Ксёндз Юрый Барок. Зміцер Дашкевіч. Ісус Хрыстос

Ксёндз Юрый Барок

Ксёндз Юрый Барок
Ксёндз Юры Барок з мястэчка Глыбокае Віцебскай вобласці патрапіў пад прэс ідэалагічнай машыны за арганізацыю сустрэчаў з прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі. У прыватнасці мясцовае кіраўніцтва не задаволена тым, што святар арганізаваў сустрэчы жыхароў мястэчка з рэдактарам часопіса «ARCHE» Валерам Булгакавым, кіраўніком газеты «Наша Ніва» Андрэем Дыньком, зладзіў прэзентацыю перакладзенай на беларускую мову дзіцячай кніжкі «Віня-Пых».
«Уся гісторыя распачалася яшчэ ў лістападзе мінулага года. У Дзень памінання продкаў, я маліўся на глыбоцкіх могілках за памерлых, а таксама за ахвяраў фашызму і камунізму, за ўсіх ахвяраў несправядлівасці мінулых часоў, — цытуе прэс-служба аргкамітэта Беларускай хрысціянскай дэмакратыі словы ксяндза. — Праз некалькі дзён мяне выклікаў глыбоцкі ідэолаг Міхаіл Чарапкоўскі. Ён мяне абвінаваціў у скажэнні гісторыі, бо, на ягоную думку, нельга ставіць на адзін узровень ахвяраў фашызму і камунізму. Чыноўнік заявіў, што не варта нават казаць пра загінулых ад камуністычнай ідэалогіі, бо насамрэч нічога такога і не было. Я ў адказ заявіў, што ў мяне ёсць свае меркаванні на гэты конт — і нішто мне не замінае па-свойму трактаваць гэтыя падзеі. На гэтым мы тады і разышліся». Калі малітвы ксяндзу даравалі, то шчыраванне на культурнай ніве — не. У аблвыканкам выклікалі канцлера, дзе паведамілі, што абласны аддзел ідэалогіі атрымаў паперу з адпаведных структур з Мінску, таму варта прыняць меры ў адносінах да Юрыя Барка і яго дзейнасці. Калі ж ксёндз не перастане ладзіць культурніцкія сустрэчы, дзяржава ўжыве іншыя рычагі ўздзеяння на святара.
Зміцер Дашкевіч
Кіраўнік зарэгістраванай у Чэхіі грамадскай арганізацыі «Малады Фронт» Зміцер Дашкевіч на гэтым тыдні вылучыўся публічна агучанай пазіцыяй нонканфармізму. Моладзевы актывіст паведаміў, што 14 мая ў Мінску плануецца правесці «Марш за незалежнасць», прымеркаваны да чарговых угодкаў рэферэндуму 1995 года, калі герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг былі замененыя на сучасныя. Заяўку на правядзенне шэсця ад Кастрычніцкай да плошчы Незалежнасці арганізатары падаваць не будуць прынцыпова, бо не вераць, што атрымаюць дазвол.
Улада даўно манапалізавала цэнтр сталіцы для правядзення вулічных акцый, адвёўшы апазіцыі плошчу Бангалор падалей ад адміністрацыйных будынкаў, дзе засядаюць чыноўнікі, і ад шырокай грамадскасці. Звычайна спробы правесці масавыя акцыі на Кастрычніцкай плошчы маюць даволі спантанны характар (найбольш масавыя — мітынг пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года, мітынг і невялікае шэсце мінулай восенню пасля выбараў у «палатку», акцыі прадпрымальнікаў) і заканчваюцца разгонам ці выцясненнем дэманстрантаў з цэнтра горада.
Чым скончыцца незаяўлены Марш за незалежнасць, спрагназаваць цяжка, бо акурат у маі ў Чэхіі мае адбыцца саміт «Усходняга партнёрства» і кіраўніцтва краіны дужа зацікаўлена захаваць «добрую міну пры кепскай гульні».
Ісус Хрыстос
Бадай, самай значнай фігурай гэтага тыдня не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі з’яўляецца Ісус Хрыстос: на мінулых выходных яго ўваскрашэнне адзначалі каталікі і пратэстанты ўсяго свету, на гэтых — Вялікдзень у праваслаўных.
І хаця, паводле нядаўняга даследавання цэнтра Gallup, толькі 27 працэнтаў нашых суграмадзян прызналі, што рэлігія займае важнае месца ў іх жыцці, агульная колькасць вернікаў у краіне перавышае 50 працэнтаў. Беларусы не такія набожныя як, напрыклад, палякі, і нават трапілі ў лік адзінаццаці з найбольш няверуючых краінаў. «Як трывога — тады да Бога», — кажуць у народзе, што сведчыць пра сціпласць беларусаў і нежаданне надакучваць Усявышняму будзённасцю, хіба толькі ў святы шырыцца плынь вернікаў да касцёлаў і цэркваў. І тут варта нагадаць словы мітрапаліта Кандрусевіча, што на Каляды і Вялікдзень галоўнае не атрыбуты — ялінкі і фарбаваныя яйкі, але найперш духоўная падрыхтоўка.
Падрыхтавала Вольга Хвоін