што я буду дамаўляцца зараз? Гэта ж небяспечна — адзін па вуліцах водзіць, у другога грошы ёсць, гэтага могуць не зарэгістраваць, от тады я буду
наперадзе».
Мы даём магчымасць Лукашэнку выбіраць сабе саперніка. Калі б у нас быў «адзіны», то такой магчымасці ён не меў бы», — разважае патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты,
сацыял-дэмакрат Мікола Статкевіч. Агулам падобна на тое, што ні часу, ні палітычнай волі ў апазіцыі для вылучэння «адзінага» ўжо няма, і можна спадзявацца хіба што на прыняцце
адзінай праграмы, стратэгіі паводзінаў. «Адзіны кандыдат — гэта не адзінаства апазіцыі. Гэта не значыць, што ўсе, хто ўзяў на сябе ролю лідэраў, стануць адзінымі шэрагамі і да скону
будуць разам. Гэта азначае прыняцце рашэння адным чалавекам у адказны момант, у адказным месцы», — тлумачыць спрошчаны варыянт адзінства лідэр кампаніі «Гавары
праўду!» Уладзімір Някляеў.
Кіраўнік перадвыбарчага штабу кандыдата Яраслава Раманчука і лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька гаворыць пра перамовы паміж апазіцыяй і ўладамі (праўда, тэма гэтых
перамоў пакуль не зразумелая) і выказвае ідэю, што адзіны кандыдат цяпер ужо бессэнсоўны.
«Якая наша галоўная задача: сабраць n-ую колькасць людзей 24 лістапада ці 19 снежня, або яна крыху іншая? Як задача максімум — перамога, як задача мінімум — пачатак
перамоўнага працэсу паміж уладамі і апазіцыяй пры пасярэдніцтве адказных міжнародных арганізацый. Усё астатняе — інструменты, у тым ліку і адзіны кандыдат. Я на сённяшні дзень
з’яўляюся паслядоўным прыхільнікам адзінага кандыдата, але не перакананы, што ён дапаможа рэалізаваць тыя метады і задачы, якія я агучыў», — зазначае палітык.
Урэшце, ён увогуле прапанаваў спыніць спекуляцыі на тэме «адзінага»: «У мяне прапанова для калег — закрыць тэму адзінага кандыдата да таго часу, пакуль у нас не
будзе што рэальнае сказаць журналістам. Хопіць ужо агітаваць на гэту тэму ад прэс-канферэнцыі да прэс-канферэнцыі».
У стане апазіцыі ўжо назіраецца і драбленне на кааліцыі па інтарэсах, рэзкае непрыняцце праграмных ідэй калег па палітычнаму цэху, і, адпаведна, адмова бачыць тых ці іншых асобаў у ролі
«адзіных». Адным словам — крызіс, ад ідэй да персаналій.
------------------------------------------------------------------------------------------
Нашу калегу Вольгу Хвоін напаткала няшчасце. Заўчасна пайшла з жыцця яе маці. Шчырыя спачуванні табе, Волечка, мы побач...