«Кроў за кроў» vs права на жыццё. Што вырашыць Вярхоўны Суд?

18 кастрычніка калегія па крымінальных справах Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь разгледзела касацыйную скаргу асуджанага да смяротнага пакарання Аляксандра Грунова на прысуд Гомельскага абласнога суда ад 14 чэрвеня 2013 года.



vs_rb_1_.jpg

Аляксандр Груноў быў ​​прысуджаны да расстрэлу на падставе п.6 ч.2 артыкула 139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Падчас паседжання, дзе прысутнічалі актывісты кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі", калегія суддзяў Вярхоўнага Суда выслухала ўсе бакі. Маці забітай дзяўчыны і прадстаўнік Генеральнай пракуратуры выступілі за захаванне смяротнага прысуду для Аляксандра Грунова. Сам асуджаны, прызнаючы сваю віну, выказаў нязгоду з кваліфікацыяй яго злачынства, паўплываўшай на прызначанае яму пакаранне, і сказаў, што ў яго не было намеру на забойства «з асаблівай жорсткасцю».

Бок абароны звярнуў увагу суда на тое, што «менавіта паказанні Грунова былі пакладзены ў аснову такога суровага прысуду», але суд першай інстанцыі пры гэтым не прыняў яго чыстасардэчнае прызнанне ў здзяйсненні злачынства, яго яўку з павіннай і добраахвотнае супрацоўніцтва са следствам у якасці змякчальных віну абставінаў.

Абараняючы права на жыццё, замацаванае ў арт.24 Канстытуцыі РБ і арт.6 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП), адвакат Сяргей Красноў падкрэсліў, што крымінальнае заканадаўства Беларусі прадугледжвае, акрамя смяротнага пакарання, і іншыя меры пакарання — пазбаўленне волі на тэрмін ад васьмі да дваццаці пяці гадоў або пажыццёвае зняволенне.

Абаронца, спасылаючыся на нормы міжнароднага права і звязаныя з імі нормы нацыянальнага заканадаўства, прадставіў судовай калегіі шэраг парушэнняў, якія знайшлі сваё адлюстраванне ў матэрыялах крымінальнай справы, на якія суд першай інстанцыі не звярнуў увагі.

У прыватнасці, адвакат сказаў пра парушэнне прэзумпцыі невінаватасці ў дачыненні да яго падабароннага (арт. 26 Канстытуцыі РБ і п.2 арт.14 МПГПП), парушэнне прынцыпу роўнай абароны і спаборнасці судовага працэсу (арт.22 Канстытуцыі РБ і арт.24 КПК РБ), адзначыў наяўнасць супярэчнасцяў, звязаных з псіхолага-псіхіятрычнай экспертызай стану здароўя Грунова.

«Вынясенне вышэйшай меры пакарання — смяротнай кары на падставе чыстасардэчнага прызнання, яўкі з пакаяннем і супрацоўніцтва са следствам з боку Аляксандра Грунова пры незахаванні з боку следства яго права мець абаронцу, прызнанне з боку суда першай інстанцыі Грунова ў стане свядомасці пры наяўнасці вышэйпералічаных супярэчнасцяў экспертызы і паказанняў сведак аб фактычным стане яго здароўя ўяўляе сабой парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва справы кампетэнтным, незалежным і неперадузятым судом...», — сказаў прадстаўнік абароны.

Ён указаў на яшчэ адзін момант, які меў месца адразу пасля вынясення прысуду, і на які, паводле яго слоў, ніхто не звяртае ўвагу: «Калі прысуд судовай калегіі Гомельскага абласнога суда яшчэ не ўступіў у законную сілу, Груноў ужо ўтрымліваўся ў адзіночнай камеры для смяротнікаў у ІЧУ УУС Гомельскага аблвыканкама, дзе быў вымушаны насіць вопратку з надпісам на спіне «ИМН» (з рускай мовы — выключная мера пакарання), гэта значыць «смяротнае пакаранне», такім чынам, ён зведваў такое абыходжанне, як быццам зыход справы і яго лёс былі ўжо прадвызначаныя...»

Адвакат Сяргей Красноў заклікаў калегію суддзяў: «... каб, калі будзеце прымаць канчатковае рашэнне, кіраваліся толькі законам, а не эмоцыямі. Прынцып Таліёна «кроў за кроў» адышоў у старажытнасць».

Якім будзе рашэнне Вярхоўнага Суда па справе Аляксандра Грунова, стане вядома 22 кастрычніка.

 
spring96.org