Крызіс — не заўжды кепска

Мэнэджар праграмы «Міжнароднае права ў праваабарончай дзейнасці» Фонду Дамоў правоў чалавека Людміла Ульяшына жыве і працуе ў Нарвегіі. У 1990-я яна з’ехала з мужам-навукоўцам з Беларусі, але краіна не стала для яе чужой і далёкай. Людміла супрацоўнічае з праваабаронцамі, журналістамі, адсочвае падзеі ў Беларусі. «Заклікаць людзей «не бойцеся!» з майго боку было б не зусім справядліва, — заўважыла Людміла ў размове з журналістам «НЧ» Вольгай Хвоін. — Але ёсць стойкае адчуванне калапсу ў грамадстве.



2192890582189ff58ddbb2b79900f246.JPG

Мэнэджар праграмы «Міжнароднае права ў праваабарончай дзейнасці» Фонду Дамоў правоў чалавека Людміла Ульяшына жыве і працуе ў Нарвегіі. У 1990-я яна з’ехала з мужам-навукоўцам з Беларусі, але краіна не стала для яе чужой і далёкай. Людміла супрацоўнічае з праваабаронцамі, журналістамі, адсочвае падзеі ў Беларусі. «Заклікаць людзей «не бойцеся!» з майго боку было б не зусім справядліва, — заўважыла Людміла ў размове з журналістам «НЧ» Вольгай Хвоін. — Але ёсць стойкае адчуванне калапсу ў грамадстве. І дзе выхад, я не ведаю».
— Ці трэба ў адказ на ўдар падстаўляць другую шчаку, або ў гвалтоўным супраціве ўсё ж ёсць сэнс?
— Гэта філасофскае пытанне, якое мае мноства аспектаў. Зразумела, не ўсякі гвалт магчыма пераадолець мірным шляхам. Ва ўмовах тыраніі народ мае права на адкрыты пратэст, і кожны тыран гэта мусіць разумець. Але, калі заходзіць размова аб развіцці грамадства, я думаю, што гэта мусіць быць эвалюцыя, а не рэвалюцыя. Пасля развалу Савецкага саюза не маглі быць хутка створаныя новыя дэмакратычныя інстытуты. Адпаведна, працавалі ці па старой мадэлі, ці пераблыталі дэмакратыю з усёдазволенасцю. І хваля пратэстаў у Грузіі, Кыргызстане, ва Украіне, калі людзі стаміліся ад адсутнасці кіравання, выходзілі на вуліцы са спадзевам, што яно назаўтра адновіцца, мела правал. У Беларусі наадварот: ёсць кіраванне, але абсалютна няма дэмакратыі.
— Як вы ацэньваеце ўзровень праваабарончага руху ў Беларусі?
— Аб праваабаронцах я даведалася, калі працавала адвакатам. Тады іх прадстаўлялі як напаўпісьменных людзей, якія зараблялі грошы на цёмных кліентах, не плацілі падаткі і шкодзілі як насельніцтву, так і дзяржаве. Прайшло шмат часу, перш чым я даведалася, што статус праваабаронцы можа мець кожны, хто ведае міжнародныя прававыя інструменты і ўніверсальныя стандарты ў галіне правоў чалавека, мае права прасоўваць гэтыя стандарты і ажыццяўляць абарону правоў іншых людзей, у тым ліку праз суд. Насамрэч, аказанне юрыдычных паслуг на прафесійнай аснове патрабуе ліцэнзавання. Калі праваабаронца ўваходзіць у прафесійную дзейнасць адваката, то трэба размяжоўваць паняткі асабістых правоў і не перасякацца з прыватнымі інтарэсамі людзей, бо гэта якраз поле дзейнасці адвакатаў. На мой погляд, у Беларусі сфармавалася сур’ёзная праваабарончая сетка людзей, якія не парушаюць нацыянальнае заканадаўства, але іх дзейнасць назаляе ўладам. Праваабарончы рух Беларусі больш прафесійны і аб’яднаны, чым у многіх іншых краінах. Да ўсяго, праваабаронцы навучыліся ўзгадняць сваю дзейнасць з адвакацкай, і на такім узроўні ёсць добрае поле для супрацоўніцтва гэтых супольнасцяў.
— У Нарвегіі шараговы грамадзянін разбіраецца, як працуюць міжнародныя інструменты абароны правоў чалавека?
— Як правіла, людзі ўсё ж мала цікавяцца сваімі грамадзянскімі правамі, тым больш у краіне, дзе з гэтымі правамі няма праблем. Савет Еўропы цяпер уводзіць праграму па вывучэнні правоў чалавека, пачынаючы з дашкольнага ўзросту. Думаю, нарвежскаму грамадству, як і беларускаму, у гэтым рэчышчы трэба многае зрабіць. У Нарвегіі ёсць праблемы ў тых, хто просіць прытулак. Часам працэдуры ігнаруюцца і разгляд справы адмыслова прызначаецца на канікулы, калі адвакатаў няма на месцы, пасля чаго можна хутка выслаць чалавека. Часам, нягледзячы на тое, што яму там пагражаюць катаванні, а гэта з’яўляецца неаспрэчнай падставай для таго, каб пакінуць чалавека ў краіне. Такая сітуацыя часта здараецца з бежанцамі з Чачні.
— З якіх краін найбольш людзей прыязджае ў Нарвегію?
— Найбольшая квота ААН па краінах Афрыкі, многа бежанцаў са Шры-Ланка, Пакістану. Для маленькай Нарвегіі любая сотня прышлых людзей, якія потым перацягнуць сваіх родзічаў, істотна змяняе этнічны склад грамадства, культурны асяродак. Таму дзяржава не гатовая гарантаваць усім тыя ж працэдуры, што забяспечваюцца нарвежскім грамадзянам.
— Цяпер узмацніліся эмігранцкія настроі ў Беларусі. Што нясе эміграцыя, калі няма пагрозы жыццю, але ёсць падставы змяніць краіну ў пошуках лепшай долі?
— Эміграцыя — гэта цяжкая праца і сумнае жыццё, у любым выпадку. Асабліва калі ты імігруеш дарослым. У новай краіне ты мусіш заводзіць новыя адносіны, сяброў. Ратуе любімая праца, абавязак перад сям’ёй, краінай. Канешне, многае залежыць і ад таго, як чалавек ставіцца да пераезду.
— Вы выказвалі думку, што сёння ў Беларусі — крызіс. Што вы мелі на ўвазе?
— Тое, што здарылася 19 снежня, падобнае на моцную, прыніжальную поўху, пасля якой чалавек замёр у стане ступару, неразумення, што рабіць далей, бо небяспечна і так, і гэтак. Арышты, ператрусы, збіццё закранулі многіх. Гэта распаўзлося па грамадству як зараза, што выклікала канфрантацыю. Восенню людзі, з якімі я сустракалася, былі поўныя ідэяў і памкненняў паспрабаваць новае. Цяпер няма ні ініцыятыў, ні жадання нешта рабіць. Гэта крызіс. У медыцыне крызіс — не заўжды кепска, бо пасля яго можа быць як смерць, так і выздараўленне.