Курапаты: закон пра дарогі супраць закона аб ахове помнікаў?
Пачаліся карныя захады за ўсталяванне Курапацкіх крыжоў. Сталічнае камунальнае дарожнае прадпрыемства здзяйсняе пакаранні актывістаў Варты абароны Курапатаў і афіцыйна пагражае знішчыць усталяваныя крыжы на паўночнай частцы перымэтру гісторыка-культурнай каштоўнасці да 31 кастрычніка 2018 года.
Генеральны дырэктар КУП «Мінскаблдарбуд» Дзяніс Сцяпанаў 29 кастрычніка 2018 года згодна з пастановай паводле справы пра адміністратыўнае правапарушэнне, прадугледжанае арт. 18.35 КаАП РБ, ухваліў спагнанне штрафу з актывіста Варты абароны Курапатаў Валера Рабцава ў памеры двух базавых велічыняў (49 руб.).
У пратаколе пра адміністратыўнае парушэнне зазначана, што 28 верасня 2018 года ў паласе адводу на 15 км аўтадарогі Заслаўе-Калодзішчы (Н-9031) Валер Рабцаў разам са Змітром Дашкевічам і іншымі выконваў працы па самавольнаму ўсталяванню 13 крыжоў без неабходных узгадненняў, праз што парушыў арт. 38 Закону РБ ад 02.12.1994 «Аб аўтамабільных дарогах і дарожнай дзейнасці».
Характэрна, што Вячаслаў Уразбаеў, інжынер бяспекі руху філіі КУП «Мінскаблдарбуд» «ДРБУ №735», склаў гэты пратакол толькі 12 кастрычніка — праз паўмесяцы пасля ўсталявання крыжоў.
У тэрмін да 31.10.2018 г. КУП «Мінскаблдарбуд» патрабуе дэмантаваць усталяваныя 13 крыжоў побач з аўтадарогай Заслаўе-Калодзішчы і прывесці гэтую тэрыторыю ў першапачатковы выгляд. У разе невыканання пазначаных патрабаванняў прадпрыемства пагражае здзейсніць дэмантаж крыжоў самастойна або з прыцягненьнем трэціх асобаў з аднясеннем стратаў на рахунак прыцягнутых да адказнасці за іх усталяванне.
У прэтэнзіі прадпрыемства да Валера Рабцава пазначана, што праз ўсталяванне крыжоў пашкоджаная маёмасць КУП «Мінскаблдарбуд» як уласніка аўтадарогі Заслаўе-Калодзішчы, таксама пададзены і каштарыс дэмантажу крыжоў — 733,70 руб. Зроблена аднак заўвага, што канчатковая сума дэмантажу і аднаўлення будзе вызначаная толькі пасля іх правядзення.
«Адбываецца адкрытая спроба легалізаваць знішчэнне Народнага мемарыялу Курапаты. Я абавязкова буду абскарджваць пастанову, каб адтэрмінаваць дзеянні камунальных службаў па дэмантажу крыжоў, на якія народнымі высілкамі былі сабраныя больш за 5000 долараў. Калі прэцэдэнт з дэмантажом крыжоў адбудзецца, то, хутчэй за ўсё, гэтыя дзеянні пашыраць на ўсю тэрыторыю Народнага мемарыялу», — зазначыў абаронца Курапатаў Валер Рабцаў.
Сваю ацэнку ў каментары «Новаму Часу» зрабіў і адказны сакратар Управы Сойму КХП-БНФ і кіраўнік грамадскай дырэкцыі Народнага мэмарыялу Курапаты Алесь Чахольскі:
«Палезлі ў Курапаты і жук і жаба. Паводле ухваленай пастановы Міністэрства культуры РБ №70 з 01.12.2014 года (якая легалізавала незаконнае змяншэнне ахоўнай зоны, з якой быў цалкам выведзены сумнавядомы рэстарацыйна-забаўляльны комплекс «Поедем поедим» — заўв. аўт.), у ахоўную зону мемарыялу Курапаты цалкам трапляе адцінак аўтадарогі Заслаўе-Калодзішчы. Пункты 9 і 13 гэтай Пастановы надаюць права выканання працаў, што да увечнення памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій. Усталяванне крыжоў гэтаму цалкам адпавядае.
Гісторыка-культурная каштоўнасць першай катэгорыі «Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсіяў (1930-1940-я гады) ва ўрочышчы Курапаты» з’яўляецца тэрыторыяй асаблівага дзяржрэгулявання, на якой дзейнічае абсалютна іншае заканадаўства. Цалкам мажліва, службовыя асобы КУП «Мінскаблдарбуд» перавысілі свае паўнамоцтвы і іх дзеянні могуць мець азнакі здзяйснення службовых злачынстваў. Павінна быць здзейсненая адпаведная праверка пракуратуры і Следчага камітэту. Закон пра ахову гісторыка-культурнай спадчыны павінен мець прэрагатыву над законам «Аб аўтамабільных дарогах і дарожнай дзейнасці».
На мітынгу у Курапатах я агучыў вельмі слушныя словы Зянона Пазьняка, што рэжымная бюракратыя хоча захапіць Народны Мемарыял і пазбавіць народ яго волі, што чынавенства ў падрэжымнай Беларусі — гэта ворагі Беларускага народу, якія, як саранча, што не вытравіш ані дустам, ані карбафорсам, а туды ж, куды дапнуць падрэжымныя чыноўнікі, там усё мярцвее і абарочваецца супраць людзей».
Трэба асабліва зазначыць, што пад час мітынгу ўшанавання памяці продкаў «Дзяды» 28 кастрычніка 2018 года ў Народным мемарыяле Курапаты Алесь Чахольскі акцэнтаваў увагу на існаванне пагрозы знішчэння ўсталяваных крыжоў. Ён заклікае звяртацца ў Міністэрства культуры і патрабаваць выканання ўхваленых гэтым ведамствам уласных жа нарматыўна-прававых актаў. Апроч гэтага ён зазначае, што ўсталяванне крыжовага перымэтру ёсць элемэнтам мастацкай агароджы і цалкам адпавядае заканадаўству.
Як бачым, пагроза знішчэння курапацкіх крыжоў пацьвердзілася дакумантальна. Яна выразна артыкуляваная і акрэсленая ў часе. Цалкам мажліва, ужо 31 кастрычніка або ў наступныя дні можа адбыцца спроба іх дэмантажу камунальнымі службамі, якіх вырашылі актыўна задзейнічаць дзеля спробаў знішчэння Народнага мемарыялу. Неабходна аператыўнае падмацаванне дабраахвотнікамі Варты абароны Курапатаў і значнае ўзмацненне грамадскага кантролю.